Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЕ́РАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Гродзенскім р-не, у бас. р. Пыранка, за 33 км на ПнУ ад г. Гродна. Пл. 1,23 км², даўж. 7,5 км, найб. шыр. 400 м. Катлавіна вузкая, стужкападобная; схілы стромкія, выш. да 10 м, пад лесам. Праз возера цячэ р. Сламянка.

т. 4, с. 97

ВЕРАЦЕ́ЙКА,

Верацця, Вярэцейка, Вярэцця, рака ў Ваўкавыскім, Мастоўскім і Бераставіцкім р-нах Гродзенскай вобл., правы прыток Свіслачы (бас. Нёмана). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 321 км². Пачынаецца каля в. Зборы Ваўкавыскага р-на. Асн. прытокі: Залучанка, Бурчак. Даліна ў вытоку выразная. Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 300 м—1,5 км, асобныя ўчасткі забалочаныя. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Створана сажалка, у пойме меліярац. Каналы.

т. 4, с. 97

ВЕРАЦЕ́ННІКІ

(Limosa),

род птушак падатр. кулікоў атр. сеўцападобных. 4 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на балотах, поймавых лугах, гразкіх травяністых берагах азёр. На Беларусі 2 віды: вераценнік вялікі (Limosa limosa) і вераценнік малы (Limosa lapponica). Вераценнік вялікі (нар. назвы грыцук, грута, грыца, нецяг) шматлікі на Палессі, звычайны ў цэнтр. частцы, рэдкі на ПнУ. Вераценнік малы — рэдкая птушка, трапляецца на веснавым і асеннім пралётах.

Даўж. цела да 45 см, маса да 350 г. Афарбоўка апярэння рыжая. Дзюба доўгая, прамая або ледзь загнутая ўгару, ногі доўгія. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі малюскамі, жукамі, зрэдку насеннем. Гняздо — неглыбокая ямка на купіне сярод травы, крыху высланая сухой травой. Аб’екты палявання.

т. 4, с. 97

ВЕРАЦЕ́ННІЦА ЛО́МКАЯ

(Anguis fragilis),

яшчарка сям. вераценніцавых атр. лускаватых. Пашырана ў Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, Азіі, на Каўказе, у паўн. Іране, Зах. Сібіры. Жыве ў шыракалістых і мяшаных лясах, на ўзлесках, палянах, высечках, абочынах дарог. На Беларусі трапляецца ўсюды, найчасцей на З і ПдЗ; нар. назвы слімень, слівень, мядзянка, мядзяніца.

Даўж. цела да 26,5 см (з хвастом да 60 см). Бязногая. Маладыя веранніцы ломкія афарбаваны ў серабрыста-белы і бледна-крэмавы (з залатым адлівам) колер, бакі і бруха чорна-бурыя або чорныя. Дарослыя вераценніцы ломкія маюць ярка-карычневую або цёмна-шэрую афарбоўку з медным або бронзавым адценнем. Луска цвёрдая, гладкая. Характэрна аўтатамія хваста. Корміцца дажджавымі чарвямі, наземнымі малюскамі, лічынкамі насякомых, мнаганожкамі і інш. Яйцажывародная.

т. 4, с. 97

ВЕ́РАЦЦЯ,

адна з назваў р. Верацейка.

т. 4, с. 97

ВЕРАЦЯНО́,

1) прылада для ручнога прадзення лёну, воўны, пянькі. У стараж. часы верацяном служыла драўляная крыху завостраная палачка, пазней — конусападобная даўж. 20—30 см з завостраным верхам і патоўшчаным нізам, на які для павелічэння вагі надзявалі прасліца.

2) Вярчальны стрыжань, на які надзяваюцца патрон, шпуля, катушка і інш.; асн. рабочы орган роўнічных, прадзільных, прадзільна-круцільных і круцільных машын. Прызначана для скручвання роўніцы, пражы, нітак і ўтварэння пакоўкі пэўнай формы і памераў. Бываюць кальцавыя, круцільныя, полыя і рагульчатыя.

