Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПУРУ́С (Purús),

рака ў Перу і Бразіліі, правы прыток р. Амазонка. Даўж. 3200 км, пл. басейна 365 тыс. км². Пачынаецца ў перадгор’ях Андаў, у Мантаньі, цячэ па Амазонскай нізіне ў вельмі звілістым рэчышчы. Разводдзе ў сак.—красавіку. Сярэдні расход вады 12,6 тыс. м³/с. Суднаходная.

т. 13, с. 126

ПУРЦАЛА́ДЗЕ (Антон Мікалаевіч) (13.11.1839, с. Мерэты Гарыйскага р-на, Грузія — 17.11.1913),

грузінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1858. У апавяданнях і аповесці «Прыгода трох» (1889) выступаў супраць сац. несправядлівасці. У рамане «Мацы Хвітыя» (1870) крытыкаваў разлад сярод феадалаў, што прывяло Грузію да паліт. і эканам. заняпаду. Аўтар трагедыі «Вялікі Маўраві, ці Георгій Саакадзе» (1869) і гіст. нарыса «Георгій Саакадзе і яго час». Аўтар літ.крытычных артыкулаў.

т. 13, с. 126

ПУРЫ́ЗМ (франц. purisme ад лац. purus чысты),

імкненне ачысціць літаратурную мову ад іншамоўных запазычанняў, неалагізмаў, а таксама ад ненарматыўных лексічных і граматычных элементаў (напр., народна-размоўных, прастамоўных, дыялектычных). У шырокім сэнсе — залішне строгія, непрымірымыя адносіны да любых запазычанняў, навізны і наогул да ўсіх выпадкаў скажэння і вольнага выкарыстання мовы. Характэрны для перыядаў найб. актыўнага фарміравання і станаўлення нац. літ. моў; звязаны з сац.-гіст., паліт. і культ. працэсамі, з бурным фарміраваннем нацый або перыядамі нац. адраджэння. У бел. мове тэндэнцыі П. найб. выразна праявіліся ў 1920-я г., калі адбывалася актыўнае фарміраванне лексічных, арфаграфічных, грамат. норм сучаснай бел. літ. мовы. Яны выражаліся ў выкарыстанні замест іншамоўных запазычанняў і інтэрнацыяналізмаў шырока вядомых агульнаслав., усх.-слав. і рус. лексем дыялектнай і вузкарэгіянальнай лексікі, у стварэнні некат. штучных неалагізмаў на бел. моўным матэрыяле. Значнае выражэнне атрымалі ў тагачаснай распрацоўцы бел. навук. тэрміналогіі: «красленне» (чарчэнне), «кругадрэз» (сегмент), «пэўнік» (аксіёма). Падобныя тэрміны звычайна прапаноўваліся ў якасці варыянтаў і выносіліся на суд грамадскасці і часу. Імкненне найб. поўна выкарыстаць нац. моўныя сродкі не прыводзіла да якіх-н. крайнасцей. Асобныя выпадкі П. ў тэрмінатворчасці, што вялі да абмежаванасці моўных сродкаў, ізаляванасці бел. мовы, перашкаджалі яе ўзбагачэнню сродкамі інш. моў, не зацвердзіліся і не паўплывалі на фарміраванне бел. тэрміналогіі і сучаснай бел. мовы ў цэлым.

Л.​А.​Антапюк.

т. 13, с. 126

ПУРЫ́ЗМ у мастацтве,

плынь у франц. жывапісе 1910—20-х г. Заснавальнікі і гал. прадстаўнікі — А.​Азанфан і Ле Карбюзье. У сваім маніфесце «Пасля кубізму» (1918) яны адвяргалі дэкаратывісцкія тэндэнцыі кубізму 1910-х г. і прынятую ім адвольную дэфармацыю натуры, дэкларавалі стварэнне мастацтва дэкаратыўнага паводле сваёй мэты і крайне строгага па форме, ачышчанага ад дэталей і ўскладненняў. У творах, якія вызначаліся падкрэсленай плоскаснасцю, плаўнай рытмікай паўпразрыстых сілуэтаў і контурных абрысаў наўмысна аднатыпных прадметаў, пурысты імкнуліся да рацыяналістычна дакладнай перадачы ўстойлівых прадметных форм, выяўлення першасных элементаў, на ўспрыняцце якіх затрачваўся б мінімум энергіі. У эстэтыцы П. склаліся прынцыпы функцыяналізму.

