Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІДРЫ́СІ, аль-Ідрысі Абу Абдалах Мухамед ібн Мухамед (1100, г. Сеута, Марока — 1161 або 1165), арабскі географ і падарожнік. Адукацыю атрымаў у Кордаве. Вандраваў па Партугаліі, Францыі, Англіі, М. Азіі. З 1138 жыў у Палерма. На аснове сваіх назіранняў і звестак, атрыманых ад падарожнікаў, купцоў, паломнікаў, у 1154 склаў вял. каляровую карту свету на 70 аркушах (падзяліў Зямлю на 7 кліматаў, 10 частак у кожным клімаце) з суправаджальным тэкстам пад назвай «Забава таго, хто сумуе аб вандроўках па абласцях». Тэр. Беларусі на карце прадстаўлена ў асноўным на аркушы 65-м (паводле класіфікацыі аўтара, 5-я секцыя VII клімату). Пазначаны г. Мінск («Муніска») — першая выява горада на карце. Праца І. з’явілася вяршыняй класічнай араб. картаграфіі.

т. 7, с. 166

І́ДЫ (лац. Idus),

у старажытнарымскім календары назва 15-га дня ў сакавіку, маі, ліпені, кастрычніку і 13-га дня ў астатніх месяцах. І. былі прысвечаны Юпітэру, якому ў гэтыя дні прыносілі ў ахвяру авечку. Па І. рымляне (як і па календах) вялі лік дзён унутры месяца.

т. 7, с. 166

ІДЫЁМА (ад грэч. idiōma своеасаблівы выраз) у мовазнаўстве, складанае па структуры моўнае адзінства з цэласным семантычным зместам. У вузкім сэнсе — фразеалагічнае зрашчэнне (гл. Фразеалагізм). Састаўныя ідыяматычных адзінстваў наз. кампанентамі, у І. яны страчваюць сваё звычайнае значэнне (напр., «сабаку з’есці» — мець вял. навык, вопыт у чым-н.).

Вылучаюцца марфалагічныя І. — словы, значэнне якіх не абумоўлена сукупнасцю значэнняў іх марфем; лексічныя І. — спалучэнні двух і больш слоў пастаяннага лексіка-грамат. складу, злітнае значэнне якіх не вынікае са зместу асобных кампанентаў; сінтаксічныя І. — простыя або складаныя канструкцыі, агульнае значэнне якіх не вынікае з сумы значэнняў форм і ўласцівых ім сінтакс. адносін. І. — сродак выразнасці і вобразнасці мовы. Вывучае І. ідыяматыка.

І.Р.Шкраба.

т. 7, с. 166

ІДЫ́ЛІЯ (ад грэч. eidyllion карцінка),

1) спакойнае, нічым не засмучанае, шчаслівае існаванне (часам — у іран. сэнсе).

2) У літаратуры жанравая разнавіднасць букалічнай паэзіі; верш з апісаннем спакойнага, сціплага жыцця звычайна на ўлонні прыроды. Стваральнік жанру стараж.-грэч. паэт Феакрыт. Яго І. вылучаюцца тонкасцю пачуццяў, майстэрствам адлюстравання быт. тыпаў і замалёвак прыроды, ідэалізацыяй побыту пастухоў, рыбакоў, сялян, што выклікала вял. колькасць перайманняў. У бел. паэзіі выкарыстоўваліся толькі ідылічныя матывы (вершы «Ціхі і сіні блішча над хатай...» М.Багдановіча, «Вясна», «Як я полем іду...» Я.Купалы, «Усход сонца», «Каханне» Я.Коласа і інш.).

А.С.Шаўчэнка.

т. 7, с. 166

І́ДЫШ,

адна з германскіх моў (зах.герм. падгрупа); мова значнай часткі яўрэяў, якія жывуць у Беларусі, Польшчы, Літве, Украіне, ЗША, Канадзе, краінах Лац. Амерыкі і інш. У Ізраілі І. актыўна выцясняецца іўрытам. Асн. дыялекты — польскі, літоўска-бел. і ўкр. (аснова літаратурнай мовы). Склалася ў 10—14 ст. на базе аднаго з верхненям. дыялектаў. Увабрала шмат стараж.-яўр. элементаў (арамейскіх і іўрыт), а пасля перасялення яўрэяў на У Еўропы і слав. элементы лексікі, фанетыкі, сінтаксісу, словаўтварэння. Літ. мова першапачаткова выкарыстоўвалася ў рэліг. мэтах, з сярэдзіны 19 ст. — у маст. л-ры (гл. Яўрэйская літаратура). Графіка — арфаграфічная сістэма на базе яўрэйскага пісьма ў асноўным паводле фанет. прынцыпу з абазначэннем галосных.

