ПО́ЛЬСКАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (ППР; Polska Partia Robotnicza),
створана 5.1.1942 на падпольным сходзе членамі б. Камуністычнай партыі Польшчы. Кіраўнікі ППР — М.Навотка (1942), П.Фіндэр (1942—43). У.Гамулка (з 1943). Актыўна ўдзельнічала ва ўзбр. барацьбе супраць герм. акупацыі Польшчы, вясной 1942 стварыла ўзбр. арг-цыю — Гвардыю Людову (з 1.1.1944 — Армія Людова). Сумесна з інш. левымі партыямі стварыла Краёву Раду Нарадову, як орган улады ў Польшчы, які не падпарадкоўваўся Польскаму ўраду ў эміграцыі. Прадстаўнікі ППР займалі ключавыя пасады ў Польскім камітэце нацыянальнага вызвалення (1944), часовым урадзе Польскай Рэспублікі (1945) і Урадзе нац. адзінства (1945—47). У снеж. 1945 адбыўся 1-ы з’езд ППР, на якім была ўхвалена праграма, якая прадугледжвала радыкальную аграрную рэформу, нацыяналізацыю асн. сродкаў вытворчасці, транспарту і банкаў. Пасля перамогі на выбарах у сейм у снеж. 1947 узяла курс на поўнае падпарадкаванне сабе інш. левых партый і прымусовую ліквідацыю апазіцыі. У снеж. 1948 у выніку аб’яднання ППР з Польскай сацыялістычнай партыяй створана Польская аб’яднаная рабочая партыя.
т. 12, с. 485
ПО́ЛЬСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (ППС; Polska Partia Socjalistyczna),
левая палітычная партыя ў Польшчы. Засн. ў 1893 на падставе праграмных установак Парыжскага з’езда польскіх сацыялістаў (ліст. 1892), які абвясціў лозунг стварэння незалежнай Польскай дэмакр. рэспублікі і барацьбы за дэмакр. правы нар. мас. Да 1918 дзейнічала гал. чынам у Каралеўстве Польскім. Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі — Цэнтр. рабочы к-т. Кіраўнікі ППС (Ю.Пілсудскі, С.Вайцяхоўскі і інш.) планавалі аднавіць Польскую дзяржаву шляхам нац.-вызв. паўстання. У 1900—04 у ГІПС узмацніўся левы кірунак (М.Бялецкі, Ф.Кон і інш.), да якога ў чэрв. 1905 перайшло кіраўніцтва партыяй, што актыўна ўдзельнічала ў рэвалюцыі 1905—07. 9-ы з’езд ППС (ліст. 1906, Вена) выключыў Пілсудскага і яго прыхільнікаў з партыі. У 1918 ППС, вядомая як ППС-лявіца, аб’ядналася з Сацыял-дэмакратыяй Каралеўства Польскага і Літвы ў Камуніст. рабочую партыю Польшчы (з 1925 Камуністычная партыя Польшчы). Прыхільнікі Пілсудскага стварылі ППС — «рэв. фракцыю», якая ў 1909 прыняла назву ППС. У час 1-й сусв. вайны 1914—18 ППС Пілсудскага ўдзельнічала ў яго ваен.-паліт. кампаніі на баку Германіі і Аўстра-Венгрыі (стварэнне легіёнаў польскіх), у 1918 — у стварэнні незалежнай Польскай дзяржавы. У ліп. 1920 увайшла ў кааліцыйны ўрад В.Вітаса, у 1926 падтрымала дзярж. пераварот Пілсудскага, але з ліст. 1926 адмовілася ад супрацоўніцтва з «санацыйным рэжымам» і перайшла ў апазіцыю. Пасля захопу Польшчы гітлераўскай Германіяй (вер.—кастр. 1939), кіраўніцтва партыі абвясціла пра роспуск ППС. Пасля вызвалення краіны (1944—45) створана адноўленая ППС (кіраўнік Э.Асубка-Мараўскі), якая ў снеж. 1948 утварыла разам з Польскай рабочай партыяй Польскую аб’яднаную рабочую партыю. Дзейнасць ППС у Польшчы аднавілася ў 1987. У 1993—94 у складзе Саюза лявіцы дэмакратычнай. У 1995 з ППС злучыліся інш. невял. сацыяліст. партыі.
