Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭ́ШАТАЎ (Павел Дзмітрыевіч) (26.8.1911, в. Бегунова Цвярской вобл., Расія — 27.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1942 на фронце. Кулямётнае аддзяленне на чале з сяржантам Р. вызначылася 27.6.1944 у баі каля в. Абухава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. пры спробе ворага вырвацца з віцебскага «катла», дзе знішчыла большую частку яго калоны. Калі Р. застаўся адзін, то апошняй гранатай падарваў сябе і фашыстаў. У в. Уна Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. помнік.

П.​Дз.Рэшатаў.

т. 14, с. 41

РЭ́ШАЦІЛАЎ (Анатоль Радзівонавіч) (н. 14.10.1934, с. Грыгор’еўка Мацвеева-Курганскага р-на Растоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне сістэм кіравання. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Разанскі радыётэхн. ін-т (1963). З 1968 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па даследаванні вымушаных ваганняў у нелінейных сістэмах. Устанавіў новы клас сістэмных характарыстык нелінейных звёнаў устройстваў кіравання. Распрацаваў крытэрый устойлівасці вымушаных ваганняў, метад разліку каардынат ваганняў у нелінейных сістэмах адвольнай канфігурацыі.

Тв.:

Системные характеристики нелинейных звеньев и скачки колебаний. Мн., 1986.

т. 14, с. 41

РЭ́ШАЦЬ (Язэп) (28.7.1890, в. Рушчаны, Віленшчына — 15.2.1958),

бел. рэліг. і культ.-асв. дзеяч. Д-р філасофіі і тэалогіі. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1913). Вучыўся ў Грыгарыянскім ун-це ў Рыме (1913—19), папскім Усх. ін-це (1919—21) і ў Collegium Germanicum. Пасвячоны ў святары ў 1917 у Рыме. Пасля вяртання на радзіму ў 1921 вікарый-кааператар у Гродне, потым праф. філасофіі і апалагетыкі Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі, выкладаў патрыстыку ў Віленскім ун-це імя С.​Баторыя і Закон Божы ў Віленскай бел. гімназіі. Прымаў удзел у зах.-бел. нац.-рэліг. жыцці. У складзе бел. дэлегацыі ўдзельнічаў у працы 5-га Уніяцкага кангрэса ў Велеградзе (Чэхаславакія, 1927). Член рэдкалегіі час. «Хрысціянская думка». У 1938 выехаў у Паўн. Амерыку, дзе ўступіў у ордэн бенедыкцінцаў у абацтве св. Пракопа (каля Чыкага). Аўтар рэліг. і навук. кніг — «З хрысціянскай апалагетыкі», «Святыя», «Кароткі катэхізіс для беларусаў-католікаў».

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны Мн.;

Мюнхен, 1999.

Ю.​Гарбінскі.

т. 14, с. 41

РЭШТ,

горад на ПнЗ Ірана. Адм. ц. астана Гілян. Каля 400 тыс. ж. (2000). Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Цэнтр раёна шаўкаводства (з 14 ст). Прам-сць: тэкст., харчасмакавая (у т. л. тытунёвая, чаеперапрацоўчая), дрэваапр., эл.-тэхн., шкляная. Рамёствы (разьба па дрэве, маст. апрацоўка металаў, вышыўка). Ун-т.

т. 14, с. 41

РЭ́ШЫЦА (Reşita),

горад на З Румыніі. Адм. ц. жудзеца Караш-Северын. Каля 100 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: металургічная, цяжкае машынабудаванне, коксахім., швейная, харчовая. У наваколлі — здабыча кам. вугалю і жал. руды. Музей металургіі.

т. 14, с. 42