Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПО́ЛЬСКАЕ АГЕ́НЦТВА ДРУ́КУ (ПАП; Polska Agencja Prasowa),

інфармацыйнае агенцтва Польшчы. Створана ў 1944 як Польскае агенцтва друку Польпрэс, з 1945 — сучасная назва. Знаходзіцца ў Варшаве. Збірае і распаўсюджвае айч. і замежную інфармацыю для газет, радыё, тэлебачання, дзярж. арг-цый і ўстаноў, замежных прадстаўніцтваў, выдае бюлетэні і даведнікі (на польскай і англ. мовах). Мае 24 айч. інфарм. бюро, 36 айч. і 18 замежных пастаянных аддзяленняў, у т. л. на Беларусі. Атрымлівае інфарм. і публіцыстычныя матэрыялы ад 44 агенцтваў.

т. 12, с. 482

ПО́ЛЬСКАЕ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

дэмакратычная арг-цыя польскай эміграцыі, створаная ў 1832 у Парыжы. Кіруючы орган — Цэнтралізацыя. Мэта т-ва — увядзенне замест старога парадку новага ладу для паляпшэння дабрабыту ўсяго грамадства і лёсу нар. мас. Для дасягнення гэтай мэты ідэолагі партыі бачылі 2 шляхі: паступовыя змены і звяржэнне ўрада. З 1840 П.д.т. праз эмісараў рыхтавала паўстанне на тэр. былой Рэчы Паспалітай. У 1845 эмісары т-ва дзейнічалі на Гродзеншчыне (Я.​Рэр), Брэстчыне (А.​Хафмаер), Віленшчыне (А.​Рэніер). Пасля 1848 Цэнтралізацыя перамясцілася ў Лондан. У 1862 П.д.т. далучылася да Варшаўскага цэнтр. нац. к-та.

М.​А.​Сакалова.

т. 12, с. 482

ПО́ЛЬСКАЕ КО́ЛА (Koło Polskie, у сэнсе «польскае асяроддзе, гурт»),

назва польскіх парламенцкіх фракцый у аўстр. рэйхсраце (1867—1918), герм. рэйхстагу (1871—1918) і рас. Дзярж. думе (1906—17). У П.к. Германіі і Расіі гал. ролю адыгрывалі нац.-дэмакраты (эндэкі), якія абапіраліся на сярэднія пласты грамадства, у Аўстрыі да выбараў 1907 — шляхецкія кансерватары, з 1907 — кансерватары і эндэкі. Члены П.к. стаялі на нац.-рэфармісцкіх пазіцыях. У Аўстрыі і Германіі яны выступалі супраць германізацыі польскіх зямель, у Расіі — супраць русіфікацыі і за аўтаномію Каралеўства Польскага (у Аўстрыі з 1867 існавала аўтаномія польскіх зямель).

Р.​Р.​Лазько.

т. 12, с. 482

ПО́ЛЬСКАЯ АБ’ЯДНА́НАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (ПАРП; Polska Zjednoczona Partia Robotnicza),

