Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЛІ́Н (Malines),

французская назва бельгійскага г. Мехелен.

т. 10, с. 32

МАЛІ́НА (Rubus),

падрод кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 120 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі. У культуры з 4 ст. Культурныя сарты атрыманы на аснове М. звычайнай, або чырвонай (R. idaeus), М. чорнаваласістай (R. melanolasius) і інш. На Беларусі найб. вядомая М. звычайная. Трапляецца ў сырых лясах, хмызняках, вырошчваюцца сарты Навіна Кузьміна, Новакітаеўская, Ньюбург і інш., ёсць рэмантантныя (пладаносяць увесь вегетацыйны перыяд).

Лістападныя Кусты выш. да 3 м са шматгадовым карэнішчам. Сцёблы аднагадовыя — зялёныя, двухгадовыя — адраўнелыя, з шыпамі. Лісце непарнаперыстае, трайчастае. Кветкі двухполыя, белыя, суквецце — гронка або шчыток. Плод — складаная касцянка, чырв. ці жоўтая, у адрозненне ад ажыны лёгка здымаецца з кветаложа. Плады маюць у сабе 5—7% цукру, 1,5—2% арган. к-т, вітаміны В, С, карацін, флаваноіды, фітастэрыны. Выкарыстоўваюцца свежыя і сушаныя, на кандытарскія вырабы, у медыцыне.

У.П.Пярэднеў.

Да арт. Маліна. Сарты маліны звычайнай: 1 — Навіна Кузьміна; 2 — Новакітаеўская; 3 — Ньюбург.

т. 10, с. 32

МАЛІ́НА ((Molina) Марыо Хасэ) (н. 19.3.1943, Мехіка),

амерыканскі фізікахімік. Скончыў Мекс. нац. ун-т і ун-т у г. Фрайбург (Германія, 1968). У 1968—79 у Каліфарнійскім ун-це. З 1989 праф. Масачусецкага тэхнал. ун-та. Навук. працы па хіміі атмасферы. Устанавіў, што атм. азон раскладаецца фрэонамі, якія шырока выкарыстоўваюцца як холадагенты (разам з Ш. Роўландам, 1974). Нобелеўская прэмія 1995 (разам з П.Крутцэнам, Роўландам).

Б.В.Корзун.

т. 10, с. 33

МАЛІ́НАЎКА,

птушка, гл. Заранка.

т. 10, с. 33

МАЛІ́НАЎКА,

назва р. Вялікі Перакоп у верхнім цячэнні.

т. 10, с. 33

МАЛІ́НАЎКА,

вёска ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Брагінка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПнЗ ад г.п. Лоеў, 87 км ад Гомеля, 65 км ад чыг. ст. Рэчыца. 355 ж., 117 двароў (1999). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 33

МАЛІ́НА НЕ́СКАЯ,

кветкавая расліна, тое, што куманіка.

т. 10, с. 33

МАЛІ́НІН (Мікалай Іванавіч) (20.3.1893, пас. Сафіеўка Бранскай вобл., Расія — 26.2.1977),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З 1921 на сав. і парт. рабоце ў Нароўлі, Рэчыцы, Гомелі. У 1941 сакратар Палескага абкома КП(б)Б, з ліст. 1941 на парт. рабоце ў Алтайскім краі. Са жн. 1943 да лют. 1944 у тыле ворага, сакратар Палескага падп. абкома КП(б)Б. У 1944—60 на парт. рабоце. Чл. ЦК КПБ у 1949—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1951—63.

т. 10, с. 33

МАЛІ́НІН (Міхаіл Сяргеевіч) (28.12.1899, в. Палуціна Антропаўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 24.1.1960),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), ген. арміі (1953). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1931). У Вял. Айч. вайну на Зах., Бранскім, Данскім, Цэнтр., Бел. і 1-м Бел. франтах: нач. штаба механіз. корпуса, арміі, фронту. Удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні аперацый па разгроме фаш. войск у час Беларускай аперацыі 1944. Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі.

М.С.Малінін.

т. 10, с. 33

МАЛІ́НІН (Сяргей Мікалаевіч) (13.6. 1907, Мінск — 20.5.1972),

бел. вучоны-эканаміст, дзярж. дзеяч Беларусі. Д-р эканам. н. (1967), праф. (1967). Скончыў БДУ (1929), Маск. планавы ін-т Дзяржплана СССР (1938). З 1925 у Камуніст. ун-це Беларусі, з 1928 у НДІ арганізацыі і аховы працы ВЦСПС, з 1936 у Ін-це эканомікі АН БССР (з 1946 дырэктар). З 1947 у апараце ЦК КПБ. У 1953—65 старшыня Дзяржплана БССР, адначасова нам. старшыні Савета Міністраў БССР (1955—1958). З 1966 у Бел. дзярж. ін-це нар. гаспадаркі (рэктар), з 1969 у БДУ заг. кафедры палітэканоміі. Навук працы па эканоміцы і планаванні нар. гаспадаркі. Чл. ЦК КПБ, Дэп. Вярх. Савета СССР 5—6-га скл. (1958—66), дэп. Вярх. Савета БССР 3—4-га скл. (1951—59).

Тв.:

Экономика Белорусской ССР и перспективы ее развития. М., 1960 (разам з М.М.Іпам);

Экономическая эффективность общественного производства. Мн., 1970.

т. 10, с. 33