Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КО́МПЛЕКСНЫ А́ТЛАС,

сістэматызаваны збор узгодненых і ўзаемадапаўняльных карт, якія даюць шматбаковую характарыстыку тэрыторыі (акваторыі). Уключае розныя па тэматыцы карты: агульныя геаграфічныя, геалагічныя, тэктанічныя, геамарфалагічныя, глеб, кліматычныя, ландшафтныя, насельніцтва, эканомікі і інш. У залежнасці ад задач, якія вырашаюцца, комплексы карт могуць аб’ядноўвацца адпаведна пэўнай тэрыторыі або патрэб асобных галін нар. гаспадаркі ці н.-д. пытанняў. Гл. таксама Атлас геаграфічны.

т. 8, с. 398

КО́МПТАН ((Compton) Артур Холі) (10.9. 1892, г. Вустэр, штат Агайо, ЗША — 15.3.1962),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1927) і шэрагу замежных АН. Скончыў Прынстанскі ун-т (1914). У 1920—23 і 1953—61 праф. ун-та Вашынгтона ў г. Сент-Луіс (у 1945—53 рэктар); у 1923—45 праф. Чыкагскага ун-та. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, фізіцы рэнтгенаўскіх і касм. прамянёў. Адкрыў эфект змены даўжыні хвалі рэнтгенаўскага выпрамянення з прычыны рассеяння яго электронамі рэчыва (Комптана эфект). Выявіў поўнае ўнутранае адбіццё рэнтгенаўскіх прамянёў. Адкрыў шыротны эфект касм. прамянёў, які сведчыць пра іх карпускулярную прыроду. Удзельнік стварэння атамнай бомбы. Нобелеўская прэмія 1927.

А.Комптан.

т. 8, с. 399

КО́МПТАНАЎСКАЯ ДАЎЖЫНЯ́ ХВА́ЛІ,

фізічная велічыня, якая мае размернасць даўжыні і вызначае вобласць праяўлення рэлятывісцкіх квантавых эфектаў. Для элементарнай часціцы з масай m К.д.х. λ0 = ħ mc , ħ = h 2π — пастаянная Планка, c — скорасць святла ў вакууме. Назва звязана з тым, што λ0 вызначае змену даўжыні хвалі эл.-магн. выпрамянення ў Комптана эфекце на адпаведнай часціцы.

т. 8, с. 399

КО́МПТАНА ЭФЕ́КТ,

павелічэнне даўжыні хвалі эл.-магн. выпрамянення (рэнтгенаўскага і γ-выпрамянення) пры рассеянні яго на свабодных або слаба звязаных электронах. Назіраецца таксама і пры рассеянні эл.-магн. хваль на пратонах, нейтронах, атамных ядрах. Адкрыты А.Комптанам у 1923.

Закон захавання энергіі-імпульсу пры дастасаванні да працэсу рассеяння на вугал v фатона на электроне масы m дае магчымасць вызначыць павелічэнне даўжыні хвалі фатона: Δλ= λ0(1−cosv), дзе λ0комптанаўская даўжыня хвалі электрона. Δλ не залежыць ад першапачатковай даўжыні хвалі λ і найбольшая пры рассеянні назад (ν = π). Доследы Комптана, якія пацвердзілі гэтыя вывады, сталі доказам квантавай прыроды святла.

т. 8, с. 399

КО́МСЕНІЧЫ,

вёска ў Круглянскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПдУ ад г.п. Круглае, 65 км ад Магілёва, 31 км ад чыг. ст. Талачын, каля шашы Магілёў—Круглае (2 км). 608 ж., 227 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 8, с. 399

«КОМСОМО́ЛЬСКАЯ ПРА́ВДА»,

масавая грамадска-паліт. газета. Выдаецца з мая 1925 у Маскве на рус. мове. Выходзіць 5 разоў на тыдзень. Асвятляе міжнар. падзеі, грамадска-паліт., эканам., культ. жыццё краіны. Публікацыі, звязаныя з развіццём л-ры, культуры, мастацтва, спорту і інш., адметныя шматжанравасцю, актуальнасцю, элементамі займальнасці. Мае штотыднёвы спецвыпуск на 32 старонках, з іх 12 — інфармацыйны матэрыял па Беларусі. Са студз. 1999 выходзіць пад назвай «Комсомольская правда в Белоруссии».

