Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭ́УТ (Газдава-Рэут) Вінцэнты

(Вікенцій Уладзіслававіч; 1812? — не пазней 1883),

польскі і бел. пісьменнік; прадстаўнік рамантызму. Жыў у маёнтку Мосар у Полацкім пав. У 1827—34 чыноўнік у Віцебску. У 1839—42 полацкі павятовы прадвадзіцель дваранства (маршалак). Друкаваўся ў альманахах «Niezabudka» («Незабудка»), «Rocznik literacki» («Літаратурны штогоднік»), «Rubon» («Рубон»), Збіраў і публікаваў бел. фальклор, шырока выкарыстаў яго ў вершаванай аповесці «Жонка» (1844). У паэме «Летуценнік» (1849) выказаў сімпатыі да вызв. барацьбы грэч. народа. У публіцыст. артыкулах заклікаў развіваць на Беларусі прамысловасць. Прыхільна ставіўся да паўстання 1863—64, прыцягваўся да следства, быў пад наглядам паліцыі. Зрабіў запіс у «Альбоме» А.​І.​Вярыгі-Дарэўскага. У пісьме да І.​Легатовіча расказаў пра сувязі беларусаў, якія жылі ў Пецярбургу, з Т.​Шаўчэнкам.

Літ.:

Зямкевіч Р. Тарас Шаўчэнка і беларусы // Тарас Шаўчэнка і беларуская літаратура. Мн., 1964;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971;

Яго ж. Радаводнае дрэва. Мн., 1994;

Пачынальнікі. Мн., 1977;

IngIot M. Polskie czasopisma literackie ziem litewsko-mskich w latach 1832—1851. Warszawa, 1966.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 14, с. 29

РЭ́УТАЎ (Алег Аляксандравіч) (н. 5.9.1920, г. Макееўка Данецкай вобл., Украіна),

расійскі хімік-арганік. Акад. Рас. АН (1964, чл.-кар. 1958). Скончыў Маскоўскі ун-т (1941), дзе і працуе з 1945 (з 1954 праф.), адначасова з 1962 у Ін-це элементаарган. злучэнняў Рас. АН. Навук. працы па хіміі металаарган. злучэнняў, даследаванні механізмаў гомалітычных і электрафільных рэакцый. Распрацаваў шэраг новых метадаў сінтэзу элементаарган. злучэнняў пры дапамозе оніевых злучэнняў (1951—65), агульны метад сінтэзу плаціна- і паладыйарган. злучэнняў узаемадзеяннем комплексаў гэтых металаў з ртуцьарган. злучэннямі. Стварыў высокаэфектыўны дэзінфекцыйны прэпарат дыяцыд. Адкрыў з’яву транс-умацавання сувязей у каардынацыйных злучэннях пераходных металаў (1974). Ленінская прэмія 1984.

Тв.:

Механизмы реакций металлоорганических соединений. М., 1972 (разам з І.​П.​Бялецкай, В.​І.​Сакаловым).

Літ.:

О.​А.​Реутов. М., 1970.

А.А.Рэутаў.

т. 14, с. 29

РЭУТЫЛІЗА́ЦЫЯ (ад рэ... + франц. utilisation ад лац. utilis карысны),

паўторнае выкарыстанне раслінамі мінер. і нізкамалекулярных арган. рэчываў з аджылых і назапашвальных органаў у выніку іх транспарціроўкі па сітавідных трубках флаэмы да маладых растучых органаў. У працэсе Р. ўдзельнічаюць пераважна вугляводы і амінакіслоты (атрымліваюцца ў выніку распаду поліцукрыдаў і бялкоў) і элементы мінер. жыўлення (акрамя кальцыю і бору). У аднагадовых раслін Р. асабліва інтэнсіўна ідзе на позніх этапах антагенезу, пры выспяванні пладоў і насення. У шматгадовых раслін пластычныя рэчывы адцякаюць з лісця ў назапашвальныя органы (клубні, карані, сцёблы) перад лістападам, іх Р. пачынаецца пры руху сокаў наступнай вясной. Здольнасць расліны да Р. пэўнага мінер. элемента вызначаецца пры выключэнні яго з пажыўнай сумесі. Пры недахопе азоту, фосфару, калію, магнію раней пашкоджваецца старое лісце (высокая здольнасць да Р.); пры недахопе кальцыю, бору, жалеза, серы, марганцу, якія практычна не здольны да Р., пашкоджваюцца маладыя органы. Працэсы Р. выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, напр., для паскарэння выспявання каробачак бавоўніку і інш.

т. 14, с. 29

РЭ́УЦКІ (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 27.8.1937, ст. Звеннявы Бікінскага р-на Хабараўскага краю, Расія),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі раслін. Д-р біял. н. (1985).

Скончыў Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1962). З 1969 у Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі (з 1990 заг. лабараторыі). Навук. працы па фізіялогіі воднага гамеастазу раслін, рухальных сілах і рэгуляцыі транспарту вады, асаблівасцях функцыянавання аквапарынаў, узаемасувязі воднага рэжыму і фотасінтэзу, водным стрэсе.

Тв.:

Эколого-физиологические основы мелиорации почв агрофитоценозов. Мн., 1974 (разам з Л.​П.​Смаляком);

Адаптациогенез процессов фотосинтеза в связи с водообеспеченностью растений (разам з Ж.​І.​Казловой) // Проблемы экспериментальной ботаники. Мн., 1997.

т. 14, с. 29