Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭ́ХА,

акустычная ці эл.-магн. хваля, што адбіваецца ад якой-н. перашкоды і рэгіструецца прыёмнікам ці назіральнікам Гукавое Р. (пошчак) распазнаецца на слых, калі інтэрвал паміж пасланым і прынятым сігналамі 50—60 мс і больш. Для некаторых жывёл (напр., кажаны, дэльфіны, кіты) Р. — сродак арыенціроўкі і пошуку здабычы. Эл.-магн. Р. выкарыстоўваецца, напр., у радыёлакацыі, далёкай радыёсувязі на кароткіх хвалях; акустычнае — у гідралакацыі, ультрагукавой дэфектаскапіі.

т. 14, с. 34

РЭХАВЕ́РШ,

верш, у якім сумежныя радкі зарыфмаваны рэхарыфмай. Няцотныя радкі ў ім звычайна доўгія, а цотныя — кароткія, з адна- ці двухскладовых слоў. Прыклад — жартоўны Р. «Цімох» А.​Русака:

Як правёў мяне Цімох,
 Ох, ох!
Было цёмна на дварох,
 Ох, ох!
«Ну, Цімошка, дык бывай»,
 Ай, ай!
А ён кажа: «Пачакай»,
 Ай, ай!

В.​П.​Рагойша.

т. 14, с. 34

РЭХАЛО́Т (ад рэха + лот),

гідраакустычная прылада для вымярэння глыбіні вадаёма ці глыбіні апускання ў ваду якіх-н. цел. Дзеянне Р. заснавана на вымярэнні часу праходжання ультрагуку ад днішча судна, дзе знаходзяцца выпрамяняльнік і прыёмнік сігналаў, да дна (цела) і назад. Выкарыстоўваюць у суднаходстве, рыбалоўстве і інш. Таксама Р. — прылада для вымярэння глыбіні ўзроўню ў буравой свідравіне, па якім вызначаецца ціск на забой слупа вадкасці. Засн. на вымярэнні часу праходжання гуку ад вусця свідравіны да ўзроўню вадкасці і назад.

Схема суднавага рэхалота: 1 — дыск са шкалой глыбінь; 2 — электрарухавік; 3 — генератар ультрагукавой частаты; 4 — гідраакустычны выпрамяняльнік; 5 — гідраакустычны прыёмнік; 6 — узмацняльнік сігналаў.

т. 14, с. 34

«РЭ́ХА НА ПАЛЕ́ССІ»,

гл. Пціцкая аперацыя 1942.

т. 14, с. 34