Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЕПР,

гл. Дзік.

т. 4, с. 91

ВЕ́ПРАЎШЧЫНА,

вепраўшчызна, павепраўшчызна, грашовы падатак у ВКЛ, які ў 16—18 ст. спаганяўся з сялян за права карыстання ляснымі ўгоддзямі землеўласніка. Памер вызначаўся непасрэдна зямельным уласнікам.

т. 4, с. 91

ВЕ́ПРЫК Уладзімір Іванавіч

(н. 16.9.1927, в. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія),

бел. спявак (лірычны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1956). Працаваў у Кіеўскай філармоніі, Львоўскім т-ры оперы і балета. З 1963 саліст Бел. філармоніі. Сярод оперных партый: Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). У канцэртным рэпертуары лірычныя песні, рамансы, оперныя арыі і інш.

т. 4, с. 91

ВЕ́РА,

прыняцце якіх-небудзь ідэй, ведаў, меркаванняў, палажэнняў і інш. без непасрэднага эмпірычнага і рацыянальнага абгрунтавання. У філасофіі — стан суб’екта, цесна звязаны з духоўным светам асобы. Узнікае на аснове пэўнай інфармацыі пра аб’ект. Выяўляецца ў ідэях ці вобразах, суправаджаецца эмоцыяй упэўненасці і шэрагам іншых пачуццяў і служыць матывам, стымулам, устаноўкай і арыенцірам чалавечай дзейнасці. Паводле У.Салаўёва, вера — гэта прызнанне чаго-небудзь сапраўдным з такой рашучасцю, якая перавышае сілу знешніх фактычных і фармальна-лагічных доказаў. І.Кант трактаваў веру як пазіцыю розуму, які прымае тое, што з’яўляецца недаказальным, але неабходным для абгрунтавання маральнага імператыву. У псіхалогіі — асаблівы стан псіхікі, калі чалавек цалкам і безагаворачна прымае пэўныя звесткі, з’явы, падзеі або ўласныя ўяўленні, якія могуць стаць у далейшым асновай яго «я», вызначаць некаторыя яго ўчынкі, разважанні, нормы паводзін. У выніку практычнай дзейнасці, тэарэт. пазнання, лагічных разважанняў, адчуванняў, уяўленняў і валявых намаганняў чалавек фарміруе ў сваёй свядомасці вобразы рэчаіснасці, уяўленні пра свет і сваё месца ў ім. Калі чалавек не ў стане асэнсаваць тую ці іншую з’яву, ён або прымае яе на веру, або адмаўляецца ў пэўнай форме ад пазнання. У рэлігіі вера — прыняцце Бога як першакрыніцы ўсяго існага, стваральніка свету, жыцця на зямлі і самога чалавека, прыняцце пэўных сцверджанняў (догматаў) і рашучасць прытрымлівацца іх насуперак усім сумненням. Асновы такой веры значна глыбей, чым веды і мысленне, у адносінах да якіх вера — першапачатковы фактар і таму мацней за іх. Тэалогія лічыць рэліг. веру неад’емнай уласцівасцю чалавечай душы, божым дарам. Для пераадолення супярэчнасцей паміж розумам і верай артадаксальная тэалогія выкарыстоўвае максіму Аўгусціна Блажэннага і Ансельма Кентэрберыйскага «верую дзеля таго, каб разумець», якая з’яўляецца зыходным пунктам для пабудовы паслядоўнасці фармальна-лагічных вывадаў.

В.М.Пешкаў.

т. 4, с. 91

ВЕ́РА,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 8 км на ПнУ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 0,21 км², даўж. 850 м, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі 2 км. Пл. вадазбору 5,5 км².

Схілы катлавіны выш. 5—8 м, разараныя, месцамі пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, на З сплавінныя. Дно плоскае, да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей выслана сапрапелем. Злучана ручаём з воз. Недрава.

т. 4, с. 92

«ВЕРАБЕ́Й»,

традыцыйны бел. танец. Цесна звязаны са шматлікімі карагоднымі варыянтамі, у аснове якіх кругавая пабудова, імітацыя рухаў вераб’я, суправаджэнне прыпеўкамі. Складаецца з 2 частак: 1-я ва ўмераным тэмпе, муз. памер трохдольны, 2-я — у хуткім, муз. памер ​2/4. Уваходзіў у рэпертуар трупы І.Буйніцкага. Быў вядомы ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

Ю.М.Чурко.

т. 4, с. 92

ВЕРАБЕ́Й Анатоль Леанідавіч

(н. 10.8.1950, в. Вайнілавічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1979). Скончыў БДУ (1972). У 1977—90 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1990 у БДУ. Друкуецца з 1976. Даследуе сучасную бел. л-ру, пытанні маст. перакладу і літ. сувязей. Аўтар манаграфій «Максім Танк і польская літаратура» (1984), «Жывая повязь часоў: Нарыс творчасці Уладзіміра Караткевіча» (1985), «Беларуска-рускі паэтычны ўзаемапераклад 20—30-х гадоў» (1990), «Абуджаная памяць: Нарыс жыцця і творчасці У.Караткевіча» (1996), брашуры «Паэзія Максіма Танка» (1983). Падрыхтаваў да выдання «Збор твораў» П.Пестрака (т. 3, 1985), зб. «На ўзвеях дзён» У.Хадыкі (1986), «Збор твораў» У.Караткевіча (т. 1—8, 1987—91), кн. яго перакладаў «Галасы маіх сяброў» (1993) і «Творы» (1996). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма пра Караткевіча «Рыцар і слуга Беларусі» (1991).

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 92

ВЕРАБЕ́Й Яўген, гл. Міклашэўскі Яўген.

т. 4, с. 92

ВЕРАБЕ́ЙНІК

(Lithospermum),

род кветкавых раслін сям. Бурачнікавых. Больш за 60 відаў. Пашыраны пераважна ў краінах Міжземнамор’я. На Беларусі вядомы верабейнік лекавы (Lithospermum officinale), які лічыцца зніклым; адзначаўся ў наваколлі г. Тураў. Вырошчваецца ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі.

Шматгадовыя шурпатаваласістыя травяністыя расліны з прамастойным, у верхняй ч. злёгку разгалінаваным сцяблом. Лісце простае, сядзячае, ланцэтнае. Кветкі дробныя, двухполыя, белаватыя, у верхавінкавых або бакавых аблісцелых завітках, сабраных у агульнае паўпарасонікападобнае суквецце. Плод — чатырохарэшак. Лек. (мачагонны, слабіцельны і болепатольны сродак), тэхн. (насенне мае тлусты алей, выкарыстоўваецца ў лакафарбавай прам-сці) і фарбавальныя (у каранях ёсць фарбавальнае рэчыва — літаспермін) расліны.

т. 4, с. 92

ВЕРАБ’ЁЎ Павел Віктаравіч

(н. 7.11.1958, в. Рабавічы Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1983). Працаваў у раённым і рэсп. друку. З 1994 у газ. «Мінская праўда». Друкуецца з 1976. Аўтар паэтычных зб-каў «Крытычная маса» (1990) і «Цёмнае віно» (1995).

т. 4, с. 92