ДУШКЕ́ВІЧ (Інэса Анатолеўна) (н. 24.6.1959, Мінск),

бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1991). Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1977). З 1977 салістка Нац. акад. т-ра балета Беларусі.

Творчай індывідуальнасці Д. уласцівы шырокі акцёрскі дыяпазон, спалучэнне тэхн. віртуознасці з вял. пластычнай экспрэсіяй. Творчая вяршыня — партыя Рагнеды («Страсці» А.​Мдывані; Дзярж. прэмія Беларусі 1996), пазначаная магутным трагедыйным гучаннем. Сярод інш. вобразаў у класічных і сучасных балетах: Адэта—Адылія, Маша, Аўрора («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Сільфіда («Сільфіда» Х.​Левенскольда), Нікія і Кітры («Цені» і «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Марыя і Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Ундзіна («Ундзіна» Г.​Генцэ), Кармэн («Кармэнсюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына), Ева («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Каханая і Распусніца (вакальна-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа), Дзяўчына («Балеро» М.​Равеля), Дзева-выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага). Здымалася ў тэлеварыянтах спектакляў «Карміна Бурана», «Рамэо і Джульета», тэлефільме «Вяртанне вясны...». Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета (Масква, 1984). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 147—151;

Мушынская Т. «Лебедзь белы, лебедзь чорны...» // Беларусь. 1984. № 10;

Яе ж. Мой лёс, мая любоў... // Мастацтва Беларусі. 1985. № 10;

Яе ж. Трохі пра вечнае // Там жа. 1993. № 1.

Т.​М.​Мушынская.

І.А.Душкевіч.
І.Душкевіч у ролі Ундзіны.
І.Душкевіч у ролі Фрыгіі.

т. 6, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)