ПЕКІ́НСКІ ТРАКТА́Т 1860,
расійска-кітайскі дагавор. Падпісаны 14 ліст. ў Пекіне. Пацвердзіў і развіў Айгунскі дагавор 1858 і Цяньцзіньскі трактат 1858. Усталяваў усх. рас.-кіт. граніцу па рэках Амур, Усуры, Сунгача, воз. Ханка і далей па гарах да р. Тумыньцзян. Вызначыў рас.-кіт. граніцу ў Сіньцзяні (канчаткова вызначана Пецярбургскім дагаворам 1881). Уводзіў бязмытны рас.-кіт. гандаль на ўсім працягу рас.-кіт. мяжы, Расія атрымала права на прызначэнне рас. консулаў у гарады Кашгар і Ургу.
т. 12, с. 259
ПЕКІ́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна са старэйшых і буйнейшых ВНУ Кітая. Засн. ў 1898 як Вышэйшая школа, з 1911 П.у. У час нац.-вызв. вайны 1937—45 знаходзіўся ў эвакуацыі ў г. Куньмін. У выніку рэарганізацый у 1945, 1952, 1977 да яго далучаны некаторыя ф-ты інш. ВНУ Пекіна, шэраг ф-таў ун-та пераўтвораны ў самастойныя ін-ты. У 1995/96 навуч. г. больш за 12 тыс. студэнтаў; ф-ты: матэматыкі; тэорыі імавернасці і статыстыкі; механікі; фізікі; геафізікі; прыкладной фізікі; радыёэлектронікі; камп’ютэрных навук; хіміі; біялогіі; геалогіі; геаграфіі; псіхалогіі; кіт. мовы і л-ры; гісторыі; археалогіі; філасофіі; знешняй палітыкі; эканомікі; менеджменту ў эканоміцы; права; бібліятэчнай справы і інфарматыкі; сацыялогіі; усх. моў і л-ры; зах. моў і л-ры; англ. мовы; рус. мовы і л-ры; палітыкі і адм. кіравання. У складзе ун-та выд-ва, б-ка (4 млн. тамоў).
В.М.Навумчык.
т. 12, с. 259
ПЕКІ́НСКІ ЧАЛАВЕ́К,
устарэлая назва разнавіднасці Homo erectus. Гл. ў арт. Сінантрап.
т. 12, с. 259
ПЕ́КЛА,
месца знаходжання душ грэшнікаў, асуджаных на вечныя пакуты (паводле большасці рэліг. вучэнняў). Уяўленні пра П. ўзніклі з першапачатковых вераванняў у замагільнае існаванне душы. З развіццём рэлігіі паняцце «П.» пачало разумецца як месца для душ памерлых грэшнікаў. У стараж.-грэч. міфалогіі ў царстве ценяў (царстве памерлых) самай змрочнай часткай быў Тартар — месца знаходжання злыдняў. У іудаізме першапачаткова П. (шэол) — падземная частка, куды зыходзілі цені памерлых грэшнікаў і праведнікаў. Пазней склалася ўяўленне пра П. як месца, дзе пакутуюць выключна душы грэшнікаў. Вучэнне пра вечнасць пакут грэшнікаў у П. зацверджана на царк. саборы ў 533. У Новым запавеце ёсць папярэджанне аб Страшным судзе і апісанне стыхій П.: агонь, цемра, боль, плач. У апакрыфічнай л-ры часам даецца дэталізаваная карціна П. У «Боскай камедыі» Дантэ 9 колаў П. ў залежнасці ад цяжкасці грахоў складаюць своеасаблівую іерархію асуджаных. У процілегласць П. праведныя хрысціяне насяляюць рай. Паняццю аб П. блізкія нарака (індуісцкае, будыйскае), джаханам (мусульманскае).
т. 12, с. 260
ПЕ́КУР (Павел Аляксеевіч) (26.2.1909, Вільня — 1.12.1982),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1949). Скончыў драм. курсы ў Мінску (1932). З 1932 у БДТ-1 (з 1944 Бел. дзярж. т-р імя Я.Купалы). Выканаўца роляў шырокага дыяпазону. Мастацтву ўласцівы дакладнасць сцэн. малюнка, драм. тэмперамент, шчырасць, мяккія сакавітыя інтанацыі. Стварыў шмат разнапланавых характараў: у бел. драматургіі — Нодэльман, Даніла Дрыль, Скробат («Канец дружбы», «Партызаны», «Людзі і д’яблы» К.Крапівы), Аляксандр Сяргеевіч («Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Корань («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Верхаводка («Гэта было ў Мінску» А.Кучара); класічнай — Меркуцыо («Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), настаўнік філасофіі, Валер («Мешчанін у дваранах», «Скупы» Мальера), Крогстад («Нора» Г.Ібсена), Пеця Трафімаў («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Гарэцкі, Дармедонт («Ваўкі і авечкі», «Позняе каханне» А.Астроўскага), Мітрафанушка («Недаростак» Дз.Фанвізіна) і інш.
Г.Г.Коваль.
т. 12, с. 260
ПЕКЦІ́НЫ, пекцінавыя рэчывы,
кіслыя поліцукрыды расліннага паходжання. Ёсць у сценках клетак, міжклетачным рэчыве, клетачным соку раслін; назапашваюцца ў сакавітых пладах і караняплодах. Аснова малекулы П. — полігалактуронавая к-та. Найб. значэнне мае пекцін, які дае студні ў насычаным (65—70%) растворы цукру пры наяўнасці арган. к-т. Атрымліваюць П. з яблыкаў, скуркі цытрусавых пладоў і інш. Выкарыстоўваюць у кандытарскай і харч. прам-сці, медыцыне.
т. 12, с. 260