РЭХАЛО́Т (ад рэха + лот),

гідраакустычная прылада для вымярэння глыбіні вадаёма ці глыбіні апускання ў ваду якіх-н. цел. Дзеянне Р. заснавана на вымярэнні часу праходжання ультрагуку ад днішча судна, дзе знаходзяцца выпрамяняльнік і прыёмнік сігналаў, да дна (цела) і назад. Выкарыстоўваюць у суднаходстве, рыбалоўстве і інш. Таксама Р. — прылада для вымярэння глыбіні ўзроўню ў буравой свідравіне, па якім вызначаецца ціск на забой слупа вадкасці. Засн. на вымярэнні часу праходжання гуку ад вусця свідравіны да ўзроўню вадкасці і назад.

Схема суднавага рэхалота: 1 — дыск са шкалой глыбінь; 2 — электрарухавік; 3 — генератар ультрагукавой частаты; 4 — гідраакустычны выпрамяняльнік; 5 — гідраакустычны прыёмнік; 6 — узмацняльнік сігналаў.

т. 14, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)