створана 15.12.1948 у выніку аб’яднання Польскай рабочай партыі і Польскай сацыялістычнай партыі. 1-ы з’езд ПАРП (снеж. 1948) ухваліў курс на паскораную пабудову ў Польшчы сацыялізму, хуткае развіццё цяжкай прам-сці, каапераванне сялянскіх гаспадарак. У выніку гэтага ў краіне быў усталяваны рэжым на ўзор тагачаснай сав. мадэлі на чале з 1-м сакратаром ЦК ПАРП Б.Берутам. Пасля выступлення рабочых у Познані (чэрв. 1956) пленум ЦК ПАРП у кастр. 1956 абраў кіраўніком ПАРП У.Гамулку. Была скарэкціравана эканам. лінія (адмова ад прымусовага кааперавання), прыняты меры па дэмакратызацыі паліт. і грамадскага жыцця, што спрыяла стабілізацыі эканомікі і грамадства. Пагаршэнне эканам. становішча ў канцы 1960-х г., забастоўкі на Балт. узбярэжжы ў снеж. 1970 прывялі да адстаўкі Гамулкі і прызначэння ген. сакратаром ЦК ПАРП Э.Герака. Новае кіраўніцтва ПАРП праводзіла палітыку пашырэння знешнеэканам. сувязей Польшчы, што спрыяла эканам. ўздыму краіны ў 1970-я г. Але з пачаткам у 1980 эканам. заняпаду ў грамадстве павялічылася незадаволенасць уладай ПАРП, што выявілася ў масавых забастоўках у жн. 1980 і адхіленні Герака ад пасады. Эканам. крызіс і супрацьстаянне з прафс. аб’яднаннем «Салідарнасць» прымусілі кіраўніцтва ПАРП на чале з В.Ярузельскім увесці ў Польшчы ў снеж. 1981 ваен. становішча. У студз. 1989 у выніку перагавораў з апазіцыяй лідэры ПАРП згадзіліся на правядзенне свабодных выбараў, якія адбыліся ў ліп. 1989. На іх ПАРП страціла большасць у сейме Польшчы. У студз. 1990 11-ы з’езд ПАРП прыняў рашэнне аб самароспуску і стварэнні партыі Сацыял-дэмакратыя Рэспублікі Польшча.

т. 12, с. 483

ПО́ЛЬСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВАЙСКО́ВАЯ (ПАВ),

тайная вайсковая арганізацыя. Створана ў кастр. 1914 у Варшаве. Дзейнічала пад кіраўніцтвам Ю.​Пілсудскага ў Каралеўстве Польскім, Галіцыі, на Украіне, Беларусі і ў Расіі. Адной з мэт ПАВ было захаванне ўлады ў руках Пілсудскага. Паводле некат. звестак, у ПАВ існавала тайная «група белага арла», якая вызначала ўнутр. і знешнюю палітыку Польшчы. У кіраўніцтва ПАВ уваходзілі А.​Коц, М.​Касцялкоўскі, Б.​Мядзінскі, А.​Прыстар, Э.​Рыдз-Сміглы і інш., якія адначасова з’яўляліся членамі масонскай Вял. нац. ложы Польшчы. У 1930-я — пач. 1940-х г. у СССР органы АДПУНКУС фабрыкавалі групавыя справы ПАВ, па якіх былі арыштаваны і засуджаны ў асн. беларусы і палякі. Першая ў БССР справа ПАВ прыдумана ДПУ у 1933. Па ёй у лют. 1934 асуджана 55 чал. на 3—10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У жн. 1937 у краіне пачалася шырокамаштабная аперацыя «па ліквідацыі польскай агентуры». Да вер. 1938 органамі НКУС арыштавана 21 407 «удзельнікаў ПАВ і паўстанцкіх арг-цый, польскіх шпіёнаў і дыверсантаў», з іх 10 120 беларусаў і 9196 палякаў. У 1937—39 па справах ПАВ прайшла большасць кіраўнікоў Кампартыі Польшчы і КПЗБ, выкліканых у СССР, і былых палітвязняў Польшчы, якія па абмене пераехалі ў Сав. Саюз, а таксама дзярж. дзеячаў, парт., сав., камсам. і прафс. работнікаў польскага паходжання. Фабрыкацыя спраў ПАВ была выкарыстана НКУС і для рэпрэсій палітычных у Зах. Беларусі пасля ўз’яднання яе з БССР у вер. 1939. Сярод арыштаваных і асуджаных па справах ПАВ была частка польскіх шпіёнаў, дыверсантаў і членаў падп. узбр. фарміраванняў, якія вялі антыдзярж. работу супраць сав. ладу. У 1950—90-я г. ўсе беспадстаўна рэпрэсіраваныя па справах ПАВ рэабілітаваны.

У.​М.​Міхнюк.

т. 12, с. 483

ПО́ЛЬСКАЯ І ШВЕ́ДСКАЯ ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ ПАЧА́ТКУ 17 ст. ў Расіі,

пашыраная ў сав. гістарыяграфіі назва ваен. і паліт. дзеянняў Рэчы Паспалітай і Швецыі ў час «Смуты» і грамадз. вайны ў Расіі ў пач. 17 ст.

