Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАЦЯРЫ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Свіслач, за 18 км на ПнЗ ад г. Мар’іна Горка. Пл. 0,58 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 900 м. Схілы катлавіны на Пн пад лесам і хмызняком. У разводдзе сцёк з возера ў р. Свіслач.

т. 10, с. 233

МАЦЯРЫ́НСКАЯ ПАРО́ДА,

1) глебаўтваральная парода, верхні слой зямной кары, горныя пароды якога ператвараюцца ў глебу ў выніку фіз., хім., біял. працэсаў і дзейнасці чалавека; адзін з глебаўтваральных фактараў. Паводле паходжання адрозніваюць М.п. азёрныя, алювіяльныя, балотныя, дэлювіяльныя, ледавіковыя, магматычныя, марскія, пралювіяльныя, элювіяльныя, эолавыя (гл. адпаведныя арт.) і інш. Паводле хім.-мінералагічных уласцівасцей яны бываюць карбанатныя, кварцавыя, палёвашпатавыя і інш. Паводле будовы тоўшчы падзяляюцца на аднародныя (магутнасць больш за 1,5 м), двух-, трох-, шматчленныя (пароды зменьваюцца ў межах глебавага профілю). Паводле мех. складу вылучаюць М.п. гліністыя, сугліністыя, супясчаныя, пясчаныя і іх камбінацыі. Ад уласцівасцей М.п. залежаць мінералагічны, хім., грануламетрычны склад глебы, яе водна-фіз. ўласцівасці і ўрадлівасць. На Беларусі М.п. — адклады антрапагенавага перыяду (пераважна сярэдняга, позняга плейстацэну і галацэну), у асобных раёнах — выхады больш стараж. адкладаў. Пераважныя генет. тыпы М.п.: марэнныя адклады, флювіягляцыяльныя адклады, азёрна-ледавіковыя і інш. 2) Горная парода, з якой паходзяць інш. горныя пароды або карысныя выкапні.

т. 10, с. 233

МАЦЯРЫ́НСТВА,

біялагічныя і сац. адносіны маці да дзіцяці. Біял. адносіны вызначаюцца паходжаннем дзіцяці ад маці (кроўная роднасць) і спалучаны з выкананнем жанчынай рэпрадукцыйнай функцыі, служаць падставай для юрыд. ўстанаўлення М. М. — складаная частка сац. ін-та бацькоўства і ўплывае на функцыянаванне сям’і як малой сац.-псіхал. групы грамадства. Асн. функцыі М. — рэпрадукцыйная і выхаваўчая — непарыўна звязаны паміж сабой, пачынаючы ад нараджэння дзіцяці, догляду за ім і ў далейшым з яго выхаваннем, навучаннем і г.д. Разам з бацькоўствам М. найб. поўна задавальняе фіз., эмацыянальныя і сац. патрэбнасці дзіцяці, забяспечвае яго паступовае ўключэнне ў сістэму сац. адносін, спрашчае засваенне сац. роляў. Значэнне М. як інстытута выхавання мяняецца ў залежнасці ад сац.-эканам., ідэалаг. і гіст. умоў развіцця грамадства (ад выключна грамадскага да хатняга выхавання). Рэалізацыя асн. функцый М. адбываецца ў сувязі з функцыянаваннем сям’і, прыватнай формай якой з’яўляецца «мацярынская сям’я».

