Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЯ́ХАВІЧЫ,

вёска ў Ляскавіцкім с/с Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса. За 7 км на ПнУ ад Іванава, 139 км ад Брэста, 11 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 543 ж., 186 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (1818).

т. 9, с. 436

ЛЯ́ХАЎ (Уладзімір Афанасьевіч) (н. 20.7.1941, г. Антрацыт Луганскай вобл., Украіна),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1979, 1983), лётчык-касманаўт СССР (1979), палкоўнік. Скончыў Харкаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1964), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.Гагарына (1975). З 1967 у атрадзе касманаўтаў. 25.2—19.8.1979 з В.В.Руміным здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-32» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6» (як камандзір; вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз-34»); 27.6—23.11.1983 з А.П.Аляксандравым — палёт на КК «Саюз Т-9» i АС «Салют-7» (як камандзір); 29.8—7.9.1988 з В.У.Паляковым і А.Мамандам — палёт на КК «Саюз ТМ-6» і АС «Мір» (вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз ТМ-5»). Правёў у космасе 333,33 сут.

У.С.Ларыёнаў.

т. 9, с. 437

ЛЯ́ХАЎКА,

вёска ў Любанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на Пд ад г. Любань, 177 км ад Мінска, 50 км ад чыг. ст. Урэчча. 102 ж., 50 двароў (1999). Аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 437

ЛЯ́ХАЎСКІЯ АСТРАВЫ́,

паўднёвая група ў архіпелагу Новасібірскіх астравоў (Расія), на мяжы мораў Лапцевых і Усх.-Сібірскага. Уключаюць а-вы: Вял. Ляхаўскі (пл. 5,3 тыс. км2), М.Ляхаўскі (пл. 1,3 тыс. км2), Сталбавы (пл. 170 км2) і Сямёнаўскі. Ад мацерыка Азія аддзяляюцца пралівам Дзмітрыя Лапцева. Паверхня пераважна раўнінная. Выш. да 270 м (Вял. Ляхаўскі). Шматгадовая мерзлата. Шматлікія яры і тэрмакарставыя азёры. Поліганальная асакова-злакавая тундра, шмат балот. Промысел пясца. Адкрыты ў 1712. Названы ў гонар рус. прамыслоўца І.Ляхава.

т. 9, с. 437

ЛЯ́ХАЎЦЫ,

вёска ў Макранскім с/с Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Рыта. Цэнтр калгаса. За 8 км ад горада і чыг. ст. Маларыта, 60 км ад Брэста. 1179 ж., 440 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік землякам. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (1713).

т. 9, с. 437

ЛЯХЕ́ВІЧ (Генрых Дзеанісьевіч) (н. 1.9.1939, г. Цюрупінск Херсонскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне хім. тэхналогіі. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Львоўскі політэхн. ін-т (1960). З 1969 у Бел. тэхнал. ін-це, з 1982 у БПА. Навук. працы па стварэнні тэхнал. працэсаў і абсталявання па перапрацоўцы другасных палімерных матэрыялаў і карысных выкапняў, па тэарэт. аналізе структуры і надзейнасці гідраізаляцыі мастоў, тунэляў і метрапалітэнаў.

т. 9, с. 437

ЛЯХО́ВІЧ (Валянціна Антонаўна) (н. 3.5.1945, чыг. ст. Дзівенская Гатчынскага р-на Ленінградскай вобл.),

бел. акварэліст; прадстаўніца Віцебскай школы акварэлі. Скончыла Віцебскі пед. ін-т (1969) і выкладае ў гэтым ін-це. Раннія творы, выкананыя ў традыц. жанрах, вылучаюцца лірычнай трактоўкай тэмы: партрэты дзяўчыны (1971), старой (1972), бацькі (1983); пейзажы «Восень» (1966), «Куточак старога Віцебска» (1972), трыпціх «Ранняя вясна» (1976), «Вясна» (1980), «Дрэвы над ракой» (1984), «Стары дом» (1987); нацюрморты «Кветкі зімой» (1987), «Галінка рабіны» (1994) і інш. Творам 1990-х г. уласцівы эмацыянальная выразнасць колеру, гарманічная лінейна-жывапісная арганізацыя кампазіцыі, дэкар. ўпарадкаванасць фармальных элементаў: «Разбураны свет» (1991), «Мігценне думак» (1994), «Ачышчэнне агнём» (1996) і інш.

