Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДУ́ЧА ДЫ БУАНІНСЕ́НЬЯ (Duccio di Buoninsegna; каля 1255, г. Сіена, Італія — 3.8.1319),

італьянскі жывапісец. Заснавальнік сіенскай школы жывапісу 14 ст. Зазнаў уплыў італа-візант. жывапісу і франц. гатычнай мініяцюры. Для яго твораў характэрны асобныя рысы мастацтва Протарэнесансу. Стварыў алтарныя абразы з арнаментнымі залатымі фонамі, гучнай вытанчанай каляровай гамай («Мадонна са святымі», «Мадонна з шасцю анёламі», «Мадонна францысканцаў», каля 1280, «Мадонна Ручэлаі», 1285). У гал. творы — алтарным абразе сіенскага сабора «Маэста» (двухбаковы паліпціх, 1308—11) з выявай Мадонны ў акружэнні святых і анёлаў на пярэднім баку і сцэн «пакут» Хрыста на тыльным баку — імкнуўся надаць большую жыццёвасць і пераканаўчасць традыц. кампазіц. схемам, перадаць прастору і аб’ём. У 1288 па яго малюнку быў выкананы першы ў Італіі манумент. вітраж.

Дуча ды Буанінсенья. Мадонна Ручэлаі. 1285.

т. 6, с. 267

ДУ́ЧЫЦ (Людміла Уладзіміраўна) (н. 12.12.1950, Мінск),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1982). Скончыла БДУ (1975). З 1974 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Вывучае гісторыю ПнЗ Полацкага княства, культавыя камяні, каменныя крыжы, археал. мікратапаніміку, стараж. касцюм на тэр. Беларусі. Праводзіла раскопкі гарадзішчаў на Браслаўшчыне, курганоў на Пн Беларусі, гідраархеал. даследаванні ў Падзвінні.

Тв.:

Край блакітных азёр. Мн., 1988;

Браслаўскае Паазер’е ў IX—XIV стст.: Гіст.-археал. нарыс. Мн., 1991;

Археалагічныя помнікі ў назвах, вераваннях і паданнях беларусаў. Мн., 1993;

Касцюм жыхароў Беларусі X—XIII стст. (паводле археалагічных звестак). Мн., 1995.

т. 6, с. 267

ДУ́ЧЫЦ (Мікалай Васілевіч) (20.9.1896, г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 3.9.1980),

бел. жывапісец і графік. Вучыўся ў пецярбургскай школе Т-ва заахвочвання мастацтваў (1914—15). Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Творам уласціва лірычнасць і стрыманая каляровая гама («Ускраіны Мінска», 1922, 1943; «Зіма», «Рэчка Волма», абодва 1946; «Пачатак вясны», 1951, «Зіма ў Зялёным», 1954, «Ля млына». 1955, «На беразе Свіслачы», 1965, «Лясная казка», 1969). Шэраг графічных работ прысвечаны Мінску («Стары Мінск», 1922; серыя «Віды Мінска», 1929, і інш.). Пісаў нацюрморты («Дары беларускага лесу», 1969—70).

М.Дучыц. Ля млына. 1955.

т. 6, с. 267

ДУШ (франц. douche ад італьян. doccia вадасцёкавая труба),

прылада для аблівання цела тонкімі вадзянымі струменямі. Таксама гігіенічная і лячэбная водная працэдура, якая заключаецца ва ўздзеянні на цела чалавека струменяў вады рознай т-ры і ціску.

Выкарыстоўваюць Д. халодны (т-ра ніжэй за 20 °C), субхалодныя (да 34 °C), індыферэнтныя (34—36 °C), цёплыя (38—39 °C), гарачыя (40 °C і вышэй), кантрастныя (з пераменнай т-рай 10—25 і 45 °C); з лек.-прафілакт. мэтамі выкарыстоўваюць звычайна дажджавы, ігольчасты, пылавы, цыркулярны, узыходны, Д. Шарко, шатландскі; ціск вады ад 0,3 да 4 атм.

