Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРАЯНО́ЎСКІ Алесь (Аляксандр Пятровіч; н. 22.9.1925, урочышча Уздымач, Слуцкі р-н Мінскай вобл.),

бел. перакладчык. Скончыў Маскоўскі гіст.-архіўны ін-т (1959). З 1955 у газетах, у т. л. ў 1962—82 у газ. «Звязда», у 1983—86 нам. гал. рэдактара час. «Мастацтва Беларусі». Друкуецца з 1955. Перакладае з чэш. (нар. казкі), верхня- і ніжнялужыцкай (адзін з укладальнікаў і перакладчыкаў, аўтар прадмовы і каментарыяў да анталогіі паэзіі лужыцкіх сербаў «Там, дзе Шпрэвя шуміць», 1969; аповесць-казка Ю.​Брэзана «Чорны млын», 1984; аповесць К.​Краўца «Малька і сабака Люі», 1991: творы Я.​Барт-Цішынскага, К.​Лоранца, М.​Наўкі і інш.), кашубскай (зб. «За даляглядам край Сталемаў», 1980), польскай (творы Я.​Асэнкі, Ф.​Дарэцкага і інш.), укр. (І.​Франко, П.​Тычына, А.​Алесь і інш.) і інш. моў. Аўтар вершаў, літ.-крытычных артыкулаў і рэцэнзій, публіцыст. артыкулаў.

Літ.:

Рагойша В. Адкрыццё паэтычнай выспы // Рагойша В.​Кантакты. Мн., 1982.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 525

ТРАЯ́НСКАЯ ВАЙНА́,

вайна кааліцыі ахейскіх цароў на чале з царом Мікенаў Агамемнанам супраць Троі. Археал. раскопкі пацвердзілі, што каля сярэдзіны 13 ст. да н.э. Троя была разбурана. У стараж. гістарыяграфіі Т.в. датуецца 1280—1270 да н.э. (Герадот) ці 1194—1184 да н.э. (Эратасфен), у археалогіі каля 1260—1200 да н.э. Паводле паданняў падставай для вайны стала выкраданне траянскім царэвічам Парысам жонкі спартанскага цара Менелая Алены. Менелай і яго брат Агамемнан з вял. флотам адплылі ў Трааду (ПнЗ Малой Азіі). Аблога Троі цягнулася 10 гадоў. Горад быў узяты дзякуючы кемлівасці Адысея (гл. Траянскі конь). Т.в. была адным з этапаў пранікнення грэкаў у М.​Азію, якое ўзмацнілася ў 13 ст. да н.э., асабліва пасля выцяснення дарыйцамі ахейцаў з тэр. Грэцыі. Падзеі Т.в. знайшлі адлюстраванне ў паэмах «Іліяда», «Адысея» і шэрагу інш. твораў.

Літ.:

Кравчук А. Троянская война: Пер. с пол. М., 1991;

Флоренсов Н.А. Троянская война и поэмы Гомера. М., 1991;

Гиндин Л.А., Цымбурский В.Л. Гомер и история Восточного Средиземноморья.

М., 1996; Гринчик Е. Троянская война. Мн., 1998.

А.​Г.​Зельскі.

Да арт. Траянская вайна. Падзенне Троі. Фрагменты размалёўкі: чырвонафігурнай кілікі (1), каля 490 да н.э., чырвонафігурнай гідрыі (2), каля 480 да н.э.

т. 15, с. 525

ТРАЯ́НСКІ КОНЬ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі вялізны драўляны конь (падарунак багіні Афіне і траянцам) са схаванымі ўнутры воінамі, з дапамогай якога грэкі (данайцы і інш.) у канцы Траянскай вайны захапілі Трою (таксама гл. ў арт. Данайцаў дары). У пераносным сэнсе «Т.К.» — падарунак ворагу з мэтай яго знішчэння, каварны падман.

А.​Г.​Зельскі.

Пабудова траянскага каня. Карціна Дж.​Цьепала. 1757—62.

т. 15, с. 526

ТРАЯ́НЦЫ ў астраноміі,

2 групы малых планет, якія абарачаюцца вакол Сонца па арбітах, амаль ідэнтычных арбіце Юпітэра; вуглавыя адлегласці ад яго ± 60°.

Вядомы 1084 Т. (2002; названы імёнамі герояў Траянскай вайны). Тых з Т., што апярэджваюць Юпітэр, часам наз. Грэкамі. Найб. з Т. — астэроід Патрокл (дыяметр 272 км; адкрыты ў 1906); самыя яркія — Гектар. Агамемнан, Адысей. Т. канцэнтруюцца паблізу 2 пунктаў, кожны з якіх ўтварае разам з Юпітэрам і Сонцам роўнастаронні трохвугольнік. Рух кожнага з Т. прыблізна адпавядае частковаму выпадку трох цел задачы (т.зв. выпадак Лагранжа).

А.​А.​Шымбалёў.

