Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЛУ́ШЧАВЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,

скурныя залозы жывёл і чалавека, якія выдзяляюць скурны тлушч, што ахоўвае скуру і валасы ад высыхання. Развіваюцца з эпітэлію валасяных фалікулаў, размешчаны па ўсёй скуры. У чалавека Т.з. найб. насычана скура валасістай ч. галавы, шчок, падбародка (400—900 на 1 см²). Сакрэт Т.з. забяспечвае эластычнасць і непранікальнасць скуры для вады, некат. мікраарганізмаў, хім. рэчываў і інш. Сакрэт Т.з. некат. жывёл мае характэрны пах (гл. Мускусныя залозы); у кітападобных Т.з. прадстаўлены спецыфічнай анальнай залозай. Функцыі Т.з. рэгулююцца палавымі гармонамі. У самцоў Т.з. буйнейшыя, чым у самак, выдзяляюць больш сакрэту. Захворванні Т.з. чалавека — атэрома, вугры, себарэя.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 478

ТЛУ́ШЧАВЫ АБМЕ́Н, ліпідны абмен,

сукупнасць працэсаў пераўтварэнняў тлушчаў у арганізме чалавека і жывёл. Уключае ператраўліванне і ўсмоктванне тлушчаў і прадуктаў іх распаду ў страўнікава-кішачным тракце, прамежкавы Т.а., выдаленне з арганізма. Ліпіды забяспечваюць да 40% агульнай колькасці калорый, выконваюць пластычную функцыю пабудовы мембран клетак і інш. Найб. важныя ліпіды — трыацылгліцэролы (ТАГ) або нейтральныя тлушчы. Расшчапленне тлушчаў расл. і жывёльнага паходжання ў дарослых людзей пачынаецца ў кішэчніку (у грудных дзяцей у страўніку). Пад уплывам жоўці адбываецца эмульгаванне тлушчаў і актывацыя ліпазы. ТАГ расшчапляюцца да ды-, монагліцэрыдаў, гліцэрыны і тлустых кіслот. 25—30% эмульгаваных тлушчаў усмоктваецца кішэчнікам і пераходзіць у кроў без змены. Тлустыя к-ты ўсмоктваюцца ў комплексе з жоўцевымі к-тамі. Частка гліцэрыны і тлустых к-т у слізістай абалонцы кішэчніка ідзе на рэасінтэз тлушчаў, астатняя пераходзіць у кроў і лімфу.

Прамежкавы Т.а. уключае расшчапленне ТАГ у тканках з утварэннем вышэйшых тлустых к-т і гліцэрыны, мабілізацыю тлустых к-т з тлушчавых дэпо, іх акісленне, утварэнне кетонавых цел, біясінтэз вышэйшых тлустых к-т і інш. Тлустыя к-ты паступаюць у органы і тканкі, далей акісляюцца ў цыкле трыкарбонавых к-т. Каля 30% тлустых к-т затрымліваецца ў печані пры аднаразовым праходжанні праз яе. У печані ўтвараюцца ліпапратэіды рознай шчыльнасці, якія ўдзельнічаюць у Т.а. ўсіх органаў і тканак. Сінтэз ТАГ ажыццяўляецца гал. чын. у тлушчавай тканцы, печані, сценцы кішэчніка. Асн. шлях выдалення тлушчу — праз скуру з сакрэтамі сальных і потавых залоз, невял. ч. — з фекаліямі, мачой. Т.а. узмацняецца пры фіз. нагрузцы, галаданні, ахаладжэнні і інш. стрэсавых уздзеяннях.

Літ.:

Кучеренко Н.Е., Васильев А.Н. Липиды. Киев, 1985;

Липовецкий Б.М. Клиническая липидология. СПб., 2000.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 478

ТЛУШЧАМАЛО́ЧНАСЦЬ,

адносна ўстойлівая, спадчынная селекцыйная прыкмета с.-г. жывёл, колькасць тлушчу ў іх малацэ. Залежыць ад відавых, пародных, індывід. асаблівасцей, зоны развядзення, умоў утрымання, пары года, спосабаў даення і інш. З узростам жывёлы Т. мяняецца нязначна. Сярэдняя колькасць тлушчаў у малацэ кароў 3,9%, коз 4,3%, авечак 7,2%, свіней 5,9%, буйвалаў 7,7%, вярблюдаў 5%, коней 1,8%, асліц 1,7%, паўн. аленяў 18,7%. Сярод буйн. раг. жывёлы Т. найб. высокая ў джэрсейскай (5—7%), найб. нізкая ў чорна-пярэстай (3,75%) парод. Паляпшаюць Т. скрыжаваннем кароў з нізкай Т. і быкоў тлушчамалочных парод. Асн. крыніца ўтварэння малочнага тлушчу — кармы з вял. колькасцю лёгказасваяльных вугляводаў (крухмалу, цукроў), з дастатковай колькасцю бялку, тлушчаў, мінер. рэчываў, вітамінаў.

т. 15, с. 478

ТЛУШЧА́НКА (Pinguicula),

род кветкавых раслін сям. плывунцовых. Каля 45 відаў. Пашыраны ў нетрапічных паясах Паўн. паўшар’я. Растуць у вільготных месцах. На Беларусі 1 від — Т. звычайная (P. vulgaris), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца на мохавых нізінных балотах і забалочаных лугах.

