ІО́ННАЯ ЭМІ́СІЯ,
выпрамяненне іонаў з паверхні цвёрдага цела (эмітэра). Выклікаецца награваннем эмітэра (тэрмаіонная эмісія ці паверхневая іанізацыя) або бамбардзіроўкай першаснымі іонамі (іонна-іонная эмісія), электронамі (электронна-іонная эмісія ці дэсорбцыя электронным ударам) або фатонамі (фотадэсорбцыя). Выкарыстоўваецца для стварэння крыніц іонаў, дыягностыкі паверхні і прыпаверхневага слоя цвёрдых цел і інш.
т. 7, с. 298
ІО́ННЫЯ КРЫШТА́ЛІ,
крышталі з іонным (электрастатычным) характарам сувязі паміж атамамі (гл. Іонная сувязь). Адрозніваюць І.к. з аднаатамных (напр., крышталі галагенідаў шчолачных і шчолачназямельных металаў, утвораныя дадатна зараджанымі іонамі металу і адмоўна зараджанымі іонамі галагену: NaCl, CsCl, GaF2 і інш.) і шмататамных іонаў (напр., нітраты, сульфаты, фасфаты і інш. солі металаў, дзе адмоўныя іоны кіслотных астаткаў складаюцца з некалькіх атамаў). Да І.к. адносяцца таксама сілікаты, у якіх крэмнійкіслародныя радыкалы SiO4 утвараюць ланцугі, слаі ці трохмерны каркас; унутры радыкалаў атамы звязаны кавалентнай сувяззю. І.к., як правіла, дыэлектрыкі, празрыстыя ў бачнай і інфрачырвонай частках спектра; маюць высокія т-ры плаўлення.
т. 7, с. 298
ІО́ННЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
тое, што газаразрадныя прылады.
т. 7, с. 298
ІО́ННЫ АБМЕ́Н,
абарачальны працэс стэхіяметрычнага абмену іонамі паміж іанітам і растворам электраліту.
Прынята разглядаць І.а. як гетэрагенную абменную хім рэакцыю, якая характарызуецца канцэнтрацыйнай канстантай раўнавагі (гл. Раўнавага хімічная). Працэс І.а. мае дыфузійны характар. Каэф. дыфузіі іонаў у іанітах (10−6 см²/с) памяншаецца з павелічэннем зарадаў іонаў і ступені сшытасці іанітаў. Выкарыстоўваюць у цеплавой і атамнай энергетыцы для атрымання абяссоленай вады, у гідраметалургіі пры перапрацоўцы бедных руд каляровых, рэдкіх і высакародных металаў, у аналітычнай хіміі (іонаабменная храматаграфія). Гл. таксама Іонаабменныя смолы.
т. 7, с. 298
ІО́ННЫ РА́ДЫУС,
характарыстыка адлегласцей паміж ядрамі катыёнаў і аніёнаў у іонных крышталях. Эксперыментальныя метады, напр., рэнтгенаўскі структурны аналіз і мікрахвалевая спектраскапія, прыкладна аднолькава ацэньваюць між’ядзерныя адлегласці, але значэнні І.р. для індывід. іонаў істотна адрозніваюцца. Шырока выкарыстоўваюцца ў крышталяхіміі і геахіміі.
т. 7, с. 298
ІО́ННЫ СЦЁК,
вынас цякучымі водамі з вадазбору хім. злучэнняў, якія знаходзяцца ў вадзе ў выглядзе іонаў і складаюць асн. масу раствораных солей (кальцыю Ca2+, магнію Mg2+, натрыю Na+, калію K+, гідракарбанату HCO3− карбанату CO32-, сульфату SO42-, хлору Cl−) на працягу пэўнага часу. Велічыня І.с. выражаецца ў тонах (т/сут, т/мес, т/год). Сумарны І.с. у акіян 5,4 млрд. т/год.
т. 7, с. 298
ІО́НЫ (ад грэч. iōn які ідзе),
электрычна зараджаныя часціцы, якія ўтвараюцца ў выніку страты ці набыцця электронаў атамамі або групамі хімічна звязаных атамаў. Зарад І. кратны элементарнаму эл. зараду. Дадатныя І. наз. катыёнамі (напр., катыёны алюмінію Al3+, амонію NH44+), адмоўныя — аніёнамі (напр., аніёны хлору Cl−, сернай к-ты SO42-). Тэрмін «І.» прапанаваны М.Фарадэем (1834).
У свабодным стане існуюць у газавай фазе (у плазме). У кандэнсаваных фазах звязаны (узаемадзейнічаюць) з часціцамі, што іх акружаюць (І. процілеглага знака ў крышталях і расплавах, з нейтральнымі малекуламі — у растворах; гл. Гідратацыя, Сальватацыя). Асн. структурныя характарыстыкі І. у кандэнсаванай фазе — іонны радыус і каардынацыйны лік. У эл. полі І. пераносяць электрычнасць: катыёны — да адмоўнага электрода (катода), аніёны — да дадатнага (анода); адначасова адбываецца перанос рэчыва, што адыгрывае значную ролю ў электролізе, пры іонным абмене. Удзельнічаюць у хім. рэакцыях (як каталізатары, прамежкавыя часціцы), геахім. працэсах, працэсах абмену рэчываў у жывым арганізме (функцыянаванне біял. мембран, праводнасць нерв. імпульсаў і інш.).
І.В.Боднар.
т. 7, с. 298