Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПО́РК’ЮПАЙН (Porcupine),

рака ў Канадзе і ЗША (на Алясцы), правы прыток р. Юкан. Даўж. 953 км, пл. басейна 78 тыс. км². Вытокі ў гарах Нахані (сістэма Макензі). Сярэдні расход вады 320 м³/с, летняе разводдзе. Ледастаў ад кастр. да крас.—мая. У межах Аляскі суднаходная для дробных суднаў.

т. 12, с. 512

ПО́РПЛІШЧА,

вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Докшыцы—Глыбокае, чыг. раз’езд на лініі Маладзечна—Полацк. Цэнтр сельсавета і племзавода «Порплішча». За 10 км на ПнЗ ад г. Докшыцы, 197 км ад Віцебска. 784 ж., 279 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Порплішчанская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 12, с. 512

ПО́РПЛІШЧАНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства 1-й пал. 17 ст. ў в. Порплішча Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Пабудавана ў 1627, перабудавана ў 1794 з элементамі класіцызму. Крыжова-купальны храм з планам у выглядзе лац. крыжа. Зрубы накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі. Над сяродкрыжжам масіўны 8-гранны светлавы барабан, завершаны гранёным купалам з галоўкай. Абапал 5-граннага алтарнага зруба невял. прамавугольныя ў плане рызніцы. У 1883 да гал. фасада прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца з бабінцам у ніжнім ярусе, накрытая невысокім 4-схільным шатром.

Т.​В.​Габрусь.

Порплішчанская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 12, с. 512

ПОРТ (франц. port ад лац. portus гавань, прыстань),

участак берага мора, возера, ракі з зацішнай прылеглай воднай плошчай (акваторыяй) для падыходу і стаянкі суднаў, з інжынернымі будынкамі і збудаваннямі для прычалу, пагрузачна-разгрузачных работ і інш.

Паводле прызначэння П. бываюць ваен., гандл., прамысл., П.-сховішчы, П.-марскія станцыі, суднарамонтныя і суднабудаўнічыя. На Беларусі рачныя П.: Гомельскі, Брэсцкі, Віцебскі, Гродзенскі, Бабруйскі, Магілёўскі, Пінскі, Мазырскі, Мікашэвіцкі, Рэчыцкі.

т. 12, с. 513

ПО́РТА, Высокая Порта, Бліскучая Порта (франц. Porte, італьян. Porta літар. дзверы, брама),

назва ўрада Асманскай імперыі ў еўрап. дыпламат. дакументах і літаратуры. Паходзіць ад назвы тур. султанскага палаца.

т. 12, с. 513

ПО́РТА ((Porta) Джакама дэла) (каля 1540, Рым — 1602),

італьянскі архітэктар. Вучань Мікеланджэла, зазнаў уплыў Дж.Віньёлы. Будаваў пераважна ў Рыме. Пераасэнсоўваў прынцыпы італьян. дойлідства эпохі Адраджэння, імкнуўся да напружаных прасторавых вырашэнняў і ўнутр. дынамізму ў духу ранняга барока. Кіраваў буд-вам сабора св. Пятра (з 1573), узвёў гал. купал, якому надаў эліпсападобную форму (1586—93). Закончыў паводле праекта Віньёлы царкву Іль Джэзу і стварыў яе барочны фасад (1575). Удзельнік буд-ва ансамбля пл. Капітолія (1563—90-я г.). Пабудаваў ун-т у Рыме («Сапіенца»; каля 1575) і вілу Альдабрандзіні ў Фраскаці (1598—1600, дабудавана К.​Фантанам).

Дж. дэла Порта. Віла Альдабрандзіні ў Фраскаці. 1598—1600.

т. 12, с. 513

ПО́РТА (Пётр Антонавіч) (1780 — пасля 1865),

бел. архітэктар. Па паходжанні швейцарац. Працаваў губ. архітэктарам у г. Разань (Расія; 1821—24). У 1830—35 архітэктар Полацкага кадэцкага корпуса, у 1834—42 полацкі епархіяльны архітэктар. Сярод работ: перабудова б. езуіцкага касцёла ў правасл. сабор св. Мікалая ў Полацку (1831—38), праект мураванай 5-купальнай царквы для г. Лепель (1835), перабудова паводле свайго праекта мураванага будынка б. езуіцкага вучылішча ў Віцебску для мужчынскага духоўнага вучылішча (1841). Праектаваў таксама драўляныя цэрквы (у в. Курылава Себежскага пав. Віцебскай губ., цяпер Пскоўская вобл., Расія; 1840), грамадз. дзярж. пабудовы, прыватныя жылыя дамы.

В.​М.​Чарнатаў.

т. 12, с. 513

ПО́РТА-НО́ВА (Porto Novo),

горад, сталіца Беніна. Знаходзіцца на беразе Гвінейскага зал. 200 тыс. ж. (1999). Марскі порт, чыг. ст., вузел аўтадарог. Прам-сць: харч. (пераважна перапрацоўка пладоў алейнай пальмы), мылаварная, лёгкая. Саматужная і рамесніцкая вытв-сць. База рыбалоўства. Этнагр. музей.

У 16 ст. на месцы П.-Н. партугальцы заснавалі гандл. факторыю. З канца 17 ст. сталіца дзяржавы народнасці фон. У 1-й пал. 18 ст. падпарадкаваны Каралеўствам Дагамея. У 1883 захоплены французамі. З 1894 сталіца франц. калоніі Дагамея. З 1960 сталіца незалежнай Рэспублікі Дагамея (з 1975 Рэспублікі Бенін).

т. 12, с. 513

ПО́РТА-ФРА́НКА, порт-франка (ад італьян. porto franco свабодны порт),

порт, горад або прыморская вобласць, у межах якіх дазваляецца свабодны, бязмытны ўвоз і вываз замежных тавараў. Прыкладам такой зоны ў 19 ст. служыла Адэса, якая на працягу 40 гадоў разам з прылеглай да яе тэрыторыяй была вылучана з агульнай мытнай тэр. Рас. імперыі. У гэтай зоне дазвалялася выгружаць, захоўваць, перапакоўваць і перапрацоўваць тавары без пошлін і абмежаванняў, пакуль іх не вывозілі ў глыб Расіі.

т. 12, с. 513

ПО́РТЛЕНД (Portland),

горад на ПнУ ЗША, у штаце Мэн. Засн. ў 1623. 62,8 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 200 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт (увоз нафты) на Пн Атлантычнага ўзбярэжжа. Міжнар. аэрапорт. База рыбалоўнага флоту. Гандл.-фін. цэнтр штата. Прам-сць: эл.-тэхн., радыёэлектронная, металаапр., суднабуд. і суднарамонтная, харч. (у т. л. перапрацоўка рыбы), гарбарна-абутковая, цэлюлозна-папяровая, вытв-сць прамысл. абсталявання і стралк. зброі. Ун-т. Музей Г.​Лангфела, які нарадзіўся ў П.​Турызм.

т. 12, с. 513