т. 12, с. 483

ПО́ЛЬСКАЯ КАМПА́НІЯ 1939,

германа-польская вайна 193 9, Вераснёўская кампанія 193 9, баявыя дзеянні ўзбр. сіл фаш. Германіі па акупацыі Польшчы 1 вер. — 5/6 кастр., з якіх пачалася другая сусветная вайна 1939—45. План нападу на Польшчу «Вайс» («Белы»), распрацаваны герм. вярх. камандаваннем у крас. 1939, зыходзіў са стратэгіі «маланкавай вайны і меў на мэце раптоўным уварваннем сарваць мабілізацыю і сканцэнтраванне польскай арміі, канцэнтрычнымі ўдарамі з Сілезіі (8-я, 10-я і 14-я ням. арміі), Памераніі і Усх. Прусіі (3-я і 4-я ням. арміі) разбіць яе гал. сілы, што знаходзіліся на З ад рэк Вісла і Нараў. Зачэпкай да вайны паслужыла правакацыя 31.8.1939 у прыгранічным ням. г. Гляйвіц (цяпер Глівіцы, Польшча), калі група службоўцаў СС інсцэніравала напад польскіх вайскоўцаў на мясц. радыёстанцыю (аперацыя «Гімлер»). У той жа дзень у Польшчы пачата поўная мабілізацыя, у т. л. ў Зах. Беларусі (тут мабілізавана каля 100 тыс. беларусаў). Ням. сілы ўварвання пад агульным камандаваннем ген. В. фон Браўхіча налічвалі 54 (з рэзервамі 62) дывізіі, з іх 6 танкавых і 4 матарызаваныя (усяго 1,6 млн. чал.), каля 10 тыс. артыл. гармат і мінамётаў, 2,5—2,8 тыс. танкаў, каля 1,3 тыс. самалётаў, 18 баявых караблёў. Польшча мела каля 30 пях. дывізій, 16 брыгад (з іх 11 кав. і 2 бронематарызаваныя; разам 1 млн. чал.), 4,3 тыс. гармат і мінамётаў, 870 танкаў і танкетак, каля 400 баяздольных самалётаў, 16 баявых караблёў. Польскае камандаванне на чале з маршалам Э.Рыдз-Сміглым планавала весці абарончыя баі на З ад Віслы з разлікам на хуткую дапамогу зах. саюзнікаў — Вялікабрытаніі і Францыі (3 вер. гэтыя краіны абвясцілі вайну Германіі, але актыўных ваен. дзеянняў супраць яе не разгарнулі). У час баявых дзеянняў 1—8 вер., якія пачаліся з абстрэлу п-ва Вестэрплятэ (яго гарнізон на чале з маёрам Г.​Сухарскім супраціўляўся да 7 вер.), ням. войскі прарвалі польскую абарону на рубяжах уздоўж мяжы і хутка наблізіліся да Варшавы. 7 вер. Рыдз-Сміглы са штабам эвакуіраваўся ў крэпасць Брэст. 9—16 вер. герм. злучэнні акружылі польскія часці на У ад Варшавы, ліквідавалі наступствы польскага контрудару паміж рэкамі Вісла і Бзура, 14 вер. захапілі акружаную імі ваен.-марскую базу Гдыня (яе паўн. ўчастак Аксыўе капітуляваў 18 вер.), 15 вер. наблізіліся да Брэста (да 30% вайскоўцаў IX польскага корпуса на Брэстчыне складалі беларусы). У гэтых умовах 17 вер. пачаўся паход сав. войскаў у Зах. Беларусь і Зах. Украіну (гл. Пакт Рыбентропа—Молатава 1939, Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, Беларускі фронт 1939, Дняпроўская ваенная флатылія). Польскі ўрад пакінуў краіну (у ноч на 18 вер.), ням. войскі завяршылі заваяванне Польшчы (28 вер. капітулявалі абаронцы Варшавы, 29 вер. — крэпасці Модлін, 2 кастр. — п-ва Гэль, 6 кастр. пасля апошніх абарончых баёў 2—5 кастр. пад г. Коцк — самаст. аператыўная група «Палессе» на чале з ген. Ф.​Клеебергам, у склад якой уваходзілі маракі польскай Пінскай флатыліі). У ходзе П.к. Германія страціла каля 45 тыс. чал. забітымі і параненымі, каля 1 тыс. танкаў і бронемашын, 700 самалётаў і інш. тэхніку, Польшча — каля 200 тыс. забітымі і параненымі, 700 тыс. чал. палоннымі (сярод іх было 70 тыс. беларусаў) і інш. Акупацыя Польшчы нямецкімі войскамі не спыніла волю палякаў да супраціўлення (гл. Вызваленчая вайна польскага народа 1939—45).