т. 6, с. 267

ДУША́,

паняцце, якое адлюстроўвае гістарычна зменлівыя погляды на псіхіку чалавека і жывёл; у рэлігіі, ідэаліст. філасофіі і псіхалогіі — паняцце пра асаблівую нематэрыяльную субстанцыю, незалежную ад цела. Узыходзіць да стараж. уяўленняў пра асаблівую сілу, што знаходзіцца ў целе чалавека і жывёлы (часам раслін) і пакідае яго ў час сну або смерці (вучэнне пра перасяленне душ — метэмпсіхоз). Ідэі ўсеагульнай адушаўлёнасці космасу (гілазаізм, панпсіхізм) сталі асновай вучэння пра сусв. душу (Платон, неаплатанізм). У Арыстоцеля Д. — актыўны мэтазгодны пачатак («форма») жывога цела, неаддзельны ад яго. У тэістычных рэлігіях Д. чалавека — створаны Богам, непаўторны бессмяротны духоўны пачатак. У пантэістычным авераізме Д. — толькі індывід. праяўленне адзінай духоўнай субстанцыі (монапсіхізм). У дуалістычных вучэннях Д. разумеецца як нешта спрадвечнае і існуючае поруч з целам (Р.Дэкарт, Г.Спенсер, В.Вунт, У.Джэмс). У новаеўрап. л-ры тэрмін «Д.» выкарыстоўваецца пераважна для абазначэння ўнутр. свету чалавека.

В.В.Краснова.

т. 6, с. 268

ДУШАНБЕ́,

горад, сталіца Таджыкістана. Размешчаны ў Гісарскай даліне, на р. Душанбінка (у верхнім цячэнні р. Варзоб), на выш. 750—930 м. 582,4 тыс. ж. (1991). Чыг. вузел. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (з-ды тэкст. машын, гідраагрэгатаў, кабелю, быт. халадзільнікаў, арматурны і інш.), лёгкая (баваўнянае, гарбарна-абутковае, швейнае аб’яднанні, шаўковы камбінат), харчасмакавая (маслабойны, тлушчавы, мясны, малочны камбінаты і інш.), буд. матэрыялаў (цэментны, домабуд. камбінаты, з-д жалезабетонных канструкцый і інш.). Турызм. АН Таджыкістана. 8 ВНУ (у т. л. ун-т). Т-ры: оперы і балета, тадж. драмы, рус. драматычны, маладзёжны і інш.; цырк, філармонія. Заапарк, бат. сад АН.

Пабудаваны на месцы кішлака Дзюшамбе, у якім да 1917 жылі некалькі соцень жыхароў. У 1922 кішлак разбураны басмачамі. З 1924 Д. — сталіца Таджыкскай АССР (з 1925 горад), з 1929 — Таджыкскай ССР, з 1991 — Таджыкістана.

Сучасны горад з прамавугольнай сеткай вуліц-алей, шырокімі азялененымі плошчамі і паркавай зонай са штучным возерам пабудаваны паводле ген. планаў 1037 і 1965. Галоўная арх.-планіровачная вось горада — праспект Рудакі з бульварам, асн плошчамі, помнікамі Рудакі, А.Фірдаўсі і інш., будынкамі прэзідыума АН Таджыкістана (1934—36, арх. С.В.Куцін), бібліятэкі імя Фірдаўсі (1952—54, арх. С.Л.Анісімаў, скульпт. А.А.Татарынава, маст. М.Алімаў), выліч. цэнтра (1976, арх. В.М.Лях), Палаца саюза тэатр. дзеячаў (1974, арх. Э.В.Ярзоўскі, Ю.Л.Пархаў, у інтэр’еры тэматычнае пано — маст. С.У.Курбатаў і інш.). Музеі: Рэсп. аб’яднаны (гіст.-краязнаўчы і выяўл. мастацтва) імя Бахзада, літ. імя С.Айні і імя М.Турсун-задэ, этнаграфічны.

Да арт. Душанбе. Панарама горада (злева), Нацыянальная бібліятэка імя А.Фірдаўсі (справа).
Да арт. Душанбе. Помнік А.Фірдаўсі.
Душанбе. Дом урада.