Шматгадовыя травяністыя насякомаедныя расліны выш. да 20 см. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, суцэльнае, сульцэльнакрайняе, ільснянае, нібы змазанае тлушчам (адсюль назва). На лісці галоўчатыя залозкі 2 тыпаў; адны пакрытыя ліпкай вадкасцю для прынаджвання і лоўлі насякомых, другія — выдзяляюць пратэалітычныя ферменты, якія ператраўліваюць бялкі насякомых. Кветкі двухполыя, няправільныя, адзіночныя, на верхавінцы кветаноснай стрэлкі, жоўтыя, блакітныя, сіне-фіялетавыя, ружовыя. Плод — каробачка. Лісце Т. выкарыстоўваюць для скісання малака. Лек. і дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Тлушчанка: 1 — звычайная; 2 — лузітанская.

т. 15, с. 478

ТЛУШЧАПО́Т воўны,

сумесь выдзяленняў тлушчавых і потавых залоз скуры авечак. Захоўвае воўну ад уздзеяння вільгаці, мех. забруджвання і інш., спрыяе лепшаму захаванню фіз.-хім. уласцівасцей воўнавых валокнаў. У воўне мерыносавых авечак 30—40% Т., паўтанкарунных 12—20%, грубашэрсных каля 4%. Пры недахопе Т. воўна робіцца сухой, страчвае бляск; пры лішку — памяншаецца выхад чыстай воўны. Т. выкарыстоўваюць для атрымання ланаліну.

т. 15, с. 478

ТЛУШЧАХВО́СТЫЯ АВЕ́ЧКІ,

група парод авечак, якія маюць тлушчавыя адклады ў хвасце. Паводле даўж. і формы хваста Т.а. падзяляюцца на кароткатлушчахвостых (бурацкая, мангольская, кулундзінская і інш. грубашэрсныя пароды Сібіры) і доўгатлушчахвостых (каракульская парода, грузінская танкарунная, кучугаўская, асецінская, балбас, карачаеўская, валошская, тушынская і інш.). Тлушчавыя адклады ў хвасце — рэзервовая крыніца жыўлення авечак у перыяды недахопу кармоў зімой і піцця летам, таксама дадатковая крыніца мясной прадукцыі.

т. 15, с. 478

ТЛУ́ШЧЫ,

рэчывы расліннага (тлустыя алеі) або жывёльнага паходжання, якія складаюцца пераважна з трыгліцэрыдаў — поўных эфіраў гліцэрыны і тлустых кіслот. Агульная ф-ла трыгліцэрыдаў R′OCOCH2—CH(OCOR″)—CH2OCOR‴, дзе R′, R″, R‴ — радыкалы тлустых кіслот. У састаў Т. уваходзяць трыгліцэрыды неразгалінаваных насычаных, а таксама мона- і поліненасычаных тлустых кіслот з цотным (ад 4 да 26) лікам атамаў вугляроду. Т. маюць таксама ды- і монагліцэрыды (1—3%; гл. Гліцэрыды), фосфаліпіды, глікаліпіды і дыольныя ліпіды (0,5—3%), свабодныя тлустыя к-ты, стэрыны і іх эфіры (0,05—1,7%), вітаміны A, D, E і K. Разам з вугляводамі і бялкамі Т. ўваходзяць у састаў жывёльных і раслінных арганізмаў (гл. Тлушчавы абмен).

Жывёльныя Т. — цвёрдыя або вадкія рэчывы, шчыльн. 900—970 кг/м³. Цвёрдыя Т. ёсць у тканках наземных млекакормячых і птушак, вадкія — у тканках марскіх млекакормячых і рыб, а таксама ў касцях і капытах наземных жывёл. У састаў цвёрдых Т. уваходзяць пераважна трыгліцэрыды насычаных кіслот (пальміцінавай C15H31COOH і стэарынавай C17H35COOH) і монаненасычанай C17H33COOH алеінавай к-ты. Вадкія Т. маюць значную колькасць трыгліцэрыдаў поліненасычаных кіслот. Т. плавяцца ў інтэрвале т-р (напр., для свінога Т. tпл22—48 °C, для барановага — 44—55 °C), кіпяць з раскладаннем у высокім вакууме (пры ціску ~0,1 Па tкіп-250 °C). Раствараюцца ў большасці арган. растваральнікаў; у вадзе не раствараюцца, утвараюць з ёй устойлівыя эмульсіі (напр., малако). Пры дзеянні перагрэтай вадзяной пары, мінер. кіслот і ферментаў Т. гідралізуюцца з утварэннем гліцэрыны і свабодных тлустых кіслот, пры дзеянні шчолачаў — амыляюцца (гл. Амыленне); па падвойных сувязях ненасычаных кіслот далучаюць вадарод (гл. Гідрагенізацыя), галагены і інш. Атрымліваюць Т. вытопліваннем з сала-сырцу пераважна сухім (бязводны) ці мокрым (у прысутнасці гарачай вады пад ціскам) спосабамі. Выкарыстоўваюць жывёльныя Т. як харч. прадукты і сыравіну для атрымання такіх прадуктаў, у вытв-сці мыла і мыйных сродкаў, тлустых кіслот, гліцэрыны, касметычных сродкаў, змазачных матэрыялаў, як дабаўкі да высыхальных алеяў у вытв-сці пакостаў і алкідных смол, у медыцыне (крыніца вітаміну A) і сельскай гаспадарцы (падкормка для жывёл).

Літ.:

Беззубов Л.П. Химия жиров. 3 изд. М., 1975;

Технология переработки жиров. М., 1985.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 15, с. 478