Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЦКЕ́ВІЧ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 1.3.1947, г. Мар’іна Горка Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. дзярж. дзеяч. Ген.-лейт. (1999). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1970), Ін-т КДБ пры СМ СССР (1978). З 1970 працаваў на нафтаперапрацоўчым з-дзе ў г. Мазыр, з 1973 на камсамольскай рабоце на Гомельшчыне. З 1976 у органах КДБ Беларусі. З 1995 старшыня КДБ Беларусі.

т. 10, с. 230

МАЦКЕ́ВІЧ (Юзэфа Фларыянаўна) (н. 27.7.1911, в. Ухлё Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мовазнавец. Чл.-кар. АН Беларусі (1969). Д-р філал. н. (1963). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1938). Настаўнічала. У 1945—91 працавала ў Ін-це мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларусі (у 1952—86 заг. сектара дыялекталогіі). Асн. навук. працы ў галіне дыялекталогіі і гісторыі бел. мовы, сучаснай бел. літ. мовы. Аўтар манаграфіі «Марфалогія дзеяслова ў беларускай мове» (1959), сааўтар кніг «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія», «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (абедзве 1957), «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі» (1962), «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (ч. 1—2, 1963), «Нарысы па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69), «Мікратапанімія Беларусі» (1974), «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (т. 1—5, 1993—98), «Лексічныя ландшафты Беларусі: Жывёльны свет» (1995) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1971 за ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі.

І.К.Германовіч.

Ю.Ф.Мацкевіч.

т. 10, с. 230

МАЦКІ́ЙСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды Беларусі (з 1997). За 400 м на ПнЗ ад в. Мацкі Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун граніту сярэднезярністага з кварцава-палевашпатавымі жылкамі таўшчынёй да 3—5 см. Даўж. 3,9 м, шыр. 3 м, выш. 1,1 м, у абводзе 10,1 м, аб’ём бачнай часткі 12,8 м³, маса каля 34 т. Прынесены ледавіком каля 15—20 тыс. г. назад са Скандынавіі.

В.Ф.Вінакураў.

т. 10, с. 230

МАЦКО́ (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 15.10.1924, в. Пагарэлка Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1968), праф. (1970). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1980). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1951), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1962). З 1945 на камсам., парт. і журналісцкай рабоце. У 1962—89 ст. навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі партыі пры ЦК КПБ, заг. сектара Ін-та гісторыі АН Беларусі, заг. кафедры гісторыі КПСС Мінскага пед. ін-та, з 1989 праф. кафедры гісторыі Беларусі пед. ун-та імя М.Танка. Даследуе гісторыю нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, падп. і партыз. барацьбы ў Вял. Айч. вайну, праблемы гісторыі Беларусі сав. перыяду. Адзін з аўтараў і рэдактараў калектыўнай манаграфіі «Рэвалюцыйны шлях Кампартыі Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.)» (1966), працы «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85).

Тв.:

Борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против фашизма (1933—1939 гг.). Мн., 1963;

Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков 1918—1939 гг. Мн. 1972.

т. 10, с. 230

МАЦКЯ́ВІЧУС ((Mackevičius) Антанас) (Мацкевіч Антоній; 26.6.1828, в. Маркяй Шаўляйскага пав., Літва — 28.12.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Літве. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це; скончыў духоўную семінарыю (1853), быў ксяндзом у Панявежскім пав. Прыйшоў да думкі аб неабходнасці ўзбр. барацьбы супраць царызму, за ліквідацыю прыгонніцтва і перадачу зямлі сялянам. Вёў асветніцкую работу сярод сялян, прапаведаваў свае погляды. У жн. 1862 звязаўся з К.Каліноўскім і З.Серакоўскім. З пачаткам паўстання (студз. 1863) арганізаваў з сялян атрад (250 чал.), у сак.—маі ўдзельнічаў з ім у баях у цэнтр. Літве самастойна, потым у складзе злучэння Серакоўскага. Пасля разгрому злучэння (7—9 мая) і пакарання смерцю Серакоўскага атрады паўстанцаў пад камандаваннем М. працягвалі дзейнічаць у цэнтры і на З Літвы. З ліст. 1863 узначальваў паўстанцкія сілы Ковенскай губ. 17 снеж. схоплены і павешаны ў Коўне.

Літ.:

Жюгжда Ю.И. Антанас Мацкявичус // За нашу и вашу свободу: Герои 1863 г. М., 1964.

