МАЛІ́НСКАЯ (магчыма, Малевіч) Мар’яна (Марыя; 1767 ? — ?), бел. танцоўшчыца. Родам з Палесся. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У вер. 1778 саліравала ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Г.Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра. У 1785—94 першая танцоўшчыца балетнай трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, выступала на каралеўскіх сцэнах і ў Нац. т-ры. Выконвала партыі Сіліі («Капітан Сандор на востраве Караліна»), Эляны («Шлюб самнітаў»), выступала ў балетах «Гілас і Сільвія», «Кора і Алонза, або Дзяўчаты Сонца», «Мірза і Ліндор», «Лукас і Калінета». У 1795—97 салістка ням. т-ра ў Львове.
Г.І.Барышаў.
т. 10, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)