Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕКСО́ЗЫ,

монацукрыды з 6 вугляроднымі атамамі ў малекуле (C6H12O6). Знаходзяцца ў раслінных і жывёльных тканках у свабодным стане і ў поліцукрыдах. Гексозы, якія маюць у малекуле альдэгідную групу, адносяцца да альдоз (глюкоза, маноза, галактоза), кетонную — да кетоз (фруктоза). Найб. выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. прам-сці.

т. 5, с. 138

ГЕКТА...

(ад грэч. hekaton сто),

дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўных 10​2 зыходным адзінкам. Пазначаецца г. Напр., 1 гл = 10​2 л = 100 л, 1 гВт = 10​2 Вт = 100 Вт.

т. 5, с. 138

ГЕ́КТАР,

герой у грэчаскай міфалогіі, сын Прыяма і Гекубы, муж Андрамахі. Галоўны траянскі герой у «Іліядзе», правадыр у Траянскай вайне, вылучаўся сілай і геройствам. Двойчы ўступаў у адзінаборства з найб. магутным пасля Ахіла ахейскім героем Аяксам. Траянцы на чале з Гектарам уварваліся ва ўмацаваны лагер ахейцаў і падпалілі адзін карабель. Загінуў у адзінаборстве з Ахілам, які помсціў яму за забойства Патрокла. Лёс Гектара адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, рэльефы саркафагаў, скульптуры А.Кановы, Б.Торвальдсена), л-ры (Ф.Шылер, Ж.Жыраду) і інш.

т. 5, с. 138

ГЕКТА́Р

(ад гекта... + ар),

адзінка плошчы ў метрычнай сістэме мер. Пазначаецца га. 1 га = 100 ар = 10 000 м².

т. 5, с. 138

ГЕКТО́ГРАФ

(ад гекта... + ...граф),

простая друкавальная прылада для размножвання тэкстаў і ілюстрацый. Дзеянне заснавана на здольнасці застылай жэлаціна-гліцэрынавай масы ўспрымаць спец. (гектаграфскае) чарніла, якім выконваюцца тэксты і ілюстрацыі, а потым перадаваць іх (пры прыцісканні) на лісты паперы. На гектографе можна атрымаць да 100 адбіткаў. Вынайдзены рус. вынаходнікам М.І.Алісавым у 1869.

т. 5, с. 138

ГЕКУ́БА,

Гекаба, у грэчаскай міфалогіі жонка траянскага. цара Прыяма, маці Гектара, Парыса, Касандры і інш. Пры разбурэнні Троі перажыла смерць усіх блізкіх і стала нявольніцай Адысея, пазней ператворана ў сабаку. Загінула ў час пераправы цераз праліў Гелеспонт (Дарданелы). Вобраз Гекубы ўвайшоў у класічную л-ру (Эўрыпід, Дантэ, У.Шэкспір і інш.).

т. 5, с. 138

ГЕЛАБІЁНТЫ

[ад грэч. helos балота + біёнт(ы)],

віды расліннага і жывёльнага свету, якія прыстасаваліся да жыцця ў балотах (некат. асокі, жабы і інш.).

т. 5, с. 138

ГЕЛАФІ́ТЫ

[ад грэч. helos балота + ...фіт (ы)],

балотныя травяністыя расліны. У большасці выпадкаў адносяцца да гіграфітаў.

т. 5, с. 138

ГЕЛА́ЦКІ МАНАСТЫ́Р,

Гелаты, адзін з буйнейшых сярэдневяковых манастыроў Грузіі (за 11 км ад г. Кутаісі); помнік груз. архітэктуры. Засн. ў пач. 12 ст. царом Давідам Будаўніком. У 2-й пал. 16 ст. — 1814 — месцазнаходжанне каталікоса-патрыярха. Буйны цэнтр асветы, філас. думкі і маст. культуры Грузіі сярэдневякоўя; у 12 ст. тут створана Гелацкая акадэмія. Арх. комплекс Гелацкага манастыра ўключае крыжова-купальныя гал. храм (1106—-25) і царкву св. Георгія, 2-павярховую царкву св. Мікалая, 3-ярусную званіцу (усе 13 ст.) і будынкі акадэміі (12 ст., усх. порцік 14 ст.). Захаваліся часткі паўд. ўвахода, створанага над магілай Давіда Будаўніка (12 ст.), і мураванай агароджы. Мазаіка гал. храма з выявамі Божай маці з дзіцем і архангелаў (1125—30) — выдатны помнік мастацтва сярэдневякоўя. У храмах манастыра захаваліся размалёўкі 12—18 ст., у т. л. партрэты гіст. асоб.

Літ.:

Меписашвили Р. Архитектурный ансамбль Гелати. Тбилиси, 1966.

т. 5, с. 138

ГЕЛАЦЫЯ́ЛЬНЫЯ

(Helotiales),

парадак сумчатых грыбоў з групы парадкаў дыскаміцэтаў. Каля 250 відаў з 60 родаў. Пашыраны ўсюды. Пераважна сапратрофы. На Беларусі каля 110 відаў з 37 родаў: кудонія, ланхелула, корыне, булгарыя, гелоцый і інш. Жывуць на апалым лісці, адмерлых раслінных рэштках. Паразітныя віды выклікаюць хваробы раслін (напр., віды з роду склератынія).

Пладовыя целы (апатэцыі) выш. і дыям. ад 0,02 мм да 2—3 см, кубка-, сподкападобныя, часам на ножцы, мясістыя ці храсткаватыя, скурыстай або рогападобнай кансістэнцыі. Споры шматклетачныя, з гладкай абалонкай, часта афарбаваныя.

т. 5, с. 138