МАХАРА́ШТРА,

штат у Індыі, на ПнЗ п-ва Індастан. Пл. 307,7 тыс. км². Нас. больш за 80 млн. чал. (1997), пераважна народ маратхі (77%). Адм., эканам. і культ. цэнтр, буйнейшы горад і порт — г. Бамбей. Тэр. М. ўключае паўн.-зах. ч. Дэканскага пласкагор’я (выш. 300—700 м), хр. Зах. Гаты (да 1038 м), вузкую нізіну на ўзбярэжжы Аравійскага м. Клімат мусонны, гарачы, вільготны на ўзбярэжжы (2000—3000 мм ападкаў штогод), больш засушлівы ва ўнутр. раёнах (600—1000 мм). М. — адзін з найб. прамыслова развітых штатаў Індыі. Вядучая галіна — баваўняная прам-сць (выпускае больш за 30% тканін у краіне). Развіты інш. галіны тэкст. вытв-сці, харч. (цукр., алейная, мукамольная і інш.), маш.-буд., хім. і нафтахім. прам-сць. Здабыча нафты, каменнага вугалю, марганцу, баксітаў. Каля 50% насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы. Вырошчваюць бавоўну (каля 20% збору ў краіне), арахіс, інш. алейныя, цукр. трыснёг. Асн. ч. пасяўной плошчы занята збожжавымі культурамі — джаварам (прасяная культура, каля 30% збору ў краіне), пшаніцай, рысам. Пераважае сухадольнае земляробства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Турызм.

т. 10, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)