Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЫСФУ́НКЦЫЯ (ад дыс... + функцыя),

парушэнне функцыі сістэмы, органа або тканкі арганізма, якое выражаецца неадэкватнасцю рэакцыі на ўздзеянне раздражняльнікаў. Аснова Д. — парушэнні абмену рэчываў і энергіі, якія выяўляюцца на ўзроўні клеткі, тканкі, органа. сістэмы або цэласнага арганізма і выражаюцца ў зменах росту, размнажэння, развіцця, харчавання, дыхання, руху. Праяўляецца ў форме дыстрафій, звязаных з назапашваннем у клетках і тканках змененых прадуктаў абмену, дысплазій і дыстапій — змен развіцця або стану органаў у выніку дысэмбрыягенезу, дыскінезій — расстройстваў каардынаваных рухальных актаў, дыспепсій — расстройстваў стрававання. Прыклады асобных форм Д.: дысгенезія ганад, дысбазія (расстройства хады), дысгідроз (расстройства потавыдзялення), дыскальцынацыя эмалі, дыскапатыі (пашкоджанне міжпазваночных дыскаў), дысфагія (расстройства глытання), дысфазія (парушэнне мовы), дысфанія (расстройства голасаўтварэння), дысменарэя (расстройства менструальнага цыкла), дысфарыя (расстройства настрою), дыссалюцыі (расстройства псіхічнай дзейнасці) і інш.

А.С.Леанцюк.

т. 6, с. 298

ДЫСЦЫПЛІ́НА (ад лац. disciplina навучанне, выхаванне),

1) абавязковы парадак паводзін грамадзян, членаў пэўнага калектыву, дзейнасці арг-цый, які адпавядае нормам права і маралі або патрабаванням той ці інш. арг-цыі. У грамадстве існуюць агульнаабавязковыя Д. (дзяржаўная) і спец. Д. (ваен., дагаворная, фін., працоўная дысцыпліна і інш.). Д. канкрэтызуецца адпаведнымі дзярж. актамі, статутамі, правіламі.

2) Галіна навук. ведаў, вучэбны прадмет.

т. 6, с. 298

ДЫСЦЫПЛІНА́РНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,

гл. ў арт. Адказнасць.

т. 6, с. 298

ДЫСЦЫПЛІНА́РНЫ А́РЫШТ,

гл. ў арт. Арышт.

т. 6, с. 298

ДЫСЦЫПЛІНА́РНЫ БАТАЛЬЁН,

спецыяльная вайсковая часць, у якой асуджаны ваеннаслужачы адбывае пакаранне. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь да ваеннаслужачых тэрміновай службы, якія ўчынілі злачынства, можа прымяняцца накіраванне ў Д.б. у выпадках, прадугледжаных законам, на тэрмін ад 3 месяцаў да 2 гадоў, а таксама ў выпадках, калі суд, прымаючы пад увагу абставіны справы і асобу асуджанага, палічыць мэтазгодным замест пазбаўлення волі на тэрмін да 3 гадоў прымяніць накіраванне ў Д.б. на той жа тэрмін.

т. 6, с. 298

ДЫТЦ (Ditz) Ян Фрэдэрык, мастак 18 ст. Паходзіў з Саксоніі. Працаваў размалёўшчыкам і злотнікам шкла, фаянсу, маёлікі ў жывапісных майстэрнях Навасвержанскай фаянсавай мануфактуры і на Урэцкай шклагуце (1739—43). Размалёўваў золатам і рубінавыя, бясколерныя медальёны, адлітыя ў формах. Ведаў састаў добрага шкла. З 1756 працаваў у Слуцкім тэатры Радзівіла, з 1759 пры дварах кн. Радзівілаў у Польшчы і Нясвіжы.

Літ.:

Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;

Kamieńska Z. Manufaktura szklana w Urzeczu, 1737—1846. Warszawa, 1964.

І.М.Каранеўская.

т. 6, с. 298

ДЫУРЭ́З (ад ды... + грэч. urēsis мочаспусканне),

гл. Мочавыдзяленне.

т. 6, с. 298

ДЫФАЗІЯ́СТР (Diphasiastrum),

род споравых раслін сям. дзеразовых. 25 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца Д. сплюшчаны (D. complanatum) і Д. трохкаласковы (D. tristachyum), якія зрэдку скрыжоўваюць з утварэннем шэрагу прамежкавых форм, напр., Д. Зейлера (D. × zeileri). Растуць у імшыстых хваёвых лясах.

Шматгадовазялёныя дзярэзападобныя расліны з доўгімі паўзучымі падземнымі парасткамі. Сцёблы да 1 м даўж., сплюшчаныя, дыхатамічныя, укрытыя дробным лускападобным супраціўным лісцем. Стробілы тупыя, размешчаны па 1—6 (да 12) на доўгіх дыхатамічна разгалінаваных ножках. Спарафілы акругла-яйцападобныя, з 1 спарангіем. Гаметафіт (зарастак) падземны, клубнепадобны, з мікарызай. Лек., фарбавальныя і дэкар. расліны.

Г.У.Вынаеў.

Дыфазіястр сплюшчаны.

т. 6, с. 298

ДЫФАМА́ЦЫЯ (ад лац. diffamatio ганьбаванне),

выказванне ў сродках масавай інфармацыі сапраўдных або лжывых звестак, якія ганьбяць гонар і годнасць грамадзяніна або арганізацыі, установы. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае судовую абарону гонару і годнасці права зняважаных на матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды.

т. 6, с. 299

ДЫФАСГЕ́Н, трыхлорметылхлоркарбанат,

эфір хлорвугальнай к-ты, CCl3OC(O)Cl. Бясколерная вадкасць, дыміць у паветры, мае пах прэлага сена, tкіп 128 °C, шчыльн. 1664 кг/м³ (20 °C). Узаемадзейнічае з воднымі растворамі шчолачаў, аміяку, амінаў (гэтыя рэакцыі выкарыстоўваюць для дэгазацыі Д.). Аказвае раздражняльнае і моцнае ўдушлівае дзеянне: смяротная канцэнтрацыя 1 мг/л пры экспазіцыі 5 мін, скрыты перыяд дзеяння 6—8 гадз. У 1-ю сусв. вайну выкарыстоўваўся як атрутнае рэчыва.

т. 6, с. 299