Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУРЫНО́ВІЧ Адам Гіляры Калікставіч [25.1.1869, б. фальварак Кавалі (Кавалькі), Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 4.2 (паводле інш. звестак 26 ці 29.1.1894), бел. паэт-дэмакрат, фалькларыст. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це (1887—93). Член, кіраўнік створанага ў 1889 нелегальнага «Гуртка моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай», які аб’ядноўваў студэнтаў шэрагу пецярбургскіх ВНУ і быў звязаны з Г.В.Пляханавым. У 1893 арыштаваны і зняволены, відаць, у Петрапаўлаўскую крэпасць. З-за хваробы адпраўлены пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль (Смаргонскі р-н), дзе і памёр ад чорнай воспы. На фарміраванне светапогляду Гурыновіча аказалі ўплыў распаўсюджанне марксізму ў Расіі, ідэі шляхецкіх рэвалюцыянераў і рэв. народніцтва 1880-х г., у т. л. бел. групы «Гоман». Пісаў на бел., рус. і польск. мовах. У паэзіі быў паслядоўнікам Ф.Багушэвіча (праграмны верш «Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею...»), выступаў з пазіцый рэалізму і народнасці, супраць сац., нац. і рэліг. ўціску, заклікаў да сац. барацьбы, да духоўнага абнаўлення (вершы «Перш душылі паны...», «Што ты спіш, мужычок...»). Пісаў у жанры пейзажнай («Бор», «Вясна») і элегічнай («Сцямнела на дворы і ціха кругом») лірыкі. Адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай паэзіі («Каток», «Рыбак»). На бел. мову пераклаў асобныя творы А.Пушкіна, І.Крылова, М.Някрасава, А.К.Талстога, А.Міцкевіча, Э.Ажэшкі, Я.Каспровіча, І.Франко. У Свянцянскім пав. зрабіў шмат запісаў бел. фальклору («Зборнік беларускіх твораў...», 1893). Упершыню яго творы апубл. (з уступным артыкулам Б.Тарашкевіча) у газ. «Беларускі звон» (1921). Частка рукапісаў спадчыны Гурыновіча зберагаецца ў БДАМ ЛІМ і Цэнтр. б-цы АН Літвы.

Тв.:

У кн.: Беларускія пісьменнікі другой паловы XIX ст., Мн., 1956;

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Гульман Р.І. Новыя архіўныя матэрыялы пра Адама Гурыновіча // Беларуская літаратура: Даслед. і публ. Мн., 1958. [Вып.] 1;

Шутовіч І. Адам Гурыновіч // Полымя. 1966. № 11;

Саламевіч Я. Адам Гурыновіч — фалькларыст // Тамсама. 1969. № 1;

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;

Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст., Мн., 1977;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Мальдзіс А. Невядомыя здымкі Адама Гурыновіча // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. № 4.

Р.М.Семашкевіч.

т. 5, с. 539

ГУРЫНО́ВІЧ Анатоль Емяльянавіч

(н. 9.9.1924, в. Слатвін Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1949), Вышэйшую дыпламат. школу МЗС СССР (1951). Удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З 1944 на сав. і гасп. рабоце. З 1951 у МЗС БССР, з 1957 у прадстаўніцтвах СССР і БССР пры ААН, заг. аддзела міжнар. эканам. арг-цый МЗС БССР, з 1961 нам. міністра, у 1966—90 міністр замежных спраў БССР. Мае дыпламат. ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. У 1966—90 узначальваў дэлегацыі БССР на сесіях Ген. Асамблеі ААН. Чл. ЦК КПБ у 1971—90. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1967—90.

т. 5, с. 539

ГУРЫНО́ВІЧ Георгій Паўлавіч

(26.4.1933, г. Барысаў Мінскай вобл. — 25.2.1994, бел. фізік. Акад. АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1970),

д-р фіз.-матэм. н. (1969), праф. (1970). Скончыў БДУ (1956). З 1959 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі і люмінесцэнцыі. Выявіў залежнасць ступені палярызацыі свячэння раствораў арган. злучэнняў ад даўжыні хвалі ўзбуджальнага выпрамянення і па спектры люмінесцэнцыі. Распрацаваў шэраг метадаў фіз. кантролю ў вытв-сці, біялогіі і медыцыне. Дзярж. прэмія Беларусі 1980.

Тв.:

Спектроскопия хлорофилла и родственных соединений Мн., 1968 (разам з А.Н.Сеўчанкам, К.М.Салаўёвым);

Квантовая эффективность элементарных стадий фотохимических реакций хлорофилла // Молекулярная фотоника. Л., 1970;

Первичные физические процессы фотосинтеза (разам з А.П.Лосевым, Э.І.Зянькевічам) // Хлорофилл. Мн., 1974.

М.І.Токараў.

