ГУ́РЧАНКА Людміла Маркаўна
(н. 12.11.1935, г. Харкаў, Украіна),
расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1958). Яе мастацтву ўласцівы тэмперамент, лірызм, музыкальнасць. Выконвала камедыйныя, вострахарактарныя ролі ў кіно: «Карнавальная ноч», «Дзяўчына з гітарай», «Саламяны капялюшык» і «Нябесныя ластаўкі» (тэлевізійныя), «Мама». Яе драм. талент праявіўся ў фільмах: «Старыя сцены» (Дзярж. прэмія Расіі 1976), «Дваццаць дзён без вайны», «Сібірыяда», «Пяць вечароў», «Палёты ў сне і наяве», «Вакзал для дваіх» і інш. Выступае як эстр. спявачка. Аўтар кніг «Маё дарослае дзяцінства» (1982), «Апладысменты» (1987) і інш.
т. 5, с. 538
ГУ́РЫ
(Guri),
вадасховішча ў Венесуэле, на р. Карані (правы прыток р. Арынока), у каньёне Некуйма. Пл. 4250 км², аб’ём 135 км³, даўж. 70 км. Створана (1968—86) для мэт энергетыкі.
т. 5, с. 538
ГУРЫ́ДЫ,
дынастыя султанаў, якая правіла на тэр. сучаснага Афганістана і ч. Індыі ў 1148—1206. Паходзілі з роду Суры. Цэнтр заснаванай імі дзяржавы ахопліваў горную вобл. Гур у Афганістане (адсюль назва дынастыі), сталіцамі былі гарады Фірузкух і Газні. Найб. магутнасці дасягнулі ў час. праўлення братоў Гіяс-ад-дзіна Мухамеда [1163—1203] і Шыхаб-ад-дзіна (Муіз-ад-дзіна ці Мухамеда Гуры, правіў у 1203—06), якія заваявалі амаль усе афг. землі, Сінд, Пенджаб, Бенарэс і інш. вобласці і гарады Індыі. Пасля ваен. паражэння Гурыдаў у барацьбе з харэзмшахамі іх дзяржава распалася (1206).
т. 5, с. 538
ГУРЫ́ЙСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальная дзяржава на тэр. Зах. Грузіі (Гурыі) у 14 — пач. 19 ст. Уключала таксама тэр. Аджарыі з г. Батумі. Палітычна незалежная з 16 ст. Унутр. міжусобіцы і барацьба з Турцыяй прывялі Гурыйскае княства да заняпаду, а яго правіцелі сталі васаламі цароў Імерэты. У 18 ст. Аджарыя з Батумі, гарады Кабулеты і Хіна заваяваны туркамі. У 1811 Гурыйскае княства далучана да Рас. імперыі, у складзе яе захоўвала аўтаномію да 1828.
т. 5, с. 538
ГУРЫЛЁЎ Аляксандр Львовіч
(3.9.1803, Масква — 11.9.1858),
рускі кампазітар, піяніст. Музыцы вучыўся ў бацькі, прыгоннага музыканта Л.С.Гурылёва, дырыжора і скрыпача аркестра графа У.Р.Арлова. У 1831 разам з бацькам атрымаў вольную, працаваў у Маскве. Яркі прадстаўнік дэмакр. кірунку ў рус. рамансе. Многія яго песні сталі народнымі. Найб. вядомыя песні, блізкія да быт. раманса: «Матачка-галубачка», «Аднастайна гучыць званочак», «Сарафанчык», «Уецца ластаўка», а таксама рамансы «Разлука» («На заранку туманнага юнацтва»), «Вам не зразумець майго смутку» і інш. Значная галіна яго творчасці — фп. музыка, у якой вылучаюцца варыяцыі на тэмы нар. песень, рамансаў, опер, а таксама фп. п’есы. Збіраў і апрацоўваў нар. песні.
