МАЛІ́НА (Rubus),

падрод кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 120 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі. У культуры з 4 ст. Культурныя сарты атрыманы на аснове М. звычайнай, або чырвонай (R. idaeus), М. чорнаваласістай (R. melanolasius) і інш. На Беларусі найб. вядомая М. звычайная. Трапляецца ў сырых лясах, хмызняках, вырошчваюцца сарты Навіна Кузьміна, Новакітаеўская, Ньюбург і інш., ёсць рэмантантныя (пладаносяць увесь вегетацыйны перыяд).

Лістападныя Кусты выш. да 3 м са шматгадовым карэнішчам. Сцёблы аднагадовыя — зялёныя, двухгадовыя — адраўнелыя, з шыпамі. Лісце непарнаперыстае, трайчастае. Кветкі двухполыя, белыя, суквецце — гронка або шчыток. Плод — складаная касцянка, чырв. ці жоўтая, у адрозненне ад ажыны лёгка здымаецца з кветаложа. Плады маюць у сабе 5—7% цукру, 1,5—2% арган. к-т, вітаміны В, С, карацін, флаваноіды, фітастэрыны. Выкарыстоўваюцца свежыя і сушаныя, на кандытарскія вырабы, у медыцыне.

У.П.Пярэднеў.

Да арт. Маліна. Сарты маліны звычайнай: 1 — Навіна Кузьміна; 2 — Новакітаеўская; 3 — Ньюбург.

т. 10, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)