т. 5, с. 539

ГУРЫНО́ВІЧ Хведар Хведаравіч

(н. 14.9.1950, в. Крывічы Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1981). Працаваў на будоўлі, на Мінскім электратэхн. з-дзе, у рудаўпраўленні і на рамонтна-мех. заводзе ў Салігорску. З 1986 у газ. «Калійшчык Салігорска». Друкуецца з 1969. Роздум над разнастайнымі праблемамі сучаснасці і гісторыі, лёсам роднага слова, прыроды роднага краю ў зб-ках «Хлеб і соль» (1980), «Шматгалосная кветка» (1983), «Дачыненне» (1991), «Вішня цвіце» (1992), «Пасадзім па дрэўцу» (1993), «Што я ўнуку скажу» (1996).

т. 5, с. 540

ГУ́РЫНСКАЯ КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я,

філіял Нац. маст. музея Беларусі. Адкрыта ў 1976 у в. Гурыны Мазырскага р-на Гомельскай вобл. як музей на грамадскіх пачатках, з 1978 галерэя, філіял Нац. маст. музея. Размешчана ў будынку б. Школы. 7 выставачных залаў, плошча 210 м²; больш за 200 твораў бел. жывапісу, скульптуры, графікі, дэкар.-прыкладнога мастацтва.

т. 5, с. 540

ГУ́РЫН-МАРАЗО́ЎСКІ Міхаіл Іванавіч

(парт. псеўд. Стах, Ян; 19.11.1891, в. Ярэмічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 16.3.1928),

бел. паліт. дзеяч, удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Пскоўскі настаўніцкі ін-т (1912). У 1-ю сусв. вайну ў арміі, пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Чырв. Арміі. Вучыўся ў Акадэміі Генштаба. З 1920 у Беларусі, уваходзіў у Бел. камуніст. арг-цыю, якая ў жн. 1920 улілася ў КП(б)Б. З 1921 рэдактар газет «Белорусская деревня», «Савецкая Беларусь». З 1924 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. У 1924—25 чл. ЦК КПЗБ. Падтрымліваў ініцыятыву падрыхтоўкі ўзбр. паўстання ў Зах. Беларусі з мэтай далучэння яе да БССР, выступаў за аб’яднанне Беларусі. Адзін з лідэраў групоўкі ў ЦК КПЗБ (гл. Сэцэсія). За арганізацыю падп. друкарні ў Вільні зняволены польск. ўладамі ў беластоцкую турму. На працэсе 56-і над дзеячамі Бел. сялянска-работніцкай грамады ў якасці сведкі даў паказанні супраць Б.І.Тарашкевіча і С.А.Рак-Міхайлоўскага, якіх лічыў здраднікамі бел. справе. Аўтар успамінаў «З недалёкага мінулага» (1927). Кіраўніцтва КПП, КПЗБ і Камінтэрна абвясціла Гурына-Мазоўскага правакатарам, ён быў выключаны з партыі. Забіты С.А.Клінцэвічам у Вільні.

Т.С.Процька, У.У.Грамовіч.

т. 5, с. 539

Гурын Сцяпан Сафронавіч

т. 18, кн. 1, с. 375

ГУ́РЫЧ Соф’я Якаўлеўна

(н. 29.12.1919, Мінск),

бел. актрыса, рэжысёр т-ра і радыё. Засл. работнік культуры Беларусі (1985). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Т-ры юнага гледача БССР (1937—41). Дыктар на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь», у Брэсцкім і Гомельскім абл. драм. т-рах. У 1967—86 гал. рэжысёр літ.-драм. вяшчання Бел. рэсп. радыё. Ажыццявіла больш за 200 радыёпастановак, пераважна твораў бел. пісьменнікаў (у большасці была і аўтарам інсцэніровак). Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за радыёпастаноўкі «Хамуціус» паводле А.Куляшова і «Рыбакова хата» паводле Я.Коласа.

т. 5, с. 540

ГУ́РЫЯ,

гістарычная вобласць на З Грузіі (сучасныя Махарадзеўскі, Чахатаурскі і Ланчхуцкі р-ны Грузіі). У 14 — пач. 19 ст. тут існавала Гурыйскае княства. У 1811—1917 у складзе Расіі. На яе тэр. адбыліся 2 сял. паўстанні супраць рас. адміністрацыі і мясц. памешчыкаў (у 1841 і 1905), ліквідаваныя рас. войскамі. З 1918 у складзе Грузіі.

т. 5, с. 540

ГУРЭ́ВІЧ Іосіф Рыгоравіч

(н. 26.3.1929, г. Курган, Расія),

бел. вучоны ў галіне цепла- і масаабмену. Д-р тэхн. н. (1978). Скончыў Маскоўскі інж.-фіз. ін-т (1951). З 1952 у Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні пераўтварэнняў хім. энергіі паліва ў электрычную (тэорыя сітаватых электродаў з вадкім палівам, прынцыпы і ўмовы самарэгулявання работы эл.-хім. генератараў энергіі і інш.). Удзельнічаў у стварэнні першых у СССР паліўных элементаў для касм. апаратаў.

Тв.:

Кристаллический триод и его применение. Мн., 1957 (разам з М.М.Сімкіным);

Жидкостные пористые электроды. Мн., 1974 (разам з Ю.М.Вальфковічам, У.С.Багоцкім).

А.І.Болсун.

т. 5, с. 540