т. 5, с. 538
ГУ́РЫН Антон Іосіфавіч
(28.9.1910, в. Шпількі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.10.1962),
Герой Сав. Саюза (1954), контр-адмірал (1951). Скончыў ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе (1932), Ваенна-марскую акадэмію імя Варашылава (1948). У ВМФ з 1928. У 1935—40 штурман дывізіёна падводных лодак, камандзір падводнай лодкі, эскадранага мінаносца. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўн. флоце, камандзір дывізіёна эскадраных мінаносцаў; толькі з 1944 удзельнічаў у 18 баявых аперацыях, суправаджаў 95 транспартаў, камандаваў 10 аперацыямі па канваіраванні саюзных транспартаў і аперацыямі па пошуку падводных лодак ворага. З 1949 нач. штаба і камандзір злучэння караблёў, нач. кафедры Ваенна-марской акадэміі імя Варашылава.
т. 5, с. 538
ГУ́РЫН Валерый Мікалаевіч
(н. 30.1.1938, г. Віцебск),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі чалавека і жывёл. Акад. Нац. АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1986), д-р мед. н. (1974). Акад. Міжнар. славянскай АН адукацыі, мастацтваў і культуры (Расія), замежны чл. Акадэміі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага, акад. Міжнар. АН (Расійская секцыя; 1994). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1961). З 1963 у Мінскім мед. ін-це (з 1973 заг. кафедры нармальнай фізіялогіі), з 1984 дырэктар Ін-та фізіялогіі АН Беларусі, з 1995 адначасова акадэмік-сакратар Аддзялення медыка-біял. навук АН Беларусі. Навук. працы па нерв. і гарманальных механізмах тэрмарэгуляцыі арганізма. Прапанаваў канцэпцыю развіцця паталаг. станаў пры парушэнні працэсаў спалучэння тэрмарэгуляцыі і абмену складаных ліпідаў у арганізме. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Тв.:
Центральные механизмы терморегуляции. Мн., 1980;
Обмен липидов при гипотермии, гипертермии и лихорадке. Мн., 1986;
Терморегуляция и симпатическая нервная система. Мн., 1989;
Механизмы лихорадки. Мн., 1993.
т. 5, с. 539
ГУ́РЫН Міхаіл Фёдаравіч
(н. 8.11.1941, в. Радунь Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. археолаг, гісторык. Д-р гіст. н. (1991). Скончыў БДУ (1971). У 1966—76 працаваў у БПІ, з 1976 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Праводзіў археал. раскопкі паселішчаў жалезнага веку на Брэстчыне, Гомельшчыне, Магілёўшчыне і Міншчыне. Даследуе структуру чорных металаў, развіццё вытв-сці жалеза і кавальскай справы на Беларусі з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. Чл. Міжнар. к-та па вывучэнні стараж. металургіі.
Тв.:
Древнее железо Белорусского Поднепровья (1 тысячелетие н. э.). Мн., 1982;
Мир: Ист.-экон. очерк. Мн., 1985;
Кузнечное ремесло Полоцкой Земли IX—XIII вв. Мн., 1987.
т. 5, с. 539
ГУ́РЫНА Ніна Мікалаеўна
(30.6.1909, г. Растоў Яраслаўскай вобл., Расія — 9.9.1990),
рускі археолаг. Д-р гіст. н. (1963). Скончыла Маскоўскі дзярж. ун-т (1930). У 1935—38 працавала ў Эрмітажы, з 1936 у Ін-це гісторыі матэрыяльнай культуры АН СССР (Ленінград). На Беларусі вывучала Краснасельскія крэменездабыўныя шахты (Ваўкавыскі р-н). Распрацавала методыку пошуку і даследавання шахтаў, дала іх характарыстыку, вызначыла датаванне і прыналежнасць да шнуравой керамікі культур. Даследавала больш за 50 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў на Панямонні і Падзвінні.
т. 5, с. 539