Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭЎВАЕНСАВЕ́ТЫ, Рэвалюцыйныя ваенныя саветы (РВС),

вышэйшыя калегіяльныя органы ваен. улады і паліт. кіраўніцтва ў франтах, арміях, флатах і флатыліях у Сав. Расіі ў 1918—21 (на Д. Усходзе да ліст. 1922, у Сібіры да студз. 1923, на Зах. фронце да крас. 1924, у Сярэдняй Азіі да чэрв. 1926). Упершыню створаны на Усх. фронце паводле пастановы СНК ад 13.6.1918 у складзе каманд. фронтам і 2 камісараў. Прызначаліся з мэтай арганізацыі ваен. дзеянняў, кіраўніцтва, падрыхтоўкі і забеспячэння войск, парт.-паліт. і культ.-выхаваўчай работы. Мелі правы органаў сав. улады на тэр. дыслакацыі дадзенага аб’яднання; праводзіць мабілізацыю людскіх і матэрыяльных рэсурсаў на патрэбы фронту, забяспечваць рэв. парадак; у выпадку неабходнасці маглі ўмешвацца і адмяняць распараджэнні камандуючага і нават адлучаць яго ад пасады, аб чым павінны былі неадкладна рапартаваць вышэйстаячаму РВС. Непасрэдна РВС падпарадкоўваліся: штаб, рэв. ваен. трыбунал, палітаддзел, ваен. кантроль, нач. забеспячэння, нач. санітарнай службы і кіраўніцтва інспектараў родаў войск.

С.​А.​Фамін.

т. 14, с. 30

РЭЎВАЕНСАВЕ́Т РЭСПУ́БЛІКІ (РВСР),

Рэвалюцыйны ваенны савет Рэспублікі (з 28.8.1923 Рэвалюцыйны ваенны савет СССР), калегіяльны орган вышэйшай ваен. улады ў 1918—34. Створаны 6.9.1918 паводле пастановы ВЦВК ад 2.9.1918 аб пераўтварэнні Сав. рэспублікі ў ваен. лагер. Аб’ядноўваў функцыі Вышэйшага савета, Наркамата па ваен. і марскіх справах і яго калегіі (члены калегіі ўвайшлі ў склад РВСР). Старшыня РВСР адначасова ўзначальваў Наркамат па ваен. і марскіх справах і зацвярджаўся ВЦВК РСФСР (з 1923 СНК СССР). РВСР кіраваў дзейнасцю ўсіх органаў ваен. ведамства, будаўніцтвам узбр. сіл, распрацоўваў планы па абароне краіны і інш. Яму падпарадкоўваліся ўсе органы і кіруючыя асобы ваен. ведамства: Галоўнакаманд. ўзбр. сіламі рэспублікі, Усерас. гал. штаб, Палявы штаб РВС Рэспублікі (з лют. 1921 — штаб РККА), Вышэйшая ваен. інспекцыя, Усерас. бюро камісараў (пазней Палітаддзел і Палітупраўленне РВСР) і інш. Скасаваны 20.6.1934.

Старшыні: Л.​Д.​Троцкі (6.11.1918—26.1.1925), М В Фрунзе (26.1.1925—31.10.1925), К.​Я.​Варашылаў (6.11.1925—20.6.1934).

С.​А.​Фамін.

т. 14, с. 30

РЭЎКО́М,

гл. Рэвалюцыйны камітэт.

т. 14, с. 30

РЭЎМАТЫ́ЗМ (ад грэч. rheumatismos выцяканне вадкасці),

вострая рэўматычная ліхаманка, запаленне злучальнай тканкі з пераважнай лакалізацыяй працэсу у сардэчна-сасудзістай сістэме. Узнікае пры інфіцыраванні бэта-гемалітычным стрэптакокам групы А пераважна ва ўзросце 7—15 гадоў. Пры Р. развіваецца часовая і ўстойлівая непрацаздольнасць, часта фарміруюцца парокі сэрца.

Прыкметы Р.: ліхаманка, сімптомы пашкоджання сэрца (кардыт), суставаў (артрыт), сасудаў галаўнога мозга (малая харэя); больш рэдкія — кольцападобная эрытэма (бледна-ружовая высыпка на скуры ў выглядзе тонкага кольцападобнага абадка) і падскурныя рэўматычныя вузельчыкі. Пры лячэнні праявы Р. праходзяць, акрамя пашкоджання сэрца (пасля рэўматычнай атакі, асабліва пры паўторных абвастрэннях можа фарміравацца парок сэрца). Лячэнне тэрапеўтычнае.

Літ.:

Матвейков Г.П., Пшоник С.С., Милькаманович В.К. Ревматизм. Мн., 1979;

Насонова В.А. Ревматизм — современное состояние вопроса // Клинич. медицина. 1991. Т. 69, № 5;

Белов В.С. Острая ревматическая лихорадка // Рус. мед. журн. 1998. № 18.

М.​Ф.​Сарока.

т. 14, с. 30