Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЛІ́НСКАЯ (магчыма, Малевіч) Мар’яна (Марыя; 1767 ? — ?), бел. танцоўшчыца. Родам з Палесся. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У вер. 1778 саліравала ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Г.Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра. У 1785—94 першая танцоўшчыца балетнай трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, выступала на каралеўскіх сцэнах і ў Нац. т-ры. Выконвала партыі Сіліі («Капітан Сандор на востраве Караліна»), Эляны («Шлюб самнітаў»), выступала ў балетах «Гілас і Сільвія», «Кора і Алонза, або Дзяўчаты Сонца», «Мірза і Ліндор», «Лукас і Калінета». У 1795—97 салістка ням. т-ра ў Львове.

Г.І.Барышаў.

т. 10, с. 34

МАЛІП’Е́РА ((Malipiero) Джан Франчэска) (18.3.1882, г. Венецыя, Італія — 1.8.1973),

італьянскі кампазітар, музыказнавец, педагог; адзін з буйнейшых італьян. кампазітараў 20 ст. Скончыў Муз. ліцэй у г. Балоння (1904). Выкладаў у кансерваторыях у Парме, Венецыі (з 1932 праф., у 1939—52 дырэктар). У 1932—40 узначальваў Італьян. ін-т А.Вівальдзі ў Сіене. Развіваў традыцыі нар. і класічнай італьян. музыкі. У яго творах інтэлектуалізм у спалучэнні з трагічнай іроніяй і гратэскам, фантасмагарычная сумесь рэальнасці і ілюзіі ўвасоблены ў традыцыях неакласіцызму. Сярод твораў: больш за 30 опер, у т.л. «Каноса» (паст. 1914), трылогія «Арфеіды» (паст. 1925), «Тры камедыі Гальдоні» (паст. 1926), «Юлій Цэзар» (паст. 1936), «Антоній і Клеапатра» (паст. 1938), «Гекуба» (паст. 1941), «Дон Жуан» (паст. 1963); балеты «Пантэя» (1919. паст. 1949), «Страдывары» (паст.

1958); кантаты, містэрыі і інш.; 11 сімфоній (1933—70); канцэрты для інструментаў з арк., у т.л. 5 для фп. (1934—58); камерна-інстр. ансамблі; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Рэдактар і выдавец многіх твораў італьян. музыкі 17—18 ст.

Літ.:

Богоявленский С Малипьеро// Музыка XX в.: Очерки. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.

Л.А.Сівалобчык.

т. 10, с. 34

МАЛІ́ТВА,

1) рэліг. містычны зварот да Бога, святых, звышнатуральных сіл з просьбай аб літасці або адхіленні зла, з ухваленнем, падзякай; частка рэліг. культу, абавязковы атрыбут абрадаў, набажэнстваў, царк. свят і штодзённага жыцця вернікаў. Бываюць вусныя (чытаюцца ў голас) і мысленныя (лічацца як узыходжанне розуму да Бога). Вусныя малітвы бываюць агульныя (царкоўны малебен) і асабістыя. У час М. вял. значэнне надаецца рытуальным дзеянням (стаянне на каленях, узняцце рук і г.д.).

2) Вызначаны, кананізаваны тэкст такога звароту.

т. 10, с. 35

МАЛІШЭ́ЎСКІ (Альгерд Адамавіч) (8.9. 1922, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 22.11.1989),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Скончыў Харкаўскі маст. ін-т (1952). У 1953—81 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу: карціне, партрэце, пейзажы, нацюрморце. Творы, прысвечаныя Вял. Айч. вайне і сучаснасці, прыгажосці бел. зямлі, вылучаюцца колеравай насычанасцю, экспрэсіўнасцю вобразаў, пошукамі выразных жывапісна-пластычных сродкаў. Аўтар карцін «Мы вернемся» (1965), «Маці» (1968), «Салдаты — сыны Радзімы», «Клятва» (абедзве 1970), «Маці. Пратэст вайне» (1970—80), «Хатынь» (1971), «Урачы» (1976), «Вясна ў Чыжоўцы» (1978); партрэтаў В.Прыступчыка (1960), С.Секача (1970), «Хірург. Пасля аперацыі» (1971), «Анколагі» (1972), А.Кашкурэвіча, Г.Лісоўскай (абодва 1973), М.Мельячэнкі (1975), Г.Дарашкевіч (1984); пейзажаў «Міншчына» (1959), «Вясна» (1962), «Лес партызанскі», «Нарач. Цішыня» (абодва 1976); нацюрмортаў «Бэз» (1969), «Рускія падносы» (1972), «Ка́лы» (1974) і інш.

Б.А.Крэпак.

А.Малішэўскі. Мы вернемся. 1965.

