ГЕ́КТАР,
герой у грэчаскай міфалогіі, сын Прыяма і Гекубы, муж Андрамахі. Галоўны траянскі герой у «Іліядзе», правадыр у Траянскай вайне, вылучаўся сілай і геройствам. Двойчы ўступаў у адзінаборства з найб. магутным пасля Ахіла ахейскім героем Аяксам. Траянцы на чале з Гектарам уварваліся ва ўмацаваны лагер ахейцаў і падпалілі адзін карабель. Загінуў у адзінаборстве з Ахілам, які помсціў яму за забойства Патрокла. Лёс Гектара адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, рэльефы саркафагаў, скульптуры А.Кановы, Б.Торвальдсена), л-ры (Ф.Шылер, Ж.Жыраду) і інш.
т. 5, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)