т. 12, с. 485
ПО́ЛЬСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ Ў ЛІТВЕ́, ППС на Літве (Polska partia socjalistyczna na Litwie, PPS na Litwie),
сацыялістычная партыя ў Літве і Зах. Беларусі рэв.-народніцкай арыентацыі ў 1902—06. Узнікла ў вер. 1902 з мясц. груп Польскай сацыялістычнай партыі (ППС). Адзін з яе стваральнікаў і кіраўнікоў П.І.Шумаў. Кіруючы орган — Літ. рабочы к-т (знаходзіўся ў Гродне). У пач. 1906 мела арг-цыі ў Вільні, Беластоку, Гродне, Брэсце, Коўне, Панявежы, Сувалках і Бельску. Друкаваны орган — газ. «Walka» («Барацьба»), Ставіла за мэту аб’яднаць мясц. рэв. групы ў краёвую дэцэнтралізаваную партыю. Патрабавала самастойнасці Літвы — Беларусі з устаноўчым сходам у Вільні, агульным для ўсіх народаў краю. Заклікала да звяржэння царызму, заваявання рэв. шляхам рэсп.-дэмакр. ладу, устанаўлення федэратыўных адносін Літвы—Беларусі з інш. часткамі Расіі. У чэрв. 1906 парвала арганізац. сувязь з ППС, перайменавалася ў С.-д. партыю Літвы (СДПЛ) і ў кастр. 1906 аб’ядналася з Літ. с.-д. партыяй.
М.В.Біч.
т. 12, с. 485
ПО́ЛЬСКАЯ СПА́ДЧЫНА,
вайна за польскую спадчыну (1733—35) паміж Расіяй, Аўстрыяй і Саксоніяй з аднаго боку і Францыяй — з другога. Падстава — выбары караля Рэчы Паспалітай пасля смерці Аўгуста II (1733). Францыя падтрымлівала кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага, зацвярджэнне якой вяло да стварэння антырас. блоку дзяржаў на чале з Францыяй. Расія і Аўстрыя падтрымлівалі сына Аўгуста II саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста II. Паводле просьбы групы магнатаў, Расія ў вер. 1733 увяла ў Рэч Паспалітую свае войскі. 12.9.1733 на сейме ў Варшаве каралём быў выбраны Ляшчынскі, але частка шляхты на занятай рас. войскамі тэр. ўзвяла на прастол Фрыдрыха Аўгуста II (гл. Аўгуст Ш). Рас. войскі ў студз. 1734 захапілі г. Торунь, у ліп. — Гданьск (Данцыг), адкуль Ляшчынскі ўцёк у Прусію. У 1734—35 Францыя з пераменным поспехам вяла ваен. дзеянні супраць Аўстрыі на р. Рэйн і ў Італіі. У кастр. 1735 заключаны папярэдні, а ў ліст. 1738 у Вене — канчатковы мір паміж Аўстрыяй і Францыяй, да якога ў 1739 далучыліся Расія, Рэч Паспалітая і Саксонія. Францыя прызнала каралём Рэчы Паспалітай Аўгуста III.
т. 12, с. 485
ПО́ЛЬСКА-ГЕРМА́НСКІ ПАКТ АБ НЕНАПА́ДЗЕ 1934,
гл. Германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе.
т. 12, с. 482
ПО́ЛЬСКА-ЛІТО́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1920,
падпісаны 7 кастр. ў Сувалках (Польшча). Прадугледжваў частковае перамір’е паміж Польшчай і Літвой. Вызначыў дэмаркацыйную лінію паміж польскімі і літ. войскамі, згодна з якой Віленскі край заставаўся пад кантролем Літвы. Сарваны польскім бокам пасля таго, як войскі польскага ген. Л.Жалігоўскага ўзнялі «бунт» і захапілі 9.10.1920 Вільню, дзе быў створаны ўрад Сярэдняй Літвы. У выніку ўзнік Віленскі канфлікт 1920—39.
Літ.:
Коўкель І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партый і арганізацый (1920—1923 гг.) // Беларусіка=Albaruthenica. Мн., 1994. Кн. 3;
Łossowski P. Konflikt polsko-litewski, 1918—1920. Warszawa, 1996.
Р.Р.Лазько.