т. 8, с. 399

КОН (Ігар Сямёнавіч) (н. 21.5.1928, С.-Пецярбург),

расійскі філосаф, сацыёлаг і псіхолаг. Д-р філас. н. (1960), праф. (1963). Скончыў Ленінградскі пед. ін-т (1947). Працаваў у многіх ВНУ і НДІ, у 1975—93 у Ін-це этналогіі і антрапалогіі РАН. Даследуе праблемы гісторыі зах. сацыялогіі, тэорыі асобы і самасвядомасці, псіхалогіі юнацкага ўзросту, антрапалогіі дзяцінства і сексалогіі. Філас. праблемы быцця чалавека разглядае на матэрыяле спец. навук пра чалавека і грамадства, праводзіць ідэю інтэрдысцыплінарнасці.

Тв.:

Позитивизм в социологии. Л., 1964;

Открытие «Я». М., 1978;

Психология юношеского возраста. М., 1979;

Ребенок и общество. М., 1988;

Введение в сексологию. 2 изд. М., 1990;

Вкус запретного плода. М., 1991.

т. 8, с. 399

КОН ((Kon) Фелікс Якаўлевіч) (30.5. 1864, Варшава — 28.7.1941),

дзеяч польскага і рас. рэв. руху. З 1882 чл. партыі «Пралетарыят». У 1884 арыштаваны, 8 гадоў зняволення адбываў на Карыйскай катарзе (Забайкалле). З 1906 адзін з кіраўнікоў Польскай сацыяліст. партыі-лявіцы. У 1917—22 на парт. і сав. рабоце на Украіне, у т. л. ў 1921 сакратар ЦК КП Украіны. Адначасова ў 1919—30 чл. Польскага бюро пры ЦК ВКП(б), у ліп.жн. 1920 чл. Польскага рэвалюцыйнага камітэта (Беласток). У 1922—23 сакратар Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала; з 1924 чл., у 1927—35 нам. старшыні інтэрнацыянальнай кантрольнай камісіі. Рэдактар газ. «Красная звезда» (1925—28), час. «Каторга и ссылка». (1927—29), «Наша страна» (1937—41) і інш. Чл. калегіі Наркамасветы РСФСР (1930—31), старшыня Усесаюзнага радыёкамітэта (1931—33), заг. аддзела музеяў Наркамасветы РСФСР (1933—37). Быў чл. ВЦВК і ЦВК СССР. Аўтар твораў па гісторыі рэв. руху.

т. 8, с. 399

КО́НА ((Kono) Томас) (н. 17.6.1930, г. Ганалулу, ЗША),

амерыканскі спартсмен (цяжкая атлетыка). Выступаў у лёгкай, паўсярэдняй і сярэдняй вазе. Чэмпіён XV (1952, Хельсінкі), XVI (1956, г. Мельбурн, Аўстралія) і сярэбраны прызёр XVII (1960, Рым) Алімп. гульняў. Чэмпіён свету (1953—55, 1957—59). Пераможца Панамер. гульняў (1955, 1959, 1963). Устанавіў 24 сусв. рэкорды, у т. л. 8 у трохбор’і.

т. 8, с. 399

«КО́НАДНІ»,

ілюстраваны літ.-маст. часопіс бел. эміграцыі ў ЗША. Выдаваўся Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Йорку на бел. мове ў 1954—55, 1958 і 1963 (выйшла 8 нумароў, № 5—6 здвоеныя). Друкаваў паэзію, прозу, літ. крытыку, публіцыстыку бел. эмігранцкіх пісьменнікаў, хроніку літ. і навук. жыцця, пераклады з ням., укр. і польскай літаратур, рэпрадукцыі карцін М.​Сеўрука, П.​Мірановіча, М.​Навумовіча і інш.

т. 8, с. 399