Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАКА́ЗНІК-ЖУРАВІ́ННІК,

гл. ў арт. Біялагічныя заказнікі.

т. 6, с. 503

ЗАКАМА́РА,

паўкруглае ці кілепадобнае завяршэнне часткі сцяны будынка паміж 2 лапаткамі, якое адпавядае форме ўнутр. скляпення (звычайна паўцыркульнага).

Найб. характэрны для візант. крыжова-купальнай сістэмы, у 10—13 ст. шырока выкарыстоўваліся ў стараж.-рус. (сафійскія саборы ў Кіеве, Ноўгарадзе і інш.), рус. архітэктуры 14—17 ст. (Успенскі сабор Маскоўскага Крамля).

На Беларусі З. вядомы ў 11—12 ст. у Сафійскім саборы і Спаса-Ефрасіннеўскай царкве ў Полацку, Барысаглебскай у Гродне, а таксама ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў храмах псеўдарус. стылю (цэрквы Аляксандра Неўскага ў Мінску, Сімяона ў Брэсце, у Камянцы, Бешанковічах і інш.).

Закамара.

т. 6, с. 503

ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

1) адзін з асноўных метадаў ажыццяўлення дзяржавай сваіх функцый, які выяўляецца ў выданні органамі дзярж. улады законаў.

2) Сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў цэлым, або адзін з відаў грамадскіх адносін (цывільнае, крымін., зямельнае З. і г.д.). У Рэспубліцы Беларусь паняцце «З.» звычайна ўключае: Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, канстытуцыйныя законы, законы і пастановы Нац. сходу Рэспублікі Беларусь, дэкрэты, распараджэнні і ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановы СМ Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 504

ЗАКАНАДА́ЎСТВА АБ АХО́ВЕ ПРЫРО́ДЫ,

гл. Прыродаахоўнае заканадаўства.

т. 6, с. 504

ЗАКАНАДА́ЎСТВА АБ НЕ́ТРАХ,

гл. ў арт. Ахова нетраў.

т. 6, с. 504

ЗАКАНАДА́ЎСТВА АБ ПРА́ЦЫ,

гл. ў арт. Ахова працы, Працоўнае права.

т. 6, с. 504

ЗАКАНАДА́ЎЧАЯ ІНІЦЫЯТЫ́ВА,

права ўнясення законапраектаў у заканадаўчыя органы, якое цягне за сабой абавязак гэтых органаў абмеркаваць законапраект і прыняць па ім рашэнне. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права З.і. належыць Прэзідэнту, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Нац. сходу Рэспублікі Беларусь, ураду, а таксама грамадзянам у колькасці не менш як 50 тыс. чал., якія валодаюць выбарчым правам. Рэалізуецца ў Палаце прадстаўнікоў.

т. 6, с. 504

ЗАКАНАДА́ЎЧАЯ ЎЛА́ДА,

сістэма дзярж. органаў, якія маюць права выдаваць законы. Ў адпаведнасці з тэорыяй раздзялення ўлад адна з трох улад, якія ўраўнаважваюць у дзяржаве адна адну. У дэмакр. дзяржавах З.ў. можа ажыццяўляцца спец. заканадаўчымі органамі (парламент, мясц. заканадаўчыя асамблеі), а таксама і непасрэдна выбарчым корпусам (палітычна дзеяздольнымі грамадзянамі) шляхам рэферэндуму; ў некаторых выпадках і органамі выканаўчай улады — у парадку дэлегаванага заканадаўства. У Рэспубліцы Беларусь З.ў. належыць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 504

«ЗАКАНАДА́ЎЧЫЯ А́КТЫ ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА XV—XVI стст.»

(«Законодательные акты Великого княжества Литовского XV—XVI вв.»),

зборнік заканадаўчых і нарматыўных актаў, прывілеяў і суд. спраў ВКЛ. Выдадзены ў 1936 Ленінградскім ун-там. Змешчана больш за 20 дакументаў, у т.л. Прывілей 1447, Судзебнік 1468, Устава дзяржаўцам 1529, урыўкі з «Уставы на валокі» 1557, фрагменты Статутаў ВКЛ 1529, 1566, 1588. Правапіс крыніц адаптаваны. У дадатку — кароткая храналагічная табліца па гісторыі ВКЛ, тлумачальны слоўнік.

т. 6, с. 504

ЗАКАПА́НЭ (Zakopane),

горад на Пд Польшчы, у Новасандэцкім ваяв., каля падножжа Татраў. 30 тыс. ж. (1994). Харч. прам-сць. Тэатр, музеі (Татранскі, Я.Каспровіча, К.Шыманоўскага і інш.), маст. галерэі. Цэнтр традыц. нар. промыслаў (ткацтва, выраб карункаў, разьба па дрэве). Штогадовыя міжнар. фалькл. фестывалі. З 19 ст. развіваецца горна-кліматычны курорт. Буйнейшы ў Польшчы цэнтр круглагадавога адпачынку, турызму, альпінізму і зімовага спорту, а таксама кліматычнага лячэння хвароб органаў дыхання. Паблізу Татранскі нац. парк, горныя азёры, у т.л. Морске-Вока.

т. 6, с. 504