т. 12, с. 483
ПО́ЛЬСКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 17 ст.,
войны паміж Рэччу Паспалітай і Асманскай імперыяй (у саюзе з Крымскім ханствам) гал. чынам за валоданне ўкр. землямі (Валынню і Падоліяй). Пачатак вайне 1620—21 паклала знішчэнне туркамі каля г. Цэцора атрада гетмана С.Жалкеўскага, які ўварваўся ў Малдаўскае княства. 30-тысячнае войска Рэчы Паспалітай на чале з К.Хадкевічам і 40 тыс. укр. казакоў на чале з гетманам П.К.Сагайдачным у гал. бітве паблізу Хаціна (1621) адбілі атакі тур.-тат. войск. Паводле Польска-турэцкага міру 1623 граніца паміж гэтымі дзяржавамі прайшла па р. Днестр. Вайну 1672—76 пачала Асманская імперыя. Тур.-тат. войскі захапілі Камянец-Падольскі, працягвалі наступленне на Львоў і Бучач, што прымусіла Рэч Паспалітую да заключэння Бучацкага мірнага дагавора 1672, які не прызнаў польскі сейм. У 1673 тур. войска зноў было разбіта каля Хаціна. У 1676 польскае войска паспяхова вяло баі каля Жураўна. Аднак Рэч Паспалітая мусіла падпісаць Журавінскі мірны дагавор 1676, паводле якога Падолія адышла да Асманскай імперыі, а значная ч. Правабярэжнай Украіны — пад уладу гетмана П.Д.Дарашэнкі. Польскі сейм зноў адмовіўся зацвердзіць гэты дагавор. Вайну 1683—99 пачала Рэч Паспалітая, якая прыйшла на дапамогу Аўстрыі (гл. Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.) у крытычны момант, калі тур. войскі ўзялі ў аблогу Вену. У 1683 польскае войска сумесна з аўстр. арміяй і войскам герм. князёў пад кіраўніцтвам караля Польшчы і вял. кн. ВКЛ Яна III Сабескага, пры ўдзеле атрадаў укр. казакоў разграміла тур. войскі пад Венай. У ходзе вайны ў 1684 была створана антытур. кааліцыя «Свяшчэнная Ліга» (Рэч Паспалітая, Аўстрыя, Брандэнбург, Венецыя, а з 1686 і Расія). Паводле заключнага на Карлавіцкім кангрэсе 1698—99 мірнага дагавора Падолія і ч. Правабярэжнай Украіны адышлі да Польшчы, панізоўе Дняпра і г. Керч засталіся (да 1774) у Турцыі, Азоў замацаваны за Расіяй.
т. 12, с. 483
ПО́ЛЬСКА-ФРАНЦУ́ЗСКІ САЮ́З 1921,
заключаны ў Парыжы 19 лют. Фіксаваўся ў адкрытым паліт. дагаворы і ў сакрэтнай вайсковай канвенцыі. Прадугледжваў узгадненне палітыкі дзвюх дзяржаў і ўзаемную дапамогу ў выніку несправакаванага нападу, у першую чаргу з боку Германіі. У выпадку нападу СССР на Польшчу альбо яго пагрозы Францыя абавязвалася стрымліваць Германію. Пасля нападу 1.9.1939 Германіі на Польшчу Францыя, выконваючы саюзніцкія абавязацельствы, абвясціла 3.9.1939 вайну Германіі.
Р.Р.Лазько.
т. 12, с. 483
ПО́ЛЬСКІ (Спартак Аляксандравіч) (21.6.1930, г. Новасібірск, Расія — 9.9.1994),
бел. географ. Д-р геагр. н. (1980), праф. (1983). Скончыў БДУ (1954). З 1973 у Мінскім дзярж. пед. ун-це. Навук. працы па праблемах сац.-эканам. і дэмаграфічнага развіцця гарадоў Беларусі. Узначальваў рэдкалегію і аўтарскі калектыў атласа «Беларусы: этнагеаграфія, дэмаграфія, дыяспара, канфесіі» (1996).
Тв.:
Нарысы геаграфіі гарадоў Беларускай ССР (1917—1941 гг.). Мн., 1973;
Демографические проблемы развития Минска. Мн., 1976;
География населения развитых капиталистических и развивающихся стран (с основами демографии). Мн., 1987.
М.С.Вайтовіч.
т. 12, с. 485
ПО́ЛЬСКІХ (Галіна Аляксандраўна) (н. 27.11.1939, Масква),
расійская кінаактрыса. Нар. арт. Расіі (1979). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1964). З 1964 у Т-ры-студыі кінаакцёра. У кіно з 1962 («Дзікі сабака Дзінга»). Творчая манера П. адметная псіхал. глыбінёй, шчырасцю, лірызмам, эмацыянальнасцю. Знялася ў фільмах: «Я крочу па Маскве» (1964), «Вернасць» (1965), «Журналіст» (1967), «Аўтамабіль, скрыпка і сабака Клякса» (1975), «Фронт без флангаў» (1975) і «Фронт за лініяй фронту» (1978; за абодва Дзярж. прэмія Расіі 1978), «Партрэт з дажджом» (1978), «Коней на пераправе не мяняюць» (1981), «Белыя росы» (1983), «Мордачка» (1990), «Амерыканскі дзядуля» (1993), «Любіць па-руску» (1995), «Любіць па-руску 2» (1996), «Любіць па-руску 3» (1999), «Афінскія вечары», «Жанчын крыўдзіць не рэкамендуецца» (абодва 2000), тэлесерыялах «Пецярбургскія тайны» (1994—95), «Развязка пецярбургскіх тайнаў» (1997), «Прыпынак па патрабаванні» (2000) і інш.
т. 12, с. 486