т. 15, с. 526

ТРАЯНЧУ́К Ігар Алегавіч (н. 27.11.1956, г. Палтава, Украіна),

бел. вучоны ў галіне фізікі цвёрдага цела. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Скончыў БДУ (1979). З 1979 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі (з 1995 заг. лабараторыі). Навук. працы па атрыманні новых магн. матэрыялаў на аснове аксідаў пераходных элементаў, даследаванні іх магн. структуры, высвятленні прыроды ўзаемасувязі магн. стану і электраправоднасці.

Тв.:

Исследование магнитных фазовых превращений в системе Nd1−x BaxMnO3−δ (0 ≤ x ≤ 0,5) в зависимости от условий получения (у сааўт.) // Журн. эксперимент. и теорет. физики. 2002. Т. 121, вып. 2.

т. 15, с. 526

Траян Фёдар Данілавіч

т. 18, кн. 1, с. 463

ТРАЯПО́ЛЬСКІ Гаўрыіл Мікалаевіч (29.11.1905, с. Наваспасаўка Грыбанаўскага р-на Варонежскай вобл. — 30.6.1995),

рускі пісьменнік. Працаваў настаўнікам, аграномам. Друкаваўся з 1937. Аўтар цыкла сатыр. апавяданняў «З запісак агранома» (1953; кінасцэнарый «Зямля і людзі», паст. 1956), аповесцей «Кандыдат навук» (1958), «У чароце» (1963), рамана «Чарназём» (кн. 1—2, 1958—61). У драм. аповесці «Белы Бім—Чорнае вуха» (1971; Дзярж. прэмія СССР 1975, аднайм. кінафільм 1977) тэмы процістаяння злу ў розных яго праяўленнях, спачування і жорсткасці ў паўсядзённасці, абароны ўсяго жывога. Пісаў п’есы («Пастаяльцы», 1971). У публіцыстыцы — папярэджанне аб пагрозе экалаг. катастроф. На бел. мову паасобныя творы Т. пераклалі Я.​Брыль і А.​Жук.

Тв.:

Соч. Т. 1—3. Воронеж, 1977—78;

Бел. пер. — Белы Бім—Чорнае вуха. Мн., 1987.

Літ.:

Скобелев В.​Г.​Троепольский. М., 1969.

Л.​В.​Календа.

т. 15, с. 526

ТРДАТ, Тырыдат, Тырдат,

армянскі архітэктар; заснавальнік маст. школы арм. дойлідства 10—11 ст. Прыдворны архітэктар дынастыі Багратыдаў. Творы Т. адметныя дасканаласцю арачна-скляпеністых канструкцый, гарманічнай яснасцю прасторавых кампазіцый, лаканічнай выразнасцю разнога дэкору: кафедральныя саборы ў Аргіне (977—988) і Ані (989—1001), царква Грыгорыя ў Ані (Гагікашэн; 1001—10, 3-ярусная ратонда). Рэстаўрыраваў купал храма св. Сафіі ў Канстанцінопалі (989—92).

Літ.:

Оганесян К.Л. Зодчий Трдат. Ереван, 1951.

т. 15, с. 526

ТРНКА (Tmka) Іржы (24.2.1912, г. Пльзень, Чэхія — 30.12.1969),

чэшскі рэжысёр-мультыплікатар, мастак. Нар. арт. Чэхіі (1963). Творчую дзейнасць пачаў у 1928 у т-ры лялек. У 1941—45 мастак у Нац. т-ры ў Празе. Заснавальнік нац. школы лялечнай мультыплікацыі, дзіцячай маст. кінематаграфіі. Сярод фільмаў: «Жывёлы і разбойнікі» [1946, прыз Міжнар. кінафестывалю (Мкф) у Канах, Францыя], «Шпалічак» (1947, прыз Мкф у Венецыі, Італія), «Салавей імператара» паводле Х.​К.​Андэрсена (1948), «Прынц Баяя» паводле Б.​Немцавай (1950, прызы Мкф у Карлавых Варах, Чэхія; Лакарна, Швейцарыя), «Старадаўнія чэшскія сказанні» паводле А.​Ірасека (1953, прыз Мкф у Венецыі), «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.​Гашака (1955), «Сон у летнюю ноч» паводле У.​Шэкспіра (1959, гал. прыз Мкф у Канах, прыз Мкф у Венецыі), «Страсць» (1961, гал. прыз Мкф у Обергаўзене, Германія), «Кібернетычная бабуля» (1962) і інш. Ілюстраваў кнігі для дзяцей. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1954.

т. 15, с. 526

ТРОГ (ад ням. Trog літар. — карыта),

горная даліна, апрацаваная ледавіком. У папярочным сячэнні Т. звычайна маюць ◡-падобную або карытападобную форму з шырокім пакатаўвагнутым дном, схілы амаль вертыкальныя, вышэй пераходзяць у слаба нахіленыя да даліны пляцоўкі (плечы Т.). На схілах і плячах шмат слядоў уздзеяння ледавіка, на дне — марэнныя адклады. Падоўжны профіль няроўны, трапляюцца бар’еры (рыгелі), уступы і інш. Пашыраны ў горна-ледавіковых раёнах сушы.

Папярочны разрэз трога. Т — дно трога; а—а — плечы трога; в—в — узровень, да якога даліна была запоўнена лёдам.

т. 15, с. 527