т. 6, с. 268

ДУША́РА,

у старажытнаарабскай міфалогіі вярхоўнае бажаство ў пантэоне Набатэйскай дзяржавы, апякун краіны і бог царскай дынастыі. Паводле міфа, народжаны дзевай-каменем; ідалам Д. служыў чорны камень, якому прыносілі ахвяру. Д. лічылі таксама богам-грамавержцам і атаясамлівалі з Зеўсам, Дыянісам, часам з Арэсам.

т. 6, с. 269

ДУШКЕ́ВІЧ (Інэса Анатолеўна) (н. 24.6.1959, Мінск),

бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1991). Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1977). З 1977 салістка Нац. акад. т-ра балета Беларусі.

Творчай індывідуальнасці Д. уласцівы шырокі акцёрскі дыяпазон, спалучэнне тэхн. віртуознасці з вял. пластычнай экспрэсіяй. Творчая вяршыня — партыя Рагнеды («Страсці» А.Мдывані; Дзярж. прэмія Беларусі 1996), пазначаная магутным трагедыйным гучаннем. Сярод інш. вобразаў у класічных і сучасных балетах: Адэта—Адылія, Маша, Аўрора («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Сільфіда («Сільфіда» Х.Левенскольда), Нікія і Кітры («Цені» і «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Марыя і Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Ундзіна («Ундзіна» Г.Генцэ), Кармэн («Кармэнсюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Ева («Стварэнне свету» А.Пятрова), Фрыгія («Спартак» А.Хачатурана), Джульета («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Каханая і Распусніца (вакальна-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа), Дзяўчына («Балеро» М.Равеля), Дзева-выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага). Здымалася ў тэлеварыянтах спектакляў «Карміна Бурана», «Рамэо і Джульета», тэлефільме «Вяртанне вясны...». Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета (Масква, 1984). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 147—151;

Мушынская Т. «Лебедзь белы, лебедзь чорны...» // Беларусь. 1984. № 10;

Яе ж. Мой лёс, мая любоў... // Мастацтва Беларусі. 1985. № 10;

Яе ж. Трохі пра вечнае // Там жа. 1993. № 1.

Т.М.Мушынская.

І.А.Душкевіч.
І.Душкевіч у ролі Ундзіны.
І.Душкевіч у ролі Фрыгіі.

т. 6, с. 269

ДУ́ШКІН (Аляксей Мікалаевіч) (24.12.1903, в. Аляксандраўка Харкаўскай вобл., Украіна — 1.10.1977),

расійскі архітэктар. Скончыў Харкаўскі буд. ін-т (1930). Выкладаў у Маскоўскім арх. ін-це (1947—77; праф. 1966). З 1934 удзельнічаў у праектаванні станцый метрапалітэна ў Маскве («Крапоткінская», 1935, з арх. Я.Ліхтэнбергам; Дзярж. прэмія СССР 1941; «Аўтазаводская», 1940—43; Дзярж. прэмія СССР 1946, і інш.). Аўтар праектаў чыг. вакзалаў у Сімферопалі (1951), Сочы (1952) і інш., вышыннага будынка на Лермантаўскай пл. (1947—53, з Б.Мезенцавым; Дзярж. прэмія СССР 1949) і універмага «Дзіцячы свет» (1953—57) у Маскве.

т. 6, с. 269

ДУШНІ́КІ-ЗДРУЙ (Duszniki Zdrój),

бальнеакліматычны курорт у Польшчы. На ПдУ ад г. Валбжых у Клодзскай катлавіне Цэнтр. Судэтаў. Мінер. крыніцы вядомы з 15 ст., як курорт развіваецца з 1800. Праводзіцца бальнеа- і клімататэрапія хвароб органаў стрававання, дыхання, гінекалагічных і інш. Пры лячэнні выкарыстоўваюць авечае малако і сыроватку, прывазныя тарфяныя гразі і інш. Лячэбныя ўстановы маюць н.-д. аддзяленні клінік Вроцлаўскай і Лодзінскай мед. акадэмій. Буйны цэнтр адпачынку, турызму і зімовага спорту. Курортны парк і тэатр імя Ф.Шапэна, арх.-гіст. помнікі 16—19 ст., музей папяровай вытв-сці.

т. 6, с. 269