Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕРЛІ́Т ( франц. perlite ад perle жэмчуг),

кіслае водазамяшчальнае вулканічнае шкло з канцэнтрычнай сферычнай паасобнасцю, па якой яно расколваецца на шарыкі, якія маюць злёгку ірызуючую паверхню (нагадваюць жамчужыны). Колер светла-шэры з адценнямі. Шчыльн. 2,3—2,4 г/см³, порыстасць 1,8—70%. Раздроблены П. пры награванні да 1000—1200 °C успучваецца і павялічваецца ў аб’ёме ў 10—20 разоў. Цепла- і гукаізалятар, напаўняльнік бетону (гл. Перлітабетон), у сельскай гаспадарцы паляпшае структуру глебы.

т. 12, с. 295

ПЕРЛІТАБЕТО́Н,

лёгкі бетон, у якім запаўняльнікам з’яўляецца ўспучаны абпальваннем перліт або блізкія да яго вулканічныя юрныя пароды (абсідыяны, вітрабазальты і інш.). Вяжучымі могуць быць цэмент, вапна, гіпс, растваральнае шкло, сінт. смолы і інш. Аб’ёмная маса да 1000 кг/м³. Выкарыстоўваецца як цеплаізаляцыйны матэрыял у прамысл. і с.-г. абсталяванні, у трубаправодах, як канструкцыйны — для вырабу адна- і двухслойных сценавых панэлей, зборных агараджальных канструкцый будынкаў.

т. 12, с. 295

ПЕРЛЮСТРА́ЦЫЯ (ад лац. perlustrare праглядваць),

тайнае распячатванне і прагляд дзярж. органамі паштовай карэспандэнцыі з мэтай цэнзуры.

т. 12, с. 295

ПЕРМ,

назва ў 13—17 ст. гіст. вобласці ў Расіі ад Уральскіх гор да рэк Пячора, Кама і Вычагда, населенай народам комі. Падзялялася на П. Вялікую — сучасная Комі-Пярмяцкая аўт. акруга і П. Малую (Старую, Вычагодскую) — тэр. сучаснай Рэспублікі Комі. У 13—сярэдзіне 15 ст. П. плаціла даніну Наўгародскай феадальнай рэспубліцы, у 1478 далучана да Маскоўскага вял. княства.

т. 12, с. 295

ПЕРМ,

горад, цэнтр Пермскай вобл. ў Расіі. Вядомы з 17 ст. У 1940—57 наз. Молатаў. 1027,8 тыс. ж. (1996). Порт на р. Кама. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Буйны цэнтр цяжкай прам-сці, пераважна машынабудавання. З-ды: 3 маш.-буд., горна-шахтавага машынабудавання, суднабуд., эл.-тэхн., маторабуд., ракетна-касм. тэхнікі, веласіпедны, тэлеф., кабельны і інш. Развіты паліўная, хім., нафтахім., нафтаперапр., дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая, харч., лёгкая прам-сць. Камская ГЭС. Пермскі навук. цэнтр Рас. АН. 7 ВНУ, у т. л. ун-т. 4 тэатры, у т. л. тэатр оперы і балета. Філармонія. Цырк. Музей. Маст. галерэя. Музей драўлянай архітэктуры.

Горад Перм. Новы раён.

т. 12, с. 295

ПЕ́РМАЗЕР ((Permoser) Бальтазар) (хрышчаны 13.8.1651, Траўнштайн, Германія — 20.2.1732),

аўстрыйскі скульптар. Вучыўся і працаваў у Зальцбургу і Вене, з 1675 у Італіі, з 1689 у Дрэздэне, у 1704—10 у Берліне. Выдатны майстар скульптуры барока. У манументальна-дэкар. работах (убранне палаца Цвінгер у Дрэздэне, 1711—18) дасягнуў арган. зліцця скульптуры і архітэктуры, вытанчанасці і лёгкасці форм. Выканаў шэраг станковых і алегарычных кампазіцый, напоўненых вострай экспрэсіяй, якая часам мяжуе з гратэскам (група «Апафеоз прынца Яўгена», 1718—21; бюст «Праклён», каля 1722—24).

т. 12, с. 295

ПЕРМАЛО́Й [англ. permalloy ад perm (eability) пранікальнасць + alloy сплаў],

агульная назва групы сплаваў нікелю з жалезам, якія характарызуюцца высокай магнітнай пранікальнасцю. Адрозніваюць нізканікелевыя (40—50% нікелю) і высоканікелевыя (70—83% нікелю). Выкарыстоўваюць у радыётэхніцы, тэхніцы сувязі, вылічальнай тэхніцы. Адносіцца да магнітамяккіх матэрыялаў.

т. 12, с. 295

ПЕРМЕАМЕ́ТР (ад лац. permeo пранікаю + ...метр),

прылада для вымярэння магн. характарыстык ферамагнетыкаў. Даследаваны ўзор замыкае магнітаправод П., на ім размешчаны абмотка для вызначэння магнітнай індукцыі і дадатковая шпуля для вызначэння напружанасці намагнічвальнага поля. На аснове атрыманых даных будуюцца крывыя намагнічвання (ці петлі гістэрэзіса), па якіх вызначаюцца інш. магн. характарыстыкі. П. выкарыстоўваюцца ў лабараторнай практыцы.

Схема пермеаметра: 1 — ярмо; 2 — рухомыя полюсныя наканечнікі; 3 — намагнічвальныя шпулі; 4 — абмотка для вымярэння магнітнай індукцыі; 5 — даследаваны ўзор; 6 — магнітны патэнцыяламетр для вымярэння напружанасці намагнічвальнага поля.

т. 12, с. 295

ПЕ́РМЕКЕ ((Permeke) Канстан) (31.7.1886, г. Антверпен, Бельгія — 4.1.1952),

бельгійскі мастак; вядучы прадстаўнік бельг. экспрэсіянізму. Вучыўся ў АМ у г. Гент (1904). У 1909—12 узначальваў «2-ю групу» бельг. маст. латэмскай школы. Для ранніх твораў характэрны пошукі выразных сродкаў праз аналіз мясц. мастацтва: «Зіма ў Фландрыі» (1.912), «Мацярынства» (1913). Пазней працаваў у рэчышчы экспрэсіянізму: «Чужы», «Мяснік» (абодва 1916), «Аматар сідру» (1917), «Едакі бульбы» (1935). Творам (марыны, выявы сялян і рыбакоў, аголеная натура), выкананым у шырокай манеры з насычаным каларытам, уласцівы жывапісная экспрэсія ў кантрасце з цяжкавагавасцю форм, трагізм светаўспрымання, містычная напружанасць маст. бачання. З 1935—36 працаваў і як скульптар («Галава Хрыста», 1936, і інш.).

Літ.:

Алпатов М.В. Пейзажи К. Пермеке // Алпатов М.В. Этюды по истории западноевропейского искусства. 2 изд. М., 1963.

К.Пермеке. Едакі бульбы. 1935.

т. 12, с. 295

ПЕ́РМСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

другая назва Камскага вадасховішча ў Пермскай вобл., Расія.

т. 12, с. 296