ПУРЫ́ЗМ у мастацтве,
плынь у франц. жывапісе 1910—20-х г. Заснавальнікі і гал. прадстаўнікі — А.Азанфан і Ле Карбюзье. У сваім маніфесце «Пасля кубізму» (1918) яны адвяргалі дэкаратывісцкія тэндэнцыі кубізму 1910-х г. і прынятую ім адвольную дэфармацыю натуры, дэкларавалі стварэнне мастацтва дэкаратыўнага паводле сваёй мэты і крайне строгага па форме, ачышчанага ад дэталей і ўскладненняў. У творах, якія вызначаліся падкрэсленай плоскаснасцю, плаўнай рытмікай паўпразрыстых сілуэтаў і контурных абрысаў наўмысна аднатыпных прадметаў, пурысты імкнуліся да рацыяналістычна дакладнай перадачы ўстойлівых прадметных форм, выяўлення першасных элементаў, на ўспрыняцце якіх затрачваўся б мінімум энергіі. У эстэтыцы П. склаліся прынцыпы функцыяналізму.
т. 13, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)