Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАХАО́Н (Papilio machaon),

дзённы матыль сям. паруснікаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі рэдкі від, трапляецца на ўзлесках, палянах, поймавых лугах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Крылы (размах да 9 см) жоўтыя з чорным малюнкам, на задніх крылах шырокая чорная аблямоўка з сіняватымі плямамі, каля ўнутр. ніжняга вугла аранжавая пляма. Жылкі чорныя. Вусені зялёныя або бурыя, з чорнымі папярочнымі палоскамі і чырв. крапінкамі; кормяцца і жывуць на раслінах сям. губакветных, парасонавых, складанакветных; матылі кормяцца выдзяленнямі раслін.

С.Л.Максімава.

Махаон: 1 — матыль; 2 — вусень; 3 — кукалка.

т. 10, с. 223

МА́ХАР ((Machar) Іозеф Сватаплук) (29.2.1864, г. Колін, Чэхія — 17.3.1942),

чэшскі паэт. Прадстаўнік т.зв. генерацыі 1890-х г., адзін з аўтараў маніфеста «Чэшскай мадэрны». Першы зб. «лірыкі расчараванняў» — «Споведзь» (1887—92). Этычныя і паліт. праблемы ў цэнтры зб-каў «Tristium Vindobona 1—20» (1893), «Галгофа» (1901), рамана ў вершах «Магдалена» (1894) і інш. У гіст. цыкле «Свядомасць стагоддзяў» (ч. 1—9, 1906—26) супрацьпастаўленне антычнасці і хрысціянства, ідэя «моцнай асобы», схільнасць да індывідуалізму і песімізму. Аўтар зб-каў вершаваных фельетонаў і кніг успамінаў пра знакамітых людзей эпохі («Рым», 1907; «Каталіцкія апавяданні», 1911; «Венскія профілі», 1919; «Сорак гадоў з Ірасекам», 1931).

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Раны и розы: Стихи четырех чеш. поэтов. М., 1982.

А.У.Вострыкава.

т. 10, с. 223

МАХАРА́ДЖА (санскр.),

тытул правіцеля ў індуісцкіх дзяржавах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Выкарыстоўваўся ў адносінах да правіцеляў незалежных княстваў у адрозненне ад залежных ад яго феадалаў — раджаў. Пасля ліквідацыі ў Індыі княстваў (1950-я г.) іх правіцелі былі афіцыйна пазбаўлены тытулаў М. Зараз захоўваецца як тытул караля Непала.

т. 10, с. 223

МАХАРА́ШТРА,

штат у Індыі, на ПнЗ п-ва Індастан. Пл. 307,7 тыс. км². Нас. больш за 80 млн. чал. (1997), пераважна народ маратхі (77%). Адм., эканам. і культ. цэнтр, буйнейшы горад і порт — г. Бамбей. Тэр. М. ўключае паўн.-зах. ч. Дэканскага пласкагор’я (выш. 300—700 м), хр. Зах. Гаты (да 1038 м), вузкую нізіну на ўзбярэжжы Аравійскага м. Клімат мусонны, гарачы, вільготны на ўзбярэжжы (2000—3000 мм ападкаў штогод), больш засушлівы ва ўнутр. раёнах (600—1000 мм). М. — адзін з найб. прамыслова развітых штатаў Індыі. Вядучая галіна — баваўняная прам-сць (выпускае больш за 30% тканін у краіне). Развіты інш. галіны тэкст. вытв-сці, харч. (цукр., алейная, мукамольная і інш.), маш.-буд., хім. і нафтахім. прам-сць. Здабыча нафты, каменнага вугалю, марганцу, баксітаў. Каля 50% насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы. Вырошчваюць бавоўну (каля 20% збору ў краіне), арахіс, інш. алейныя, цукр. трыснёг. Асн. ч. пасяўной плошчы занята збожжавымі культурамі — джаварам (прасяная культура, каля 30% збору ў краіне), пшаніцай, рысам. Пераважае сухадольнае земляробства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Турызм.