М.Л.Цыбульскі.

В.Ляховіч. Галіна рабіны. 1994.

т. 9, с. 437

ЛЯХО́ВІЧ (Леў Сцяпанавіч) (15.12.1919, г. Перм, Расія — 19.1.1990),

бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Д-р тэхн. н. (1970), праф. (1971). Скончыў Маскоўскі авіяц. тэхнал. ін-т (1948). З 1959 у БПІ (у 1962—75 прарэктар). Навук. працы па тэхналогіі тэрмічнай апрацоўкі пракату, азатаванні і барыраванні сталі, сіліцыраванні металаў і сплаваў, хіміка-тэрмічнай апрацоўцы металаў.

Тв.:

Повышение стойкости штампового инструмента методами химико-термической обработки. Мн., 1971 (разам з Л.Р.Варашніным, Дз.П.Карпенкам).

т. 9, с. 437

ЛЯХО́ВІЧ (Фелікс Юзафавіч) (22.1.1804, г. Высокае Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 3.12.1878),

удзельнік рэв. руху 1-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Беластоцкай (1818—20), скончыў Свіслацкую гімназію (1824). Заснаваў і кіраваў тайнымі вучнёўскімі т-вамі «Заране» філарэцкага кірунку — спачатку ў Беластоку (1820, першапач. назва «Згодныя сябры»), потым у Свіслачы (1822). У 1826 арыштаваны, пасля 6-месячнага зняволення ў Бабруйскай крэпасці высланы ў 42-і егерскі полк Каўказскага асобнага корпуса. Удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1828—29 і Каўказскай вайне 1817—64. З 1842 у адстаўцы, выконваў абавязкі акцызнага наглядальніка Оўруцкага пав.

В.В.Швед.

т. 9, с. 437

ЛЯ́ЦКІ (Яўген Аляксандравіч) (15.3.1868, Мінск — 7.7.1942),

даследчык бел. фальклору і этнаграфіі, гісторык рус. л-ры. Скончыў Маскоўскі ун-т (1893). Удзельнічаў у фалькл. экспедыцыях на Пн Расіі, у Паволжа, Літву, на Беларусь (Палессе) і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі жыў у Празе, выкладаў у Карлавым ун-це. Збіраў і даследаваў бел. фальклор, нар. міфалогію: арт. «Уяўленні беларуса пра нячыстую сілу» (1890), «Хвароба і смерць ва ўяўленнях беларусаў» (1892) і інш. ў час. «Этнографическое обозрение». Аўтар даследаванняў пра стараж. пісьменнасць і «Слова аб палку Ігаравым», пра А.Пушкіна, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, І.Ганчарова, А.Чэхава, М.Горкага і інш., рэцэнзій на працы М.Доўнар-Запольскага, М.Нікіфароўскага і інш. У 1927—28 у чэш. час. «Slavia» апублікаваў цыкл арт. «Нататкі па беларусазнаўству», у італьян. час. «Rivista de letterature slave» («Часопіс славянскай літаратуры», 1927) — арт. пра творчасць Я.Коласа.

Тв.:

Несколько замечаний к вопросу о пословицах и поговорках. [Ч.] 1—5. СПб., 1897;

Материалы для изучения творчества и быта белорусов: Пословицы, поговорки, загадки. М., 1898;

Материалы по белорусской словесности и языку // Изв. Отд-ния рус. языка и словесности имп. Академии наук. 1904. Т. 9, кн. 4.

І.К.Цішчанка.

Я.А.Ляцкі.

т. 9, с. 437