МАНТА́Ж,

1) у радыёвяшчанні, тэлебачанні, эстрадным мастацтве, фатаграфіі і інш. — падбор асобных маст. твораў або іх частак у залежнасці ад тэмы, сюжэта.

2) Творчы і тэхн. працэс у стварэнні кінафільма пасля правядзення здымак; адзін з найважнейшых сродкаў раскрыцця ідэйна-маст. зместу фільма. Уключае адбор адзнятых фрагментаў у адпаведнасці са сцэнарыем і рэжысёрскай задумай, склейку асобных фрагментаў у адзінае цэлае. М. называюць таксама сістэму зместавых, гуказрокавых рытмічных суадносін паміж асобнымі кадрамі, якая складваецца паступова і замацоўваецца ў гатовым фільме.

т. 10, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)