МАЧАВІ́НА, карбамід,
амід вугальнай к-ты (NH2)2CO; канчатковы прадукт бялковага абмену ў большасці пазваночных жывёл і чалавека. Біясінтэз М. адбываецца ў печані (гл. Арніцінавы цыкл). З арганізма выводзіцца з мачой. М. адкрыта ў 1773 франц. хімікам І.Руэлем. Яе хім. састаў устанавіў у 1824 англ. хімік У.Праўт; сінтэзаваў у 1828 Ф.Вёлер.
Бясколернае крышт. рэчыва. Не мае паху, tпл 132,7 °C, шчыльн. 1330 кг/м³ (25 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, вадкім аміяку. Хімічна актыўнае злучэнне: утварае клатраты [напр., з пераксідам вадароду CO(NH2)2∙H2O2]; узаемадзейнічае са спіртамі. карбонавымі к-тамі і іх ангідрыдамі, з двухасноўнымі к-тамі (гл. Барбітуравая кіслата), анілінам, гідразінам і інш. арган. рэчывамі. Лёгка кандэнсуецца з фармальдэгідам (гл. Амінаальдзгідныя смолы). У прам-сці атрымліваюць з аміяку і дыаксіду вугляроду пры т-ры 180—230 °C пад ціскам (12—25 МПа). Выкарыстоўваюць для атрымання мачавіна-фармальдэгідных смол, фарбавальнікаў, снатворных сродкаў (веранал, люмінал і інш.), для дэпарафінізацыі нафты, у сельскай гаспадарцы як канцэнтраванае азотнае ўгнаенне (мае 46 % азоту) пад розныя с.-г. культуры на любых глебах, а таксама як заменнік пратэіну ў кармах для жвачных жывёл.
А.І.Валожын.
т. 10, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)