Літ.:

Jurga T. Obrona Polski, 1939. Warszawa, 1990;

Odziemkowski J Kampania wrześniowa 1939 r. // Wojsko Polskiew II wojnie światowej. Warszawa, 1994;

Radziecka agresja 17 września 1939 r. i jej skutki dla mieszkariców ziem północno-wschodnich II Rzeczypospolitej: Studia i materiały. Białystok, 2000;

Брыль Я. Многолетнее: По блокнотным наброскам: Пер. с бел. // Неман. 2000. №1;

Вабішчэвіч А. Уз’яднанне // Полымя. 2000. № 9;

Макарэвіч В.С. Беларусы ў польскай арміі напярэдадні і ў час нямецкай агрэсіі // Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: Гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы Міжнар. навук.-тэарэт. канф. Мн., 2000.

В.​А.​Астрога, У.​В.​Грыбоўскі.

Да арт. Польская кампанія 1939. Германскі лінейны карабель «Шлезвіг-Гольштэйн» абстрэльвае паўвостраў Вестэрплятэ. 1.9.1939.

т. 12, с. 483

ПО́ЛЬСКАЯ МО́ВА,

адна з заходнеславянскай групы славянскіх моў, мова палякаў, дзярж. мова Польшчы. Мае 5 дыялектаў: велікапольскі, малапольскі, мазавецкі, шлёнскі, або сілезскі, кашубскі.

У фанетыцы: захаванне насавых [о], [э]; адсутнасць рэдукцыі галосных; чаргаванні ’e—’o, ’e—’a, ę—ą, ’er—’ar і інш.; палаталізаваныя зычныя p’, b’, m’, f’, v’; палатальныя n’, l’, j’, c’, dz’, s’, z’, k’, g’, ch’, якім (апрача j) адпавядаюць цвёрдыя; замена t’, d’, r’ на c’, dz’ rz’; наяўнасць альвеалярнага l (перад a, o, e, u і зычнымі) побач з цвёрдымі ł ([ł] або [u]) і мяккім l’ (у спалучэнні li); 8 шыпячых зычных; сталы націск на перадапошнім складзе. У марфалогіі: ужыванне асабовых паказчыкаў у 1-й і 2-й асобах адз. л. прошлага часу ў дзеясловах miałem — «я меў», miałeś — «ты меў», miał — «ён меў»; наяўнасць энклітык і праклітык; ужыванне дзеяслоўнай звязкі być («быць») у цяперашнім часе. П.м. флектыўная, мае 7 склонаў (з клічным), 2 лікі, 3 роды (у мн. л. — 2 з-за катэгорыі адушаўлёнасці-неадушаўлёнасці мужчынскай асобы); 3 скланенні з 5 маюць мяккую і цвёрдую разнавіднасці; дзеясловам уласцівы катэгорыі трывання, часу, стану, ладу, асобы, ліку, дзеяслоўным формам і дзеепрыметнікам на ł — катэгорыі роду і асобы-неасобы. У сінтаксісе — асаблівы парадак слоў: група дзейніка стаіць перад групай выказніка, дапасаванае азначэнне ва ўстойлівых зваротах знаходзіцца пасля азначаемага слова і інш. Узбагачэнне лексікі адбывалася за кошт запазычанняў з лац., ням., італьян., франц., рус. (асабліва пасля 2-й сусв. вайны), а таксама бел. моў (duha — «дуга», boćwina — «бацвінне», borowik — «баравік» і інш.). У бел. лексіку трапіла шмат запазычаннях з П.м. (гл. Паланізм).

