Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАКРА́ЙКІ,

палосы нерухомага тонкага лёду, якія ўтвараюцца ўздоўж берагоў рэк, азёр і вадасховішчаў пры незамёрзлым вадаёме. Першасныя З. ўзнікаюць восенню каля берагоў на мелкаводных участках з павольным цячэннем, наносныя — у выніку прымярзання да берагоў лёду, прынесенага ў час крыгаходу, рэшткавыя застаюцца каля берагоў вясной пры раставанні лёду.

т. 6, с. 507

Закржэўскі Пётр Іосіфавіч

т. 18, кн. 1, с. 387

ЗАКРО́ЙНАЯ МАШЫ́НА, раскройная машына,

машына для выразання дэталей швейных вырабаў са слаёў (насцілу) палотнаў тканіны, трыкатажу або інш. матэрыялаў. Вышыня насцілу — да 30 см. Рэжучы інструмент у перасоўных З.м. — стальны пласціністы нож, які робіць верт. зваротна-паступальны рух, або вярчальны дыск; у стацыянарных — бясконцая стальная стужка-нож, нацягнутая на шківы. Укараняюцца лазерныя З.м.

Перасоўная закройная машына з вертыкальным нажом.

т. 6, с. 507

ЗАКРУ́ТАЧНАЯ МАШЫ́НА,

машына для герметычнага закрывання кансервавых бляшанак і слоікаў. Асн. частка З.м. — закрутачны механізм, які абкочвае закрутачныя ролікі вакол слоіка (бляшанкі). Пры абкочванні ролікі дэфармуюць накрыўку і ўтвараюць падвойнае шво ў бляшанцы ці шчыльнае злучэнне са слоікам. Адрозніваюць З.м. вакуумныя і бязвакуумныя, адна- і шматшпіндэльныя, аўтам. і паўаўтаматычныя. Аўтам. З.м. за мінуту апрацоўваюць да 500 бляшанак або да 200 слоікаў.

т. 6, с. 507

ЗАКРУ́ТКІН (Віталій Аляксандравіч) (27.3.1908, г. Феадосія, Украіна — 9.10.1984),

рускі пісьменнік. Скончыў Благавешчанскі пед. ін-т (1932). Друкаваўся з 1926. Першая аповесць «Акадэмік Плюшчоў» (1940). Творы ваен. часу ў кнігах «Карычневая чума» (1941), «Сіла» (1942), «Каўказскія запіскі» (1947). Працоўныя будні рыбакоў у рамане «Плывучая станіца» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951). Аўтар рамана-эпапеі «Стварэнне свету» (кн. 1—3, 1955—78, Дзярж. прэмія СССР 1982), рамана «Ля мора Азоўскага» (1946), аповесці «Маці Чалавечая» (1969; на бел. мову ўрывак пераклаў У.Шахавец) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Ростов н/Д, 1977—80;

Бел. пер. — у кн.: Квітней, Радзіма, красуй, жыццё. Мн., 1978.

Літ.:

Петелин В.В. Виталий Закруткин М., 1969.

т. 6, с. 507

ЗАКРЫ́ТАЕ МО́РА ў міжнародным праве,

мора, якое абмывае берагі некалькіх дзяржаў і па сваім геагр. становішчы не можа быць выкарыстана для транзітнага праходу праз яго ў інш. мора. Доступ з адкрытага мора ў закрытае ажыццяўляецца па вузкіх марскіх шляхах, якія вядуць толькі да берагоў дзяржаў, размешчаных вакол З.м. Паводле канцэпцыі З.м. ў яго не павінны дапускацца ваен. караблі непрыбярэжных краін.

т. 6, с. 507

ЗАКРЭ́ЎСКІ (Аркадзь Дзмітрыевіч) (н. 22.5.1928, С.-Пецярбург),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1972), д-р тэхн. н. (1967), праф. (1969). Скончыў Томскі ун-т (1956). З 1971 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі дыскрэтных сістэм, тэарэт. асновах інфармац. тэхналогій і інтэлектуальных сістэм праектавання. Распрацаваў метады лагічнага праектавання дыскрэтных прылад, рашэння лагічных ураўненняў і камбінаторных задач аўтаматызаванага праектавання і штучнага інтэлекту.

Тв.:

Логический синтез каскадных схем. М., 1981;

Логика распознавания. Мн., 1988.

А.Дз.Закрэўскі.

т. 6, с. 507

ЗАКС ((Sachs) Нэлі) (10.12.1891, Берлін — 12.5.1970),

нямецкая паэтэса. У 1940 эмігрыравала ў Швецыю. Аўтар зб-каў «У жыллі смерці» (1947), «Зорнае зацьменне» (1949), «І ніхто не ведае далей» (1957), «Уцёкі і ператварэнне» (1949), «Смерць яшчэ святкуе жыццё» (1961), 14 п’ес (зб. «Знакі на пяску», 1962). Нобелеўская прэмія 1966.

Тв.:

Рус. пер. — Звездное затмение. М., 1993.

Н.Закс.

т. 6, с. 507

ЗА́КУПЫ,

катэгорыя залежнага сялянства ў Кіеўскай Русі і ВКЛ. 1) Паводле Рускай Праўды З. станавіліся збяднелыя сяляне, якія бралі ў феадала грашовую пазыку («купу») і павінны былі працаваць у яго гаспадарцы, пакуль не вернуць яе. У адрозненне ад поўных халопаў З. маглі звярнуцца ў суд са скаргамі на пана, з дазволу пана пайсці на пошукі грошай. У выпадку продажу З. у халопы без законных падстаў пан плаціў штраф, а З. станавіўся вольным.

2) У ВКЛ 14—16 ст. З. — даўжнікі феадалаў, якія закладвалі сваю асобу ў няволю, пакуль не адпрацуюць доўг у гаспадарцы пана. З сярэдзіны 16 ст. з запрыгоньваннем асн. масы сялянства З. паступова знікаюць.

т. 6, с. 507

ЗАКУШНЯ́К (Аляксандр Якаўлевіч) (10.3.1879, г. Адэса, Украіна — 21.4.1930),

артыст эстрады, заснавальнік жанру «вечары апавяданняў». Сцэнічную дзейнасць пачаў у 1906 як драм. акцёр. З 1910 выступаў з канцэртамі, як аўтар, рэжысёр і выканаўца твораў л-ры з эстрады: «Паўстанне анёлаў» А.Франса, «Егіпецкія ночы» А.Пушкіна, «Тарас Бульба» М.Гогаля, «Кацюша Маслава» паводле Л.Талстога, «Прыніжаныя і зняважаныя» Ф.Дастаеўскага і інш.

т. 6, с. 507