Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МА́НСЕЛЬКЯ,

града ўзвышшаў і нізкагор’яў, пераважна ў Фінляндыі, а таксама ў Нарвегіі і Расіі (Карэлія і Мурманская вобл.). Даўж. 750 км. Выш. да 718 м (г. Сокусты). Водападзел паміж Балтыйскім, Белым і Баранцавым морамі. Ледавіковы рэльеф, балоты, азёры, парожыстыя рэкі. Забалочаныя таежныя лясы, на вяршынях тундравая расліннасць. Нац. паркі Койліскайра, Оўланка, Рысітунтуры (Фінляндыя).

т. 10, с. 86

МАНСУ́Р, аль-Мансур Абу Джафар Абдалах ібн Мухамед (707—775), халіф [754—775] з дынастыі Абасідаў. Ажыццявіў у Халіфаце шэраг адм.-фін. рэформ, спрыяў развіццю гандлю і рамяства. У 762 заснаваў г. Багдад, які стаў сталіцай Халіфата.

т. 10, с. 86

МАНСУ́РАВА (сапр. Валерштэйн) Цэцылія Львоўна

(20.3.1897, Масква — 22.1.1976),

расійская актрыса, педагог. Нар. арт. СССР (1971). Скончыла Кіеўскі ун-т. З 1919 у Студыі, потым у Т-ры імя Вахтангава. З 1925 выкладала ў Тэатральным вучылішчы імя Б.​Шчукіна (з 1946 праф.). Першая выканаўца ролі прынцэсы Турандот («Прынцэса Турандот» К.​Гоцы, 1922). Уласцівыя М. эмац. выразнасць, тэмперамент, пластычная вытанчанасць, мастацтва іранічнай характарыстыкі персанажа, псіхал. глыбіня раскрыцця характару выявіліся ў ролях: Ксенія («Разлом» Б.​Лаўранёва), Шурка («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Беатрычэ («Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра), Інкен («Перад захадам сонца» Г.​Гаўптмана), Раксана («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана) і інш.

т. 10, с. 86

МАНТА́Ж (ад франц. montage пад’ём, устаноўка, зборка),

зборка і злучэнне частак (вузлоў, элементаў) у адзінае цэлае, іх устаноўка, замацаванне, наладка.

М. будаўнічых канструкцый уключае злучэнне элементаў (канструкцый) заводскага вырабу, іх пад’ём, перамяшчэнне да месца ўстаноўкі, навядзенне і ўстаноўку ў праектнае становішча. Робіцца з дапамогай буд.-мантажных кранаў (гл. Пад’ёмны кран) і мантажных прыстасаванняў. М. абсталявання ўключае ўстаноўку ў праектнае становішча і замацаванне тэхнал. абсталявання, далучэнне да яго камунікацый, што забяспечваюць падачу электраэнергіі, сыравіны, вады, пары, сціснутага паветра, сродкаў кантролю і аўтаматыкі, наладку і ўвод у эксплуатацыю. Робіцца звычайна спец. мантажнымі арг-цыямі або заводамі-вытворцамі абсталявання. М. электроннай апаратурыасн. працэс зборкі апаратуры з асобных электра- і радыёэлементаў, электраізалюючых дэталей, нясучых канструкцый (шасі, платы) і злучальных правадоў.

Інструменты і прыстасаванні для мантажу зборных канструкцый. 1 — лом; 2 — скрабалка; 3 — прыстасаванне для развароту калон; 4 — прычальная скаба: 5 — гайкавёрт; 6 — электрагерметызатар; 7 — рэйка-адвес; 8 — вадзяны гнуткі ватэрпас; 9 — мантажная люлька; 10 — перасоўныя рыштаванні.

т. 10, с. 86

МАНТА́Ж,

1) у радыёвяшчанні, тэлебачанні, эстрадным мастацтве, фатаграфіі і інш. — падбор асобных маст. твораў або іх частак у залежнасці ад тэмы, сюжэта.

2) Творчы і тэхн. працэс у стварэнні кінафільма пасля правядзення здымак; адзін з найважнейшых сродкаў раскрыцця ідэйна-маст. зместу фільма. Уключае адбор адзнятых фрагментаў у адпаведнасці са сцэнарыем і рэжысёрскай задумай, склейку асобных фрагментаў у адзінае цэлае. М. называюць таксама сістэму зместавых, гуказрокавых рытмічных суадносін паміж асобнымі кадрамі, якая складваецца паступова і замацоўваецца ў гатовым фільме.

