РЭЙХСТА́Г (ням. Reichstag),

1) у «Свяшчэннай Рымскай імперыі» з 12 ст. — орган саслоўнага прадстаўніцтва пры герм. імператару, наз. таксама імперскім сеймам.

2) У Герм. імперыі — устаноўчы сход, потым ніжняя палата Паўн.-Герм. саюза (1867—71); у 1871—1918 — выбарны орган, які ўдзельнічаў у прыняцці законаў, бюджэту і кантролі за выканаўчай уладай (вышэйшым прадстаўнічым органам лічыўся бундэсрат).

3) У Веймарскай рэспубліцы (1919—33) — ніжняя палата парламента, якая выбіралася насельніцтвам паводле сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва.

4) У фаш. Германіі (з 1933) Р. захоўваўся толькі фармальна. 27.2.1933 адбыўся справакаваны нацыстамі падпал будынка Р. (гл. Лейпцыгскі працэс 1933). У Вял. Айч. вайну 29.4—2.5.1945, сав. войскі 1-га Бел. фронту (Маршал Сав. Саюза Г.​К.​Жукаў) у ходзе Берлінскай аперацыі 1945 авалодалі будынкам Р. (размешчаны ў парку Тыргартэн у Берліне), на яго даху быў узняты Сцяг Перамогі.

5) У сучаснай ФРГ месца знаходжання федэральнага парламента.

С.​М.​Абрамаў.

т. 13, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)