МАХЕ́НДЖА-ДА́РА (на мове сіндхі — узгорак мёртвых),
руіны адной з дзвюх сталіц цывілізацыі даліны Інда, за 643 км на ПдЗ ад Харапы (Індыя). Горад існаваў у 2300—1750 да н.э. (пл. каля 260 га), уяўляў сабою сетку кварталаў, падзеленых шырокімі вуліцамі з развітай дрэнажнай сістэмай і забудаваных дамамі з абпаленай цэглы. Выяўлены рэшткі цагляных умацаванняў, у т. л. цытадэль выш. каля 11 м, у якой знаходзіліся зала сходаў, «навучальная ўстанова», вял. грамадская лазня і сховішча, на вяршыні размяшчаўся храм. Некалькі разоў горад спусташаўся паводкамі. Каля 1750 да н.э. знішчаны ў выніку катастрофы. Помнік адкрыты ў 1922 інд. археолагам Р.Банерджы, даследавалі Дж.Маршал, Э.Макей, М.Уілер і Дж.Дэйлс. Занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Т.С.Скрыпчанка.
т. 10, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)