т. 4, с. 98

ВЕРАЦЯНО́ ДЗЯЛЕ́ННЯ клеткі, ахрамацінавае верацяно, мітатычнае верацяно, кампанент клеткі нуклеапратэіднай прыроды, які ўтвараецца пры яе дзяленні і забяспечвае разыходжанне храмасом у мітозе і меёзе. Уяўляе сабой сістэму мікратрубачак з двайным праменепраламленнем, што фарміруецца ў праметафазе і распадаецца ў целафазе. Складаецца з апорных, або безупынных ніцей, арыентаваных ад аднаго полюса клеткі да другога (полюсных), і цягнучых, або храмасомных. Цягнучыя ніці злучаюць полюсы клеткі з цэнтрамі храмасом, якія ёсць на экватарыяльнай пласцінцы. Скарачэнне даўжыні цягнучых ніцей лічыцца гал. фактарам анафазнага руху храмасом да полюсаў клеткі. Верацяно дзяленне бывае прамога і непрамога тыпаў (у залежнасці ад характару сувязі храмасом з полюсамі), астральным (з выяўленымі полюсамі, напр. у шматклетачных жывёл) ці анастральным (без выразных полюсаў, напр. у кветкавых раслін).

т. 4, с. 98

ВЕРАЦЯРПІ́МАСЦЬ,

прызнанне дзяржавай за грамадзянамі права на спавяданне любой рэлігіі (свабода веравызнання), паважлівых і роўных адносін да ўсіх рэлігій і цэркваў, якія дзейнічаюць у адпаведнасці з устаноўленым законам парадкам; цярпімасць і ўзаемапаважлівыя адносіны паміж рэлігіямі і цэрквамі, прадстаўнікамі розных рэліг. перакананняў. Барацьба за верацярпімасць узнікла ва ўмовах панавання пэўнага рэліг. кірунку, што праследаваў іншадумства, мае прагрэс. характар, садзейнічае гуманізацыі грамадства, яго талерантнасці.

т. 4, с. 98

ВЕРАШЧА́ГІН Аляксандр Леапольдавіч

(н. 12.2.1949, г. Архангельск, Расія),

бел. мастак кіно, жывапісец. Скончыўшы Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1977), працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Аформіў маст. Фільмы «Чужая вотчына» (1980, з Я.Ігнацьевым), «Філіял» (1987), «Д’ябал» (1990), «Кветкі правінцыі» (1995) і інш., мультфільмы «Капрычыо» (1986), «З днём нараджэння!» (1996, аўтар сцэнарыя і рэжысёр), спектакль «Запіскі вар’ята» (Тэатр-студыя кінаакцёра, 1980). Жывапісным яго работам уласцівы глыбокі псіхалагізм («Аўтапартрэт», «Журба», абедзве 1994), рысы стараж. абраза («Замілаванне», 1996, і інш.).

т. 4, с. 98

ВЕРАШЧА́ГІН Васіль Васілевіч

(26.10.1842, г. Чарапавец, Расія — 13.4.1904),

рускі жывапісец-баталіст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1860—63), у майстэрні Ж.Л.Жэрома ў Парыжы (1864—65). Вандраваў па Расіі, Зах. Еўропе, Сірыі, Палесціне, Індыі, Японіі, ЗША і інш. Удзельнічаў у заваяванні Сярэдняй Азіі (1867—68), рус.-тур. (1877—78) і рус.-яп. (1904—05) войнах; загінуў у Порт-Артуры пры выбуху на браняносцы «Петрапаўлаўск». Быў блізкі да перасоўнікаў. У тэматычных серыях карцін «Туркестанская» (1871—74), «Балканская» (1877—78 і 1880-я г.), на тэму вайны 1812 (1887—1904) і інш. паказаў жорсткія будні вайны [«Пасля няўдачы. (Пераможаныя)», 1868], цяжар і героіку ратнай працы (трыптых «На Шыпцы ўсё спакойна!», 1878—79), мужнасць і маральную сілу народа-змагара («Не чапай, дай падысці!», 1887—95). У яго творах рамант. ўвасабленне ваен. сутыкненняў упершыню ў рус. батальным жанры саступіла месца філас. разважанням пра вайну («Апафеоз вайны», «Нападаюць знянацку», абедзве 1871), выкрыццю рэліг. фанатызму («Трыумфуюць», 1872), каланіялізму («Задушэнне індыйскага паўстання англічанамі», 1884). Па ўласных замалёўках і натурных эцюдах стварыў адметны жанр дакумент.-этнагр. жывапісу, дзе спалучыў дакумент. дакладнасць адлюстравання з дасканала распрацаванай кампазіцыяй, выразным малюнкам, каларыстычным рашэннем [«У гарах Алатау», 1869—70, «Дзверы Цімура (Тамерлана)», 1872—73, «Маўзалей Тадж-Махал у Агры», 1874—76, і інш.].

Тв.:

Избр. письма. М., 1981.

Літ.:

Верещагин В.В. Воспоминания сына художника. Л., 1982;

Лебедев А.К., Солодовников А.В. В.В.Верещагин. М., 1988.

А.В.Кашкурэвіч.

т. 4, с. 98