Літ. мова склалася на аснове велікапольскіх, малапольскіх і, пазней, мазавецкіх гаворак. Найб. прынятая перыядызацыя літ. мовы: старапольскі (сярэдзіна 12 — пач. 16 ст.), сярэдняпольскі (пач. 16 — сярэдзіна 18 ст.), навапольскі (з сярэдзіны 18 ст. — 1945), сучасны польскі перыяды. Пісьменства з 13 ст.: рэліг. песня «Багародзіца», Свентакшыскія казанні, Фларыянскі псалтыр (14 ст.) на аснове лацінскага алфавіта.

Літ.:

Тихомирова Т.С. Курс польского языка. М., 1988;

Кіклевіч А.К., Кожынава А.А., Кур’ян І.У. Польская мова. Мн., 2000.

І.​І.​Лучыц-Федарэц.

т. 12, с. 484

ПО́ЛЬСКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БІБЛІЯТЭ́КА (Biblioteka Narodowa) у Варшаве, адна з буйнейшых бібліятэк Польшчы; навук. цэнтр па гісторыі кнігі і б-к, кнігазнаўстве. Засн. 24.2.1928. Стварэнне б-кі пачалося ў 1919. Асновай фондаў сталі б-кі, вернутыя з Сав. Расіі пасля падпісання Рыжскага дагавора 1921 (б-ка Залускіх, інш. варшаўскія б-кі), кнігазборы, створаныя палякамі ў эміграцыі (Францыя, Швейцарыя). З 1927 б-ка атрымлівае абавязковы экзэмпляр. З 1954 мае статус НДІ. У 2-ю сусв. вайну каля 300 тыс. адзінак захавання знішчана. Асн. фонд 7 млн. экз. (2001), сярод якіх рукапісы (23 тыс.), старадрукі (153,6 тыс.), іканаграфія (370,7 тыс.), выданні 19—20 ст., карты, ноты, графічныя лісты, гуказапісы і інш. Мае вял. калекцыю бел. рукапісаў і выданняў. У складзе б-кі: Бібліягр. ін-т (з 1928), які вядзе статыстыку друку, дзярж. бібліягр. бягучую і рэтраспектыўную рэгістрацыю друк. выданняў, у т. л. штотыднёвік «Pszewodnik bibliograficzny» («Даведнік бібліяграфічны»), штомесячнік «Bibliografia zawartości czasopism» («Бібліяграфія зместу часопісаў»); Ін-т кнігі і чытання (з 1955; праводзіць даследаванні ў галіне бібліятэказнаўства, сацыялогіі кнігі і чытання). Выдае часопісы, зб-кі навук. прац, манаграфіі, бібліягр. паказальнікі, каталогі выставак і інш.

Т.​І.​Рошчына.

т. 12, с. 484

«ПО́ЛЬСКАЯ ПРА́ЎДА», Кніга Эльблонгская,

умоўная назва зборніка польскага права, складзенага на тэр. Тэўтонскага ордэна ў канцы 13 — пач. 14 ст. на ням. мове. Рукапіс «П.п.», выяўлены ў 1868 у г. Эльбланг (Польшча), уключае запісы звычаяў і суд. рашэнняў (усяго 29 арт.). Некат. звычаі на момант складання зборніка выйшлі з ужытку. У «П.п.» адлюстраваны агр. адносіны, адрозненні ў прававым становішчы розных пластоў грамадства, дадзены тлумачэнні па пытаннях абавязацельнага, сямейнага, спадчыннага права і працэсу. Арыгінал рукапісу загінуў у 2-ю сусв. вайну.

т. 12, с. 484