РЭУТЫЛІЗА́ЦЫЯ (ад рэ... + франц. utilisation ад лац. utilis карысны),
паўторнае выкарыстанне раслінамі мінер. і нізкамалекулярных арган. рэчываў з аджылых і назапашвальных органаў у выніку іх транспарціроўкі па сітавідных трубках флаэмы да маладых растучых органаў. У працэсе Р. ўдзельнічаюць пераважна вугляводы і амінакіслоты (атрымліваюцца ў выніку распаду поліцукрыдаў і бялкоў) і элементы мінер. жыўлення (акрамя кальцыю і бору). У аднагадовых раслін Р. асабліва інтэнсіўна ідзе на позніх этапах антагенезу, пры выспяванні пладоў і насення. У шматгадовых раслін пластычныя рэчывы адцякаюць з лісця ў назапашвальныя органы (клубні, карані, сцёблы) перад лістападам, іх Р. пачынаецца пры руху сокаў наступнай вясной. Здольнасць расліны да Р. пэўнага мінер. элемента вызначаецца пры выключэнні яго з пажыўнай сумесі. Пры недахопе азоту, фосфару, калію, магнію раней пашкоджваецца старое лісце (высокая здольнасць да Р.); пры недахопе кальцыю, бору, жалеза, серы, марганцу, якія практычна не здольны да Р., пашкоджваюцца маладыя органы. Працэсы Р. выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, напр., для паскарэння выспявання каробачак бавоўніку і інш.
т. 14, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)