т. 10, с. 223

МАХАРО́ВІЧЫЧ ((Mohorovičić) Андрэй) (23.1.1857, г. Апатыя, Харватыя — 18.12.1936),

харвацкі геафізік і сейсмолаг. Чл. Харвацкай АН (1898). З 1910 праф. Заграбскага ун-та. У 1892—1921 дырэктар Дзярж. ўпраўлення метэаралагічнай і геадынамічнай службы і абсерваторыі ў Заграбе. Вызначыў існаванне паверхні падзелу паміж зямной карой і мантыяй Зямлі (1909), якую назвалі Махаровічыча паверхня. Распрацаваў методыку рэгістрацыі землетрасенняў і прапанаваў канструкцыю шэрагу геафіз. прылад.

т. 10, с. 224

МАХАРО́ВІЧЫЧА ПАВЕ́РХНЯ,

граніца падзелу паміж зямной карой і мантыяй Зямлі. Вызначаецца па скачкападобным павелічэнні скорасці падоўжных сейсмічных хваль (ад 6,7—1,6 да 7,9—8,2 км/с), і папярочных (ад 3,6—4,2 да 4,4—4,7 км/с) пры землетрасеннях і штучных выбухах. Устаноўлена ў 1909 А.Махаровічычам.

т. 10, с. 224

МАХАРЫ́НСКІ (Яфім Ільіч) (н. 11.3.1929, г. Жытомір, Украіна),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Канд. тэхн. н. (1965), праф. (1993). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1954). З 1966 у Віцебскім тэхнал. ун-це (у 1969—77 заг. кафедры). Навук. працы па праблеме кіравання працэсам шліфавання і распрацоўцы тэарэт. асноў аптымальных алгарытмаў кіравання рабочым цыклам круглага і плоскага ўразнога шліфавання.

Тв.:

Планирование эксперимента в машиностроении. Мн., 1985 (разам з П.І.Яшчарыцыным);

Основы технологии машиностроения. Мн., 1997 (разам з В.А.Гарохавым).

т. 10, с. 224

Махатхір ібн Мухамед

т. 18, кн. 1, с. 427

МАХАЧКАЛА́,

горад, сталіца Дагестана, у Расійскай Федэрацыі. Размешчаны на зах. беразе Каспійскага м. на вузкай Прыморскай нізіне, каля падножжа г. Таркітау. Засн. ў 1844 як рас. ваен. ўмацаванне Пятроўскае. 394,5 тыс. ж (1996). Марскі порт. Чыг. станцыя. Аўтамагістраль. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (вытв-сць электразварачнага абсталявання, сепаратараў, шматкаўшовых экскаватараў, прыбораў, абсталявання для харч. прам-сці і інш.), хім., лёгкая (трыкатаж і інш.), харчовая, у т. л. рыбная, кансервавая, вінаробная. Вытв-сць буд. матэрыялаў (шкловалакно, сілікатная цэгла, жалезабетонныя канструкцыі). У М. навуковы цэнтр Рас. АН. 5 ВНУ, у т. л. Дагестанскі ун-т, мед. акадэмія. 5 тэатраў. Музеі: рэсп. краязнаўчы і выяўл. мастацтваў. Бальнеагразевы і прыморскі кліматычны курорт. За 18 км на ПдЗ ад М. бальнеалагічны курорт Талгі.

Да арт. Махачкала. Панарама горада.

т. 10, с. 224

МАХДЗІ́ (араб. той, каго вядуць сапраўдным шляхам),

у ісламе — прадвеснік блізкага канца свету, які павінен адрадзіць першапачатковую «чысціню» ісламу; у шыітаў — 12-ы, «схаваны», імам. Ідэя М. часта выкарыстоўвалася правадырамі паўстанняў і рухаў у мусульм. свеце. М. абвяшчалі сябе Убайдалах (заснавальнік дынастыі Фатымідаў у 10 ст.), Мухамед ібн Тумарт (першы з Альмахадаў, 12 ст.), Мухамед Ахмед ва Усх. Судане (гл. Махдзі Суданскі).

т. 10, с. 224