т. 13, с. 126

ПУ́РЫН (Пурынь) Павел Паўлавіч

(12.2.1911, в. Рэчыца Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 7.5.1977),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае артыл. вучылішча (1932), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі імя Дзяржынскага. У Чырв. Арміі з 1928. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, 2-м і 1-м Укр. франтах. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Ўкраіны, Малдовы, Прагі, штурму Берліна. Артыл. брыгада на чале з палк. П. вызначылася 27.1.1945, калі фарсіравала Одэр, скавала дзеянні праціўніка і дала магчымасць сапёрам аднавіць мост для пераправы сав. падраздзяленняў і баявой тэхнікі на плацдарм. Да 1956 у Сав. Арміі.

П.П.Пурын.

т. 13, с. 126

ПУРЫ́НЫ,

група арганічных гетэрацыклічных рэчываў, вытворных пурыну (араматычнага біцыклічнага злучэння, утворанага кандэнсаванымі ядрамі пірымідзіну і імідазолу). Найб. пашыраны амінапурыны або пурынавыя асновы (адэнін, гуанін) і гідраксіпурыны (мачавая кіслата, гіпаксанцін, ксанцін), якія з’яўляюцца прадуктамі распаду амінапурынаў. Да П. адносяцца таксама алкалоіды кафеін і тэабрамін (метыліраваныя вытворныя ксанціну) і адэназінтрыфосфарная кіслата. Утвараюцца ў арганізме і паступаюць з прадуктамі харчавання. Біясінтэз П. пачынаецца з рыбоза-5-фасфату — прадукту пентозафасфатнага цыкла. Прыгнечанне біясінтэзу пурынавых нуклеатыдаў прыводзіць да тармажэння росту. Канчатковым прадуктам распаду П. у чалавека і большасці жывёл з’яўляецца мачавая к-та.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 126

ПУ́РЫС (Барыс Ісаевіч) (н. 9.7.1937, г. Калінкавічы Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гідрадынамікі. Д-р тэхн. н. (1991). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1960). З 1965 у Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні гідрадынамічных заканамернасцей абцякання восесіметрычных цел. Эксперыментальна пацвердзіў механізм уздзеяння палімерных дабавак на структуру турбулентнага патоку. Распрацаваў тэхнал. метады ачысткі вады ад дробных дамешкаў з выкарыстаннем гідрадынамічнай кавітацыі.

Тв.:

Некоторые эффекты крупномасштабных регулярных структур в пристенных турбулентных потоках (у сааўт.) // Процессы турбулентного переноса. Мн., 1985;

Интенсификация технологических процессов гидродинамической кавитацией (у сааўт.) // Процессы переноса в турбулентных течениях. Мн., 1988.

т. 13, с. 127

ПУРЫТАНІ́ЗМ (ад лац. puritas чысціня),

плынь у кальвінізме, паслядоўнікі якой выступалі за паглыбленне Рэфармацыі, праведзенай зверху ў выглядзе англіканства (гл. Англіканская царква), супраць каралеўскага абсалютызму. Існаваў у 16—17 ст. ў Англіі. Пурытане вызначаліся рэліг. фанатызмам, заклікалі да аскетызму, маральнай і фіз. чысціні. Падзяляліся на памяркоўную (прэсвітэрыяне) і радыкальную (кангрэгацыяналісты) плыні. П. стаў ідэалаг. абгрунтаваннем рэвалюцыі 1640—53 (гл. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя), у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі абедзвюх плыней.

т. 13, с. 127

ПУРЫШКЕ́ВІЧ (Уладзімір Мітрафанавіч) (24.8.1870, Кішынёў — лют. 1920),

расійскі паліт. дзеяч. Адзін з заснавальнікаў чарнасоценнага Саюза рускага народа (1905), пасля расколу якога ўзначаліў Саюз Міхаіла Архангела (1908). Дэп. 2—4-й Дзярж. думы, быў адным з лідэраў крайне правых. У 1-ю сусв. вайну патрабаваў «моцнай улады» для дасягнення перамогі. Удзельнік забойства Р.Я.Распуціна (30.12.1916). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 выступаў за разгон Саветаў і аднаўленне манархіі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 узначаліў антыбальшавіцкую змову ў Петраградзе. Арыштаваны і прыгавораны сав. судом да прымусовых работ. Пасля амністыі (1.5.1918) супрацоўнічаў з белагвардз. рухам на Пд Расіі, выдаваў у Растовена-Доне газ. «Благовест».

Тв.:

Дневник «Как я убил Распутина». М., 1990 [рэпр. выд.: Рига, 1924].

т. 13, с. 127

Пурэцкі Юлій Платонавіч

т. 18, кн. 1, с. 441