Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІО́НІЯ (Iónia),

каланізаваная іанійцамі ў 11—9 ст. да н.э. вобласць у цэнтр. ч. зах. ўзбярэжжа М. Азіі (з прылеглымі астравамі) паміж гарадамі Факея і Мілет. Зручныя гавані садзейнічалі развіццю гандлю і рамяства ў гарадах І., якія знаходзіліся на перакрыжаванні шляхоў паміж Усходам і Захадам. Высокая культура гарадоў І. паўплывала на культ. развіццё ўсёй Грэцыі. У 6 ст. да н.э. тэр. І. заваявана Лідыяй, пасля 546 — персамі, у 4 ст. да н.э. пад уладай Македоніі, з 2 ст. да н.э. — Рыма. Радзіма філосафаў Фалеса, Анаксімандра, Анаксімена, паэтаў Гамера, Анакрэонта, гісторыкаў Герадота, Дыянісія Галікарнаскага.

т. 7, с. 297

ІО́НКЕРС (Yonkers),

горад на Атлантычным узбярэжжы ЗША, у штаце Нью-Йорк. Паўн. жылы прыгарад Нью-Йорка на левым беразе р. Гудзон. Засн. ў 1641 галандцамі, горад з 1855. 183,5 тыс. ж. (1994). Прам-сць: машынабуд. (электронныя кампаненты, фотаапараты, пішучыя машынкі, падшыпнікі), лёгкая, цукр., фармацэўтычная.

т. 7, с. 297

ІО́ННАЯ О́ПТЫКА,

сукупнасць метадаў і прылад для стварэння сфакусіраваных іонных пучкоў і кіравання імі. Прылады І.о. маюць крыніцы іонаў і факусіравальныя прылады на аснове эл. і магн. палёў. Гл. таксама Электронная і іонная оптыка.

т. 7, с. 297

ІО́ННАЯ ПРАВО́ДНАСЦЬ у біялагічных сістэмах,

працэс абумоўлены ў асн. дыфузіяй іонаў; мае важнае значэнне ў транспарце рэчываў паміж асобнымі клетачнымі структурамі, у генерыраванні і правядзенні біял. імпульсаў і стварэнні рознасці патэнцыялаў паміж асобнымі арганеламі клеткі, яе знешнім і ўнутр. асяроддзем. Сумарную І.п. (у асн. для калію К+, натрыю Na​+, хлору Cl​) ацэньваюць па формуле, што ўлічвае іонныя градыенты, каэфіцыенты пранікальнасці іонаў і мембранную рознасць патэнцыялаў. У тэорыі генерыравання біяэлектрычных патэнцыялаў для патокаў асобных іонаў карыстаюцца паняццем парцыяльнай І.п.

т. 7, с. 297

ІО́ННАЯ СУ́ВЯЗЬ,

тып хімічнай сувязі, якая ўтвараецца за кошт дзеяння электрастатычных (кулонаўскіх) сіл паміж процілегла зараджанымі іонамі. Іоны ўтвараюцца з атамаў элементаў у выніку пераносу валентнага электрона ад атама элемента з нізкім іанізацыі патэнцыялам да атама элемента з вялікай роднасцю да электрона. Характэрна для хім. злучэнняў найб. актыўных металаў (шчолачных, шчолачназямельных і інш.) з тыповымі неметаламі (у асн. галагенамі). Такія злучэнні (напр., хларыд калію K​+Cl​, фтарыд цэзію Cs​+F​) існуюць пераважна ў выглядзе крышт. рэчываў — іонных крышталёў і пры растварэнні ў палярных растваральніках дысацыіруюць на іоны.

т. 7, с. 297

ІО́ННАЯ ТЭО́РЫЯ ЎЗБУДЖЭ́ННЯ,

тэорыя, што звязвае ўзнікненне ўзбуджэння з рухам іонаў праз паверхневую мембрану ўзбудлівай клеткі. Узбуджэнне абумоўлена павышэннем выбіральнай пранікальнасці мембраны ў адносінах да паза- і ўнутрыклетачных іонаў. У іх аснове складаныя фіз.-хім. (ферментатыўныя, структурныя, эл., тэмпературныя) працэсы.

т. 7, с. 297

ІО́ННАЯ ЭМІ́СІЯ,

выпрамяненне іонаў з паверхні цвёрдага цела (эмітэра). Выклікаецца награваннем эмітэра (тэрмаіонная эмісія ці паверхневая іанізацыя) або бамбардзіроўкай першаснымі іонамі (іонна-іонная эмісія), электронамі (электронна-іонная эмісія ці дэсорбцыя электронным ударам) або фатонамі (фотадэсорбцыя). Выкарыстоўваецца для стварэння крыніц іонаў, дыягностыкі паверхні і прыпаверхневага слоя цвёрдых цел і інш.

т. 7, с. 298

ІО́ННЫЯ КРЫШТА́ЛІ,

крышталі з іонным (электрастатычным) характарам сувязі паміж атамамі (гл. Іонная сувязь). Адрозніваюць І.к. з аднаатамных (напр., крышталі галагенідаў шчолачных і шчолачназямельных металаў, утвораныя дадатна зараджанымі іонамі металу і адмоўна зараджанымі іонамі галагену: NaCl, CsCl, GaF2 і інш.) і шмататамных іонаў (напр., нітраты, сульфаты, фасфаты і інш. солі металаў, дзе адмоўныя іоны кіслотных астаткаў складаюцца з некалькіх атамаў). Да І.к. адносяцца таксама сілікаты, у якіх крэмнійкіслародныя радыкалы SiO4 утвараюць ланцугі, слаі ці трохмерны каркас; унутры радыкалаў атамы звязаны кавалентнай сувяззю. І.к., як правіла, дыэлектрыкі, празрыстыя ў бачнай і інфрачырвонай частках спектра; маюць высокія т-ры плаўлення.

т. 7, с. 298

ІО́ННЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

тое, што газаразрадныя прылады.

т. 7, с. 298

ІО́ННЫ АБМЕ́Н,

абарачальны працэс стэхіяметрычнага абмену іонамі паміж іанітам і растворам электраліту.

Прынята разглядаць І.а. як гетэрагенную абменную хім рэакцыю, якая характарызуецца канцэнтрацыйнай канстантай раўнавагі (гл. Раўнавага хімічная). Працэс І.а. мае дыфузійны характар. Каэф. дыфузіі іонаў у іанітах (10​−6 см²/с) памяншаецца з павелічэннем зарадаў іонаў і ступені сшытасці іанітаў. Выкарыстоўваюць у цеплавой і атамнай энергетыцы для атрымання абяссоленай вады, у гідраметалургіі пры перапрацоўцы бедных руд каляровых, рэдкіх і высакародных металаў, у аналітычнай хіміі (іонаабменная храматаграфія). Гл. таксама Іонаабменныя смолы.

т. 7, с. 298