т. 10, с. 86

МАНТА́ЛЕ ((Montale) Эўджэніо) (12.10. 1896, г. Генуя, Італія — 12.9.1981),

італьянскі паэт. Першыя зб-кі «Ракавіны каракаціцы» (1925), «Выпадковасці» (1939) створаны пад уплывам герметызму з яго матывамі тугі, трывогі, адчужанасці і адзіноты. Пошукі выйсця за межы песімізму, антыфаш. і грамадз. тэматыка ў цэнтры зб-каў «Фіністэрэ» (1943), «Бура і іншыя вершы» (1956). У зб-ках «Сатура» (1972) і «Сшытак за чатыры гады» (1977) спалучэнне гуманіст. матываў з сац. іроніяй. Паэтыцы М. ўласціва яснасць і канкрэтнасць, нетрадыц. вобразнасць, лірычны ўнутр. маналог. На бел. мову асобныя яго творы перакладалі Р.​Барадулін, М.​Стральцоў, А.​Шаўня. Нобелеўская прэмія 1975.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Ад вежаў Ферары. Мн., 1974;

Рус. пер. — Избранное. М., 1979.

Э.Мантале.

т. 10, с. 87

МАНТА́Н (Montand) Іў [сапр. Ліві

(Livi) Іва; 13.10.1921, г. Мансумана-Тэрме, Італія — 1991], французскі кінаакцёр і шансанье. У кіно з 1945. Стварыў драм. характары моцных і мужных герояў у фільмах «Плата за страх» (1953),

«Дзета» (1969), «Усё добра» (1972), «І... як Ікар» (1979), «Выбар зброі» (1981), «Жан Фларэт», «Манон з крыніцы» (абодва 1986), «Тры месцы на 26-е» (1988) і інш. Як шансанье звяртаўся да паэзіі Л.​Арагона, Г.​Апалінэра, Ж.​Прэвера, П.​Элюара, да актуальных паліт. тэм.

т. 10, с. 87

МАНТА́НА (Montana),

штат на ПнЗ ЗША, мяжуе з Канадай. Уваходзіць у групу Горных штатаў. Пл. 381,1 тыс. км². Нас. 878,8 тыс. чал. (1997). Адм. цэнтр — г. Хеліна. У гарадах каля 40% насельніцтва. Найб. гарады: Білінгс, Грэйт-Фолс, Мізула, Анаконда. Рэльеф гарысты. Зах. частку штата займаюць хрыбты Скалістых гор (г. Граніт-Пік, 3901 м), усх. — плато Прэрый. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C да -13 °C, ліп. 21—24 °C. Ападкаў 350—400 мм за год. Гал. рэкі: Місуры і яе прыток Йелаўстан. Каля 60% тэрыторыі пад лесам. Нац. паркі: Глейшэр, Йелаўстонскі нацыянальны парк (частка). Здабыча медзі, свінцу, цынку, золата, серабра, вугалю, нафты, газу. Развіты дрэваапр. (у т. л. папяровая), металургічная, металаапр., электратэхн., нафтаперапр., паліграф., харч. прам-сць. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, цукр. буракі, травы. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, бройлерных куранят. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. 4 Міжнар. аэрапорты. Турызм.

т. 10, с. 87

МАНТА́НЬЯ (Montaña). Ла-Мантанья, вобласць усх. перадгор’яў Андаў у Перу, на У ад р. Укаялі, якая прымыкае да раўнін Амазоніі. Спадзістыя хрыбты т. зв. Субандыйскіх Кардыльераў (выш. 400—600 м) падзелены шырокімі раўніннымі паніжэннямі. Ападкаў больш як 3000 мм за год. Густыя вільготныя экватарыяльныя лясы. Радовішча нафты.

т. 10, с. 87

МАНТАНЬЯ́РЫ (франц. montagnards ад montagne гара),

тое, што Гара (назва дэмакр. груповак у Францыі ў час рэвалюцый 1789—99 і 1848).

т. 10, с. 87