т. 10, с. 233

МАЦЯ́Ш (Ніна Іосіфаўна) (н. 20.9.1943, в. Нівы Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1966). Настаўнічала. Друкуецца з 1962. Аўтар паэтычных зб-каў «Агонь» (1970), «Удзячнасць» (1973), «Ралля суровая» (1976), «Прыручэнне вясны» (1979), «Поўны келіх» (1982), «Жнівень» (1985), «Шчаслівай долю назаві...» (1990), «Я вас люблю» (1998) і інш. За «Паэму жніва» (1983) Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1984. Асн. матывы яе лірыкі — чалавек і яго ўзаемаадносіны з прыродай і грамадствам, сяброўства і каханне. Для яе вершаў характэрны спавядальнасць, філас. заглыбленасць, шчырасць. Для дзяцей напісала казкі «Два браты і сякера» (1975), «Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя» (1982), «Краіна Белы Свет, або Прыгоды Краснічка» (1993), п’есы для тэатра лялек «Прыгоды трох парасят» (паст. 1976), «Крок у бессмяротнасць» (паст. 1977), тэлесцэнарыі «Пясняр роднай прыроды» (паст. 1978), «Гэта я, Госпадзі» (паст. 1980). На бел. мову пераклала кнігі Ж.​Аліўе, Ж.​Сіменона, А.​Сент-Экзюперы, Л.​Кастэнкі, В.​Барны, В.​Шымборскай і інш., паасобныя творы П.​Беранжэ, П.​Мерыме, Ф.​Шылера, Ю.​Славацкага, Т.​Хрусцялеўскага, А.​Гаўрылюка, П.​Маха і інш.

Тв.:

Паварот на лета. Мн., 1986;

Паміж усмешкай і слязой. Мн., 1993;

Палёт над жытам. Брэст, 1997.

У.​С.​Ліпскі.

т. 10, с. 233

МАЧАВАРЫЯ́НІ (Аляксей Давідавіч) (н. 6.10.1913, г. Горы, Грузія),

грузінскі кампазітар, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Засл. дз. маст. Грузіі (1950). Нар. арт. СССР (1958). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1936), з 1939 выкладае ў ёй (з 1963 праф.). У 1934—37 заг. муз. часткі Груз. т-ра муз. камедыі, у 1956—58 маст. кіраўнік Дзярж. сімф. аркестра Грузіі. У 1962—68 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Грузіі, у 1962—73 сакратар Саюза кампазітараў СССР. Творчасць М. з яе яскравым нац. каларытам і рамант. прыўзнятасцю адыграла значную ролю ў развіцці груз. муз. мастацтва. Сярод твораў: оперы «Маці і сын» (паст. 1945), «Гамлет» паводле У.​Шэкспіра (1967); балеты «Атэла» паводле Шэкспіра (паст. 1957), «Віцязь у тыгравай шкуры» паводле Ш.​Руставелі (1973, паст. 1985); муз. камедыя «Клоп» паводле У.​Маякоўскага (паст. 1980), араторыя «Дзень маёй Радзімы» (1952); 5 сімфоній (1947—86); канцэрт для скрыпкі з арк. (1949) і інш.; 5 маналогаў для барытона і сімф. арк. на словы В.​Пшавелы (1968); камерна-інстр. ансамблі; санаты, «Грузінскія фрэскі», «Парыжскія замалёўкі» для фп.; хары, рамансы, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1951. Дзярж. прэмія Грузіі 1971.

т. 10, с. 233

МАЧАВАРЫЯ́НІ (Мухран Іванавіч) (н. 12.4.1929, с. Аргвеці, Грузія),

грузінскі паэт. Вучыўся ў Тбіліскім ун-це (1952). Друкуецца з 1952. У паэт. зб-ках «Вершы» (1955), «Вымушаны вас узрадаваць» (1957), «Няхай крочаць» (1970), «Калі б не тыя, хто быў калісьці...» (1973), «Як Кура» (1987), «Шматпакутны...» (1989) і інш. складаны свет узаемаадносін чалавека і грамадства, гіст. лёс краіны, жыццё і праца суайчыннікаў. Лірыка М. адметная грамадзянскім пафасам, публіцыстычнасцю, жыццесцвярджальнасцю, багатай нюансіроўкай верша. Пераклаў на груз. мову шэраг твораў Я.​Купалы. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.​Грачанікаў, У.​Някляеў.

Тв.:

Рус. пер. — Тишина без тебя. М., 1974.

