Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЛІ, тлёвыя (Aphidinea),

падатрад паразітычных сысучых насякомых атр. раўнакрылых. 11 сям., каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. — ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Жывуць пераважна калоніямі. Асобныя віды прыстасаваны да пэўных раслін-гаспадароў і іх частак. Многія Т. шкодзяць раслінам, у т. л. с.-г.; пераносчыкі ўзбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. На Беларусі трапляюцца прадстаўнікі 2 надсям.: сапраўдныя тлі (Aphidoidea) і хермесавыя (Adelgoidea); найб. — прадстаўнікі родаў афіс (Aphis), ацыртасіфан (Acyrthosiphon), капітафорус (Capitophorus), макрасіфум (Macrosiphum) і інш.

Даўж. да 6 мм. Цела яйцападобнае, авальнае або падоўжанае, зверху пукатае. Крылаў 2 пары, ёсць бяскрылыя формы. Вусікі 3—6-членікавыя з органамі пачуццяў. Ротавы апарат колюча-сысучы. Скурнае покрыва тонкае, мяккае, у некат. з васковым налётам. Афарбоўка звычайна пад колер раслін. Вочы складаныя або простыя. Характэрны рэзка выражаны полімарфізм, чаргаванне палавога і партэнагенет. пакаленняў. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год 2—25 пакаленняў. Выдзяленнямі Т. кормяцца многія насякомыя, іх збіраюць пчолы як падзевы мёд.

С.​Л.​Максімава.

Тлі: 1 — бульбяная вялікая; 2 — лісцевая галавая; 3 — бурачная; 4 — агрэставая (а — самец; б — самка).

т. 15, с. 477