т. 10, с. 230

МАЦКЯ́ВІЧУС ((Mackevičius) Вітаўтас Стасё) (н. 14.1.1911, г. Шаўляй, Літва),

літоўскі жывапісец. Нар. маст. Літвы (1963). Скончыў Каўнаскую маст. школу (1935), вучыўся ў Парыжы ў Ш.Герэна (1938—39). З 1945 выкладаў у Маст. ін-це Літвы ў Вільнюсе (у 1953—74 рэктар). Творам уласцівы лірызм, выяўленне структуры кампазіцыі, тонкія спалучэнні колераў: пейзажы «Мост цераз Сену» (1938), «Першы снег» (1946), «Дубінгай» (1980), цыкл «Вільнюс і яго ваколіцы» (1983—85), партрэты Б.Даўгувеціса, М.Чурлёніса (абодва 1975), аўтапартрэт (1978) і інш. Аўтар тэматычных карцін «Партызаны» (1946), «Паўстанцы 1863 года» (1963), «Іспанія змагаецца» (1977), «Нарада ў падполлі» (1980), «Будаўнікі Вільнюса» (1983), паліт. карыкатур, плакатаў і інш. Дзярж. прэмія Літвы 1970.

В.Мацкявічус. Партызаны. 1946.

т. 10, с. 230

МА́ЦУО БА́СЁ, Басё (сапр. імя Мунэфуса; 1644, Уэна, Японія — 12.10.1694),

японскі паэт. Вывучаў паэт. майстэрства і каліграфію ў Кіёта. Вядомасць атрымаў як паэт камічнага рэнга. Пад уплывам дзэн-будызму стварыў паэт. жанр хайку (хоку), ператварыўшы традыц. яп. 17-складовы верш з лёгкай эпіграмы ў філас. паэт. мініяцюру. Паэт. спадчына М. і яго вучняў склала 7 анталогій: «Зімовыя дні» (1684), «Вясновыя дні» (1686), «Сцішанае поле» (1689), «Гарлянка» (1690), «Саламяны плашч малпы» (кн. 1—2, 1691—98), «Мяшок вугалю» (1694). Аўтар вандроўных дзённікаў («Косці, што бялеюць ў полі», «Лісты вандроўнага паэта», «Па сцежках Поўначы» і інш.), прадмоў да кніг і вершаў, пісьмаў. Паэзія і эстэтыка М. паўплывалі на развіццё яп. л-ры сярэдніх вякоў і новага часу. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.Разанаў, Л.Баршчэўскі.

Тв.:

Бел. пер. — [Хайку] // Крыніца. 1997. № 6;

Рус. пер. — Лирика. М., 1964.

Літ.:

Бреславец Т.И. Поэзия Мацуо Басё. М., 1981.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 10, с. 231

МАЦУРЭ́ВІЧ (Іпаліт Купрыянавіч) (студз. 1882, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 22.7.1939),

украінскі хімік-арганік. Акад. АН Украіны (1939). Скончыў Кіеўскі ун-т (1907), дзе і працаваў (з 1935 праф.). Навук. працы па арган. сінтэзе. Сінтэзаваў α-этыл-β-талілэтыленмалочную і α-этыл-β-метылэтыленмалочную к-ты (1907—09). Устанавіў механізм пераўтварэння карбазідаў, семі- і тыясемікарбазідаў ненасычаных кетонаў. Даследаваў састаў смол парэнхімных каўчуканосных раслін (1932—35).

І.К.Мацурэвіч.

т. 10, с. 231

«МАЦУСІ́ТА ЭЛЕ́КТРЫК ІНДА́СТРЫЯЛ»

(Matsushita Electric Industrial Company Limited),

японская эл.-тэхн. і радыёэлектронная кампанія, адна з найб. у свеце. Засн. ў 1918. Вырабляе камунікацыйнае, вымяральнае і спец. абсталяванне, быт. тэхніку: тэлефоны, радыёперадатчыкі і радыёпрыёмнікі, міні-камп’ютэры, апараты каляровага ксерадруку, тэлевізары, відэамагнітафоны, халадзільнікі, электрабатарэі, электронныя лямпы і інш. Вядома гандл. маркамі «Панасонік», «Нэшанал», «Тэкнікс», «Квазар». Мае філіялы ў Паўн. Амерыцы, Паўд.-Усх. Азіі, у Зах. Еўропе.

т. 10, с. 231

МАЦУЯ́МА,

горад у Японіі, на ПнЗ в-ва Сікоку. Адм. ц. прэфектуры Эхіме. Каля 450 тыс. ж. (1997). Порт на Унутр. Японскім м. Прам-сць: нафтахім., тэкст., машынабудаўнічая. Традыц. саматужныя промыслы (выраб. тканін, керамікі, паперы). Ун-т.

т. 10, с. 231