РЭКАНСТРУ́КЦЫЯ (ад рэ... + лац. constructio пабудова),
поўная (карэнная) або частковая (малая) перабудова з мэтай палепшыць ці ўдасканаліць што-небудзь. У працэсе Р. вытв-сці, напр., узнаўляюцца ці абнаўляюцца наяўныя асноўныя вытворчыя фонды і вытв. магутнасці на новай тэхн. аснове з мэтай павелічэння аб’ёмаў вырабу прадукцыі, павышэння яе тэхн. ўзроўню і якасці, паляпшэння ўмоў працы.
Пры частковай Р. абнаўляюцца і мадэрнізуюцца некат. прылады працы, абсталяванне, часткова перабудоўваюцца асобныя цэхі без значнага пашырэння іх вытв. плошчаў; пры поўнай Р. — абнаўляецца пераважная частка абсталявання, комплексна механізуюцца і аўтаматызуюцца вытв. працэсы, мяняюцца тэхналогія і арганізацыя вытв-сці, будуюцца новыя, расшыраюцца старыя цэхі і ўчасткі асн. і дапаможнай вытв-сці. Робіцца таксама з мэтай змены профілю прадпрыемства ці вырабу новай прадукцыі на існуючых вытв. плошчах. Эканам. перавагі перад новым буд-вам: меншыя капітальныя затраты на адзінку прадукцыі, карацейшы тэрмін перабудовы, што дае магчымасць хутчэй і з меншымі выдаткамі атрымаць прырост прадукцыі.
т. 13, с. 568
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)