МАЦКЯ́ВІЧУС ((Mackevičius) Антанас) (Мацкевіч Антоній; 26.6.1828, в. Маркяй Шаўляйскага пав., Літва — 28.12.1863),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Літве. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це; скончыў духоўную семінарыю (1853), быў ксяндзом у Панявежскім пав. Прыйшоў да думкі аб неабходнасці ўзбр. барацьбы супраць царызму, за ліквідацыю прыгонніцтва і перадачу зямлі сялянам. Вёў асветніцкую работу сярод сялян, прапаведаваў свае погляды. У жн. 1862 звязаўся з К.Каліноўскім і З.Серакоўскім. З пачаткам паўстання (студз. 1863) арганізаваў з сялян атрад (250 чал.), у сак.—маі ўдзельнічаў з ім у баях у цэнтр. Літве самастойна, потым у складзе злучэння Серакоўскага. Пасля разгрому злучэння (7—9 мая) і пакарання смерцю Серакоўскага атрады паўстанцаў пад камандаваннем М. працягвалі дзейнічаць у цэнтры і на З Літвы. З ліст. 1863 узначальваў паўстанцкія сілы Ковенскай губ. 17 снеж. схоплены і павешаны ў Коўне.
Літ.:
Жюгжда Ю.И. Антанас Мацкявичус // За нашу и вашу свободу: Герои 1863 г. М., 1964.
т. 10, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)