Н.І.Мацяш.
А.Д.Мачаварыяні.

т. 10, с. 233

МАЧАВА́Я КІСЛАТА́ (2, 6, 8-трыоксіпурын),

канчатковы прадукт абмену пурынаў і бялкоў у арганізме чалавека і жывёл. Бясколерныя крышталі, раскладаюцца ніжэй т-ры плаўлення, дрэнна раствараюцца ў вадзе. М.к. адкрыў швед. хімік К.​Шэеле (1776) у мачы. Утвараецца пераважна ў печані, невял. колькасць ёсць у тканках (мозг, кроў), мачы і поце. Пры некат. парушэннях абмену рэчываў адбываецца назапашванне М.к. і яе кіслых солей (уратаў), што выклікае нефрыты, артрыты, артрозы, таксікозы цяжарных і інш. хваробы. Зыходны прадукт для прамысл. сінтэзу кафеіну.

Мачавая кіслата.

т. 10, с. 234

МАЧАВІ́НА, карбамід,

амід вугальнай к-ты (NH2)2CO; канчатковы прадукт бялковага абмену ў большасці пазваночных жывёл і чалавека. Біясінтэз М. адбываецца ў печані (гл. Арніцінавы цыкл). З арганізма выводзіцца з мачой. М. адкрыта ў 1773 франц. хімікам І.​Руэлем. Яе хім. састаў устанавіў у 1824 англ. хімік У.​Праўт; сінтэзаваў у 1828 Ф.Вёлер.

Бясколернае крышт. рэчыва. Не мае паху, tпл 132,7 °C, шчыльн. 1330 кг/м³ (25 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, вадкім аміяку. Хімічна актыўнае злучэнне: утварае клатраты [напр., з пераксідам вадароду CO(NH2)2∙H2O2]; узаемадзейнічае са спіртамі. карбонавымі к-тамі і іх ангідрыдамі, з двухасноўнымі к-тамі (гл. Барбітуравая кіслата), анілінам, гідразінам і інш. арган. рэчывамі. Лёгка кандэнсуецца з фармальдэгідам (гл. Амінаальдзгідныя смолы). У прам-сці атрымліваюць з аміяку і дыаксіду вугляроду пры т-ры 180—230 °C пад ціскам (12—25 МПа). Выкарыстоўваюць для атрымання мачавіна-фармальдэгідных смол, фарбавальнікаў, снатворных сродкаў (веранал, люмінал і інш.), для дэпарафінізацыі нафты, у сельскай гаспадарцы як канцэнтраванае азотнае ўгнаенне (мае 46 % азоту) пад розныя с.-г. культуры на любых глебах, а таксама як заменнік пратэіну ў кармах для жвачных жывёл.

А.​І.​Валожын.

т. 10, с. 234

МАЧАВІ́НА-ФАРМАЛЬДЭГІ́ДНЫЯ СМО́ЛЫ,

гл. ў арт. Амінаальдэгідныя смолы.

т. 10, с. 234

МАЧАВЫ́ ПУЗЫ́Р,

орган некаторых беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека, у якім назапашваецца мача перад вывядзеннем з арганізма. У беспазваночных жывёл бывае няпарны (напр., у калаўротак), множны (напр., у малашчацінкавых чарвей, п’явак), парны (напр., у вышэйшых ракападобных). У пазваночных жывёл звычайна няпарны. У чалавека М.п. — полы мешкападобны орган мочапалавой сістэмы, размешчаны ў малым тазе. Сярэдняя ёмістасць 500 см³. Сценкі высланы слізістай абалонкай. Мача паступае ў М.п. праз мачаточнікі. Нерв. элементы ў абалонках М.п. рэагуюць на расцягванне органа пры напаўненні, выклікаюць рэфлекторнае скарачэнне гладкіх міяцытаў мышачнай абалонкі і расслабленне сфінктэраў, што вядзе да мочавыдзялення.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 234