Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАХДЗІ́ Суданскі, Мухамед Ахмед ібн ас-Сеід Абдалах (12.8.1844, в-аў Лебаб, Судан — 22.6.1885), арабскі рэліг. дзеяч, правадыр нар. паўстання ва Усх. Судане ў 1880-я г. Атрымаў традыц. рэліг. адукацыю ў Амдурмане і Берберы. Чл. суфійскага рэліг. ордэна Саманія. Пасля разрыву з кіраўніком ордэна пасяліўся на в-ве Аба на Ніле. Набыў вядомасць як таленавіты прапаведнік, заклікаў вярнуцца да першапачатковай «чысціні» ісламу, выкрываў злоўжыванні англа-егіп. улад. У 1881 абвясціў сябе махдзі, узначаліў барацьбу народаў Усх. Судана супраць замежнага панавання. У студз. 1885 авалодаў сталіцай Судана — г. Хартум. Заснаваў новую сталіцу — г. Амдурман, дзе неўзабаве памёр. Грабніца М.С. — месца паломніцтва мусульм. вернікаў Судана, а яго нашчадкі адыгрываюць важную ролю ў рэліг. і паліт. жыцці краіны.

т. 10, с. 224

МАХДЗІ́СТАЎ ПАЎСТА́ННЕ ў Судане,

паўстанне 1881—99 супраць англа-егіпецкіх улад і мясц. знаці. На 1-м этапе М.п. ўзначаліў мусульм. прапаведнік Мухамед Ахмед (гл. Махдзі Суданскі). У студз. 1883 паўстанцы занялі г. Эль-Абейд, у ліп. 1883 разбілі атрад англ. ген. У.Хікса. 26.1.1885 яны авалодалі адм. цэнтрам Судана г. Хартум, пры гэтым быў забіты англ. губернатар Ч.Дж.Гордан. Ў ходзе паўстання створана вял. мусульм. дзяржава са сталіцай у г. Амдурман. Пасля смерці Махдзі Суданскага (чэрв. 1885) дзяржаву ўзначаліў яго бліжэйшы паплечнік халіф Аб-далах ібн аль-Саід Мухамед, пры якім яна ўключала б.ч. сучаснага Судана. У 1896 англ. войскі на чале з Г.Г.Кітчэнерам пачалі наступленне на дзяржаву махдзістаў, 2.9.1898 разбілі іх у бітве пры Амлурмане. Канчаткова паўстанне задушана пасля гібелі ў ліст. 1899 Абдалаха ібн аль-Саіда Мухамеда.

т. 10, с. 224

МАХЕ́НДЖА-ДА́РА (на мове сіндхі — узгорак мёртвых),

руіны адной з дзвюх сталіц цывілізацыі даліны Інда, за 643 км на ПдЗ ад Харапы (Індыя). Горад існаваў у 2300—1750 да н.э. (пл. каля 260 га), уяўляў сабою сетку кварталаў, падзеленых шырокімі вуліцамі з развітай дрэнажнай сістэмай і забудаваных дамамі з абпаленай цэглы. Выяўлены рэшткі цагляных умацаванняў, у т. л. цытадэль выш. каля 11 м, у якой знаходзіліся зала сходаў, «навучальная ўстанова», вял. грамадская лазня і сховішча, на вяршыні размяшчаўся храм. Некалькі разоў горад спусташаўся паводкамі. Каля 1750 да н.э. знішчаны ў выніку катастрофы. Помнік адкрыты ў 1922 інд. археолагам Р.Банерджы, даследавалі Дж.Маршал, Э.Макей, М.Уілер і Дж.Дэйлс. Занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Т.С.Скрыпчанка.

т. 10, с. 224

МАХЕ́Р (англ. mohair),

шэрсць ангорскай казы, а таксама тканіна з такой шэрсці.

т. 10, с. 224

МАХІ́ЗМ, эмпірыякрытыцызм,

суб’ектыўна-ідэалістычны кірунак у філасофіі і метадалогіі навукі канца 19 — пач. 20 ст. Асн. прадстаўнікі Э.Мах і Р.Авенарыус. У філасофска-тэарэтычным плане да М. прымыкалі А.Пуанкарэ, В.Оствальд і інш. М. звязаны з крызісам «першага» пазітывізму, які не здолеў адэкватна адрэагаваць на адкрыцці ў галіне навукі і на дынамічны сац. працэс на рубяжы вякоў. Мах і Авенарыус зрабілі спробу «ачысціць» прыродазнаўства ад метафіз. (філас.) пытанняў, распрацаваць уласную строгую прыродазнаўчанавук. метадалогію і псіхалогію пазнання. У гэтым плане М. прапанаваў праграму «ачышчэння вопыту», канцэпцыі «нейтральных элементаў вопыту», «эканоміі мыслення» («найменшай траты сіл») і чыста апісальнай навукі. У выніку змест чалавечай свядомасці адрываўся ад аб’ектыўнай рэчаіснасці і ператварыўся ў «чысты вопыт», нейтральныя элементы якога здольны выступаць як аб’ектыўныя ці суб’ектыўныя з’явы. Прынцып «эканоміі мыслення» выцякае з натуральнай біял. патрэбы арганізма ў самазахаванні. У навуцы з гэтым прынцыпам арганічна звязана палажэнне аб «апісанні», якое як і мысленне, павінна быць эканомным; неабходна максімальна скараціць тлумачальную частку навукі. Пры гэтым, аднак, М. не ўлічыў істотнага — адэкватнасці адлюстравання вучоным у сваёй свядомасці зместу даследуемага аб’екта. У пач. 1920-х г. М. распаўся, на змену яму прыйшоў неапазітывізм.

Т.І.Адула.

т. 10, с. 224

МАХІ́ЙСКАЯ БІ́ТВА 1241.

Адбылася 11 крас. каля сяла Махі (Мухі) у паўн. Венгрыі ў час манг.-тат. нашэсця 1241—42 паміж войскамі хана Батыя (120 тыс. чал.) і венг. караля Белы IV (60 тыс. чал.). Батый выманіў венг. армію з крэпасці Пешт на адкрытую мясцовасць, дзе колькасную перавагу (асабліва ў конніцы) мелі мангола-татары, што забяспечыла яму перамогу. Бела IV выратаваўся ўцёкамі.

т. 10, с. 225

МАХЛЯ́РСТВА,

завалоданне чужой маёмасцю ці набыццё права на маёмасць шляхам падману або злоўжывання даверам; у бел. крымінальным праве адно са злачынстваў супраць уласнасці. Кваліфікаваным з’яўляецца М., учыненае паўторна, па папярэдняй змове групай асоб, а таксама ўчыненае ў асабліва буйных памерах, асабліва небяспечным рэцыдывістам, якое нанесла асабліва вял. страты. Караецца доўгатэрміновым пазбаўленнем волі і канфіскацыяй маёмасці.

т. 10, с. 225

МАХМУ́Д II (Mahmut; 20.7.1784, Стамбул — 1.7.1839),

турэцкі султан [1808—39]. Узведзены на прастол у выніку дварцовага перавароту. З сярэдзіны 1820-х г. правёў шэраг рэформ, накіраваных на стварэнне цэнтралізаванага дзярж. апарату і ліквідацыю феад. раздробленасці. Знішчыў корпус янычараў (1826), пазбавіў губернатараў права мець уласнае войска (1836—39), адкрыў шэраг свецкіх школ і вучылішчаў. Пры М. II Асманская імперыя пацярпела паражэнні ў войнах з Расіяй (1806—12 і 1828—29), вымушана была прызнаць незалежнасць Грэцыі і аўтаномію Сербіі (1830), вяла няўдалыя войны супраць Мухамеда Алі (1831—33 і 1839).

т. 10, с. 225

МА́ХНАВІЧЫ,

вёска ў Мазырскім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе Мазыр—Лельчыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на ПдЗ ад г. Мазыр, 173 км ад Гомеля, 30 км ад чыг. ст. Ельск. 733 ж., 230 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 225

МАХНА́Ч (Аляксандр Іванавіч) (н. 27.8. 1922, в. Забалацце Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. драматург, празаік, публіцыст. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага (1960). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Брэсцкай крэпасці. З 1947 працаваў бібліятэкарам на Уздзеншчыне, у 1953—61 і 1963—66 — у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Дэбютаваў вершамі ў 1949. Выдаў зб-кі драм. твораў «Драматычныя мініяцюры» (1956), «Аднаактовыя п’есы» (1961), «Мы будзем жыць» (1967), «П’есы» (1974), «Не кажы: мая хата з краю...» (1980), «Няхай красуе жыццё» (1982) і інш. Піша для дзяцей, шмат увагі аддае асэнсаванню героікі Вял. Айч. вайны: гераічныя драмы «Шпачок» (паст. 1964), «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» (паст. Бел. рэсп. т-рам юнага гледача ў 1972), дакумент. аповесці «Дзеці крэпасці» (1988), «Камандзір Усходняга форта» (1991). Складальнік зб. нарысаў «Людзі граніцы» (1989). Аўтар нарысаў па праблемах экалогіі, краязнаўству.

Тв.:

Нізок: Краязн. нарысы. Мн., 1998.

т. 10, с. 225