т. 10, с. 35

МАЛІШЭ́ЎСКІ (Сяргей Альгердавіч) (н. 25.10.1965, Масква),

бел. жывапісец. Сын А.А.Малішэўскага. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). Працуе ў станковым жывапісе. Творы вызначаюцца экспрэсіўнасцю, стылізаванасцю і імкненнем да алегарычнасці: «Прагулка» (1983), «Танец» (1985), «Паднашэнне дароў» (1987), «Жыхары горада», «Тайны саюз» (абодва 1990), «Любоўнае прадстаўленне» (1991), «Часовае дзеянне» (1992), «Мастак і мадэль» (1994), «Сон», «Прынц і прынцэса» (абодва 1995), «Старая сукенка», «Туалетны пакой №4» (абодва 1996), «Халодная раніца» (1997), «Сям’я», «Пустэльніца» (абодва 1998), «Старыя чаравікі» (1999), серыя «Ню» (1997—99).

Л.Ф.Салавей.

С.Малішэўскі. Жыхары горада. 1990.

т. 10, с. 35

МА́ЛІЯ,

рэшткі горада эпохі бронзы на паўн.-ўсх. узбярэжжы в-ва Крыт (Грэцыя), каля аднайм. паселішча; адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Даследаваны: палац, пабудаваны мінойцамі каля 1900 да н.э., жылыя кварталы горада, некропаль. Сярод знаходак бронзавы меч з дзяржаннем са слановай косці, абкладзеным золатам і завершаны галоўкай з крышталю; кінжал з залатым дзяржаннем; каменная сякера з разным верхнім рабром з выяваю гатовага да скачка леапарда на прывязі. Пасля землетрасення 1750 да н.э. горад быў перабудаваны і існаваў прыблізна да 1450 да н.э.

А.В.Лоў.

Бірулькі ў выглядзе 2 пчол. Пахаванне каля Маліі. 2000 да н.э.

т. 10, с. 35

МА́ЛКІН (Барыс Яўсеевіч) (26.1.1908, г. Прылукі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.11.1972),

бел. мастак тэатра, графік. Скончыў Кіеўскую вышэйшую школу мастацтва (1929). У 1929—36 працаваў у Дзярж. выд-ве Беларусі. Аформіў спектаклі: у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «Партызаны» (1938) і «Мілы чалавек» (1945) К.Крапівы, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы, «Позняе каханне» А.Астроўскага (усе 1944), «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева (1947), «Пані міністэрша» Б.Нушыча (1956), «Востраў Афрадыты» А.Парніса (1960); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Ірынка» К.Чорнага (1941); у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі — «Аб сябрах-таварышах» У.Маса і М.Чарвінскага (1948), «Гаспадыня гасцініцы» К.Гальдоні і «Шалёныя грошы» Астроўскага (абодва 1951), «Ад казкі да казкі» (1970). Аўтар ілюстрацый да паэмы Я.Купалы «Над ракою Арэсай» (1936), зб. «Выбраныя творы» Цёткі (1967), серый «Па слядах вайны» (1942—44), «Цырк» (1960-я г.), «Рыга» (1962), і інш.

Б.Малкін. Ілюстрацыя да зб. «Выбраныя творы» Цёткі. 1967.

т. 10, с. 35

МАЛКО́Ў (Ігар Георгіевіч) (н. 21.7.1937, г. Сярэдзіна-Буда Сумскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне архітэктуры. Д-р архітэктуры (1997), праф. (1994). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1959). З 1959 у праектна-буд. ін-тах Гомеля, Віцебска. З 1992 у Бел. ун-це транспарту (заг. кафедры). Навук. працы па праблемах архітэктуры, праектавання і буд-ва грамадз. і вытв. с.-г. будынкаў, архітэктуры і планіроўкі населеных пунктаў у сельскай мясцовасці.

Тв.:

Пути оптимизации сельскохозяйственных комплексов. Мн., 1981;

Особенности технологической и архитектурно-планировочной организации сельскохозяйственных комплексов. Мн., 1984.

т. 10, с. 35

МАЛО́Е БА́ХАВА,

вёска ў Дубровенскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 7 км на Пд ад г. Дуброўна, 99 км ад Віцебска, 16 км ад чыг. ст. Асінаўка. 18 ж., 12 двароў (1999). Клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 10, с. 36

МАЛО́Е БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА.

У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна (выцякае з возера), за 52 км на ПнУ ад Полацка. Пл. 0,9 км2, даўж. каля 2,1 км, найб. шыр. 870 м, найб. глыб. 11 м, даўж. берагавой лініі каля 6,4 км. Пл. вадазбору 1 км2. Схілы катлавіны выш. 11—12 м (на У да 20 м), пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, на ПдУ тарфяністыя. На Пд да возера прымыкае масіў вярховага балота. Мелкаводдзе вузкае, дно да глыб. 2,5—4 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Вада вызначаецца Нізкай мінералізацыяй (60—80 мг/л), чысцінёй і высокай празрыстасцю. У возеры расце палушнік азёрны, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 10, с. 36