Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАЙСА́НСКАЯ КАТЛАВІ́НА,

міжгорная ўпадзіна на У Казахстана, паміж хрыбтамі Паўд. Алтая на Пн, Тарбагатаем і Саурам на Пд. Выш. днішча ад 370 м (воз. Зайсан) да 1000 м. Складзена з азёрных і рачных пяскоў і глін. У рэльефе вылучаюцца астанцовыя горныя масівы. Пераважаюць паўпустынныя ландшафты, якія выкарыстоўваюць як пашы; у дэльце р. Чорны Іртыш ёсць тугайныя лясы.

т. 6, с. 501

ЗА́ЙЦАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (2.7.1841, г. Казань, Татарстан — 1.9.1910),

рускі хімік-арганік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1885). Скончыў Казанскі ун-т (1862), дзе і працаваў з 1865. Вучань А.М.Бутлерава. Навук. працы па арган. сінтэзе і развіцці тэорыі хім, будовы Бутлерава. Адкрыў рэакцыю атрымання другасных і трацічных спіртоў уздзеяннем на карбанільныя злучэнні (альдэгіды, кетоны і інш.) цынку і алкілгалагенідаў (1875, рэакцыя З.), новы клас арган. злучэнняў — лактоны (1873). Устанавіў правіла адшчаплення галагенавадародаў ад другасных і трацічных галагенідаў і вады ад спіртоў (правіла З.) і далучэння пратонных кіслот да несім. ненасычаных вуглевадародаў (правіла З. — Вагнера). Сінтэзаваў дыэтылкарбінол, шэраг ненасычаных і мнагаатамных спіртоў, арган. аксідаў, аксікіслот.

Літ.:

Ключевич А.С., Быков Г.В. А.М.Зайцев, 1841—1910. М., 1980.

т. 6, с. 501

ЗА́ЙЦАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 8.8.1953, пас. Чарніцкі Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізікі паўправаднікоў. Д-р фіз.-матэм. н. (1993). Скончыў БДУ (1975), дзе і працуе. Навук. працы па оптыцы звышцвёрдых паўправаднікоў, высокаэнергет. іоннай імплантацыі, нанаструктураванні алмаза дыфузійнымі метадамі. Устанавіў шэраг заканамернасцей дэфектаўтварэння ў іонна-апрамененых паўправадніках, у т.л. эфект каналіравання ўздоўж трэкаў.

Тв.:

Высокоэнергетичная ионная имплантация в полупроводники // Поверхность. 1991. № 10.

т. 6, с. 501

ЗА́ЙЦАЎ (Анатоль Цімафеевіч) (н. 13.9.1939, в. Гарадок Смаленскай вобл., Расія),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). Працуе ў кніжнай і станковай графіцы ў тэхніцы дрэварыту, у галіне афармленчага мастацтва. Творы адметныя лаканічнасцю выяўл. сродкаў, дынамічнасцю танальных градацый, кампазіцыйнай завершанасцю: гравюры да кнігі «Георгій Скарына» М.Садковіча і Я.Львова (1966), серыі нацюрмортаў «Вакол нас» (1967—83), пейзажы «Мая Беларусь» (1980—82), эстампы «Сажалка ў Вязьніцы» (1982) і інш., экслібрысы. Аформіў інтэр’еры гандл. цэнтра ў калгасе «Савецкая Беларусь» Камянецкага р-на (1975), крамы будматэрыялаў «Еўралюкс» (1995) у Мінску, экспазіцыі фотавыстаўкі «Вялікі пясняр Беларусі — Янка Купала» (1992), выстаўкі «Эканоміка Беларусі» ў г. Прага (Чэхія, 1995, і інш.). Іл. гл. таксама да арт. Дрэварыт.

т. 6, с. 501

ЗА́ЙЦАЎ (Веньямін Леанідавіч) (24.4.1923, в. Дабрышчава Камсамольскага р-на Іванаўскай вобл., Расія — 20.7.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1942. Разведчык асобнай разведроты сяржант З. 20.7.1944 у баі каля воз. Дрысвяты, прыкрываючы адыход разведчыкаў, быў цяжка паранены. Калі гітлераўцы акружылі яго, гранатай падарваў сябе і ворагаў.

В.Л.Зайцаў.

т. 6, с. 501

ЗА́ЙЦАЎ (Вячаслаў Кандратавіч) (18.9.1917, с. Ахлябініна, Башкортастан — 19.4.1992),

бел. літаратуразнавец-славіст, перакладчык. Скончыў Ленінградскі ун-т (1951). У 1964—75 супрацоўнік Ін-та л-ры Нац. АН Беларусі. За публічныя эсхаталагічныя выступленні ў 1978 быў зняволены; у 1983 вярнуўся ў Мінск. Касмалагічныя заняткі (ідэі прышэльцаў з космасу), у якіх расчараваўся, прывялі З. да духоўна-хрысц. пошукаў. На Беларусі друкаваўся з 1966; пісаў на рус. мове. Ў 1969 пераклаў паэму І.Гундуліча «Асман» і выдаў манаграфію «Паміж Львом і Драконам» — даследаванне-каментарый да гэтай паэмы ў кантэксце Дуброўніцкага культ. працэсу. Даследаваў перадумовы гуманізму ў бел. л-ры, творчасць Ф.Скарыны.

Тв.:

Богомильское движение и общественная жизнь Северной Италии эпохи Дученто. Мн., 1967.

т. 6, с. 501

ЗА́ЙЦАЎ (Дзмітрый Яўгенавіч) (н. 26.3.1940, Мінск),

бел. кінааператар і рэжысёр. Засл. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1969). Творчай манеры як аператара ўласцівы лірычная інтанацыя, майстэрская перадача атмасферы падзей, партрэтных характарыстык герояў: маст. фільмы «Іван Макаравіч» (1968, Гран пры «Сярэбраная Мінерва» 22-га Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у Венецыі, 1970; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970), «Нядзельная ноч» (1977), «Людзі на балоце» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984) і інш. З 1986 рэжысёр-пастаноўшчык («Усе кагосьці кахаюць», 1986; шматсерыйны «Хам», 1990, прыз за этнаграфію і нац. своеасаблівасці на конкурсе тэлефільмаў у Атаве, Канада, 1991, і яго кінаварыянт «Франка», Гран пры 2-га Еўрап. Міжнар. кінафестывалю ў Кадысе, Іспанія, 1991; «Кветкі правінцыі», 1995, і інш.). Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

т. 6, с. 501

ЗА́ЙЦАЎ (Іван Рыгоравіч) (22.10.1916, в. Хоцімск Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 15.7.1952),

поўны кавалер ордэна Славы. На фронце з 1941. Снайпер сяржант З. вызначыўся пры вызваленні Польшчы каля в. Юзэфаў Радамскага ваяв. і ў час прарыву абароны праціўніка на р. Одэр каля г. Лебус на тэр. Германіі, знішчыў 56 гітлераўцаў і захапіў 2 пушкі. Пасля вайны працаваў у калгасе на радзіме.

т. 6, с. 502

ЗА́ЙЦАЎ (Іван Сцяпанавіч) (9.10.1926, в. Чонкі Гомельскага р-на — 16.4.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну з 1943 на 3-м Укр. і 1-м Бел. франтах. Камандзір аддзялення сяржант З. вызначыўся ў баі за ст. Вербіг на тэр. Германіі; цяжка паранены закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота, кулямётны агонь якога стрымліваў наступленне сав. воінаў.

І.С.Зайцаў.

т. 6, с. 502

ЗА́ЙЦАЎ (Мар’ян Міхайлавіч) (літ. псеўд. Мар’ян Віж; 23.2.1949, Мінск),

бел. пісьменнік, гісторык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у Бел. т-ве аховы помнікаў гісторыі і культуры (1974—76), у БелСЭ (1976—79), у навук. і культ.-асв. установах Мінска, у штотыднёвіку «Наша слова» (1993—95), з 1995 у Ін-це сучасных ведаў. Друкуецца з 1974. У гіст. аповесці «Лабірынт» (1991), заснаванай на архіўных дакументах, паказаны падзеі на Беларусі ў час паўстання 1863—64. У аповесці «Гарадскія кветкі» (1995) спроба расказаць пра лёс адзінокага чалавека ў вял. горадзе (падзеі ў Мінску на мяжы 1970—80-х г.) У апавяданнях і навелах паглыбленая ўвага да набалелых праблем сучаснасці, іх повязей з айч. мінуўшчынай. Аўтар кн. гіст.-публіцыстычных нарысаў «Чары даўніны» (1989). У 1990 апублікаваў пралог гіст.-прыгодніцкага рамана «Здарэнне на Віленскім тракце». На бел. мову пераклаў кн. З.В. і С.Ф.Шыбекаў «Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада» (1994). Адшукаў у архіве і ў 1997 апублікаваў нар. драму М.Чарота «На Купалле», якая лічылася страчанай.

Тв.:

Сялянскія хваляванні на Іўеўшчыне // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2;

Сялянскі рух у сярэдзіне XIX ст. // Тамсама. 1981. № 1;

«Чтоб люд пробуждался...» // Нёман. 1988. № 3;

Наш Менск, наш Минск // Тамсама. 1995. № 1;

3 пячаткай «Зямлі і волі» // Маладосць. 1989. № 3;

Калейдаскоп сталічнай даўніны // Полымя. 1991. № 4.

І.У.Саламевіч.

т. 6, с. 502