А.Я.Супрун.

т. 7, с. 166

ІДЫЯАДАПТА́ЦЫЯ (ад грэч idios свой, своеасаблівы + адаптацыя),

аламарфоз, прыватнае прыстасаванне арганізмаў да пэўных умоў жыцця ў канкрэтным знешнім асяроддзі. Адпаведны кірунак эвалюцыйных пераўтварэнняў наз. алагенезам. У процілегласць арамарфозу і рэгрэсіўным зменам — катамарфозу І. не адбіваецца істотна на агульным узроўні арганізацыі. Звычайна І. вядзе да пашырэння арэала групы арганізмаў, падзелу яе на вял. колькасць роднасных сістэм адзінак. Прыклады І.: розныя прыстасаванні камароў да паразітызму, раслін — да распаўсюджвання насення, розныя тыпы дзюб у птушак у сувязі з выкарыстаннем разнастайнага корму і спосабаў яго здабывання і інш.

т. 7, с. 166

ІДЫЯЛЕ́КТ (ад грэч. idios свой, своеасаблівы + дыялект),

індывідуальная мова, мова асобы з індывідуальнымі, уласцівасцямі толькі ёй фармальнымі, семантычнымі і стылістычнымі асаблівасцямі; адна з самых істотных і адметных характарыстык чалавека. Тэрмін ужываецца побач з тэрмінамі дыялект, сацыялект, нацыялект і ўказвае на індывід. асаблівасці ў адрозненне ад тэр., сац., нац., прафес. асаблівасцей мовы. З’яўляецца аб’ектам вывучэння сацыя- і нейралінгвістыкі, псіхалогіі, паэтыкі, стылістыкі, крыміналістыкі, графалогіі, сцэн. майстэрства і інш. Асаблівае значэнне мае для відаў мастацтва, дзе маст. вобраз ствараецца пры дапамозе слова — маст. л-ра (аўтарскі стыль пісьменніка служыць яскравым сведчаннем індывід. моўнага майстэрства), тэатральнае мастацтва (індывідуалізаванае маўленне сцэн. герояў) і інш.

А.Я.Міхневіч.

т. 7, с. 166

ІДЫЯМАРФІ́ЗМ (ад грэч. idios свой, своеасаблівы + грэч. morphe форма),

уласцівасць зерняў мінералаў прымаць пры крышталізацыі толькі ім характэрныя крышталеграфічныя рысы (агранку). Найб. выражаны І. у мінералаў, што крышталізуюцца на пачатковай стадыі фарміравання горных парод з лёгкарухомага асяроддзя (расплаваў, гідратэрмальных раствораў), або ў мінералаў з вельмі высокай крышталізацыйнай уласцівасцю (метакрышталі), якая ўзнікае ў цвёрдым асяроддзі нават на позняй стадыі фарміравання горных парод, асабліва метамарфічных. Ідыяморфныя мінералы: палявыя шпаты, кварц, пірыт і інш.

т. 7, с. 166

ІДЫЯСІНКРАЗІ́Я (ад грэч. idios свой, своеасаблівы + synkrasis змешванне),

празмерная індывідуальная рэакцыя на раздражняльнікі, якія ў большасці людзей не выклікаюць падобных з’яў. У аснове І. прыроджаная павышаная адчувальнасць вегетатыўнай нерв. сістэмы да пэўных раздражняльнікаў ці рэакцыя арганізма на паўторныя слабыя ўздзеянні рэчываў, што не здольныя выпрацоўваць у ім антыцелы. У адрозненне ад алергіі І. можа развівацца і ад першага кантакту з раздражняльнікамі. Прыкметы І.: галаўны боль, павышэнне т-ры цела, часам псіхічнае ўзбуджэнне, расстройствы функцыі органаў стрававання, ацёк слізістых абалонак і скуры, крапіўніца.

т. 7, с. 166

ІДЫЯТЫ́П,

сукупнасць усіх спадчынных фактараў арганізма, якая ўключае генатып, плазмон і пластом (у зялёных раслін). Характарызуецца спецыфічнасцю дзеяння, адносным пастаянствам да ўплыву навакольнага асяроддзя, здольнасцю да аднаўлення сваіх субадзінак шляхам ідэнтычнай рэдуплікацыі.

т. 7, с. 166