РЭКАМБІНА́ЦЫЯ (рэ... + камбінацыя) у генетыцы, пераразмеркаванне генет. матэрыялу бацькоў у патомкаў, якое прыводзіць да спадчыннай камбінацыйнай зменлівасці жывых арганізмаў. Універсальны біял. механізм, уласцівы ўсім жывым сістэмам — ад вірусаў да вышэйшых раслін, жывёл і чалавека, важны пры эвалюцыйных ператварэннях. Адбываецца шляхам разыходжання гамалагічных храмасом у меёзе ці ўзаемадзеяннем малекул ДНК, вынікам якога з’яўляецца перанос участкаў ДНК з адной малекулы на другую (Р. ў вузкім сэнсе). Перанос бывае ў саматычных і палавых клетках, узаемным (рэцыпрокная Р.) і аднабаковым (нерэцыпрокная Р.). Для здзяйснення Р. ў эўкарыётаў існуе палавы працэс, у пракарыётаў — кан’югацыя, трансфармацыя і трансдукцыя, у вірусаў — сумесная інфекцыя. Мэтанакіраванае атрыманне рэкамбінатных (гібрыдных) ДНК — аснова генетычнай інжынерыі.
Р.Г